Наведаць кавалак Гродзеншчыны замежнікі змогуць без візы ўжо з 26 кастрычніка. Палажэнне аб парадку наведвання замежнікамі парка “Аўгустоўскі канал” зацвердзіў 17 кастрычніка Савет міністраў. Hrodna.life разабраў Пастанову №827 саўміна, каб арыентавацца ў ёй было прасцей.
1. Якія дакументы трэба мець пры сабе замежніку, каб трапіць у Беларусь без візы?
– пашпарт ці іншы дакумент, прызначаны для выезду за мяжу
– дакумент на права наведвання парка “Аўгустоўскі канал”
У дакуменце на права наведвання парка ўказваецца час побыту і праграма падарожжа.
Дакумент выглядае вось так: для індывідуальных турыстаў, для груп.
2. Як атрымаць дакумент на права наведвання Аўгустоўскага каналу?
Трэба звярнуцца да тураператара.
У электроннай ці пісьмовай форме вы дасылаеце наступныя звесткі:
– прозвішча, імя, імя па бацьку (калі ёсць)
– дата нараджэння
– грамадзянства (падданства)
– серыя і нумар пашпарта
– пол
Тураператары забяспечваюць перадачу інфармацыі пра замежніка ў органы памежнай службы не пазней, чым за 24 гадзіны да запланаванай паездкі.
Уезд на тэрыторыю Беларусі праходзіць праз памежныя пункты пропуску «Лясная» («Рудаўка») і «Брузгі» («Кузніца Беластоцкая») – на мяжы з Польшчай; «Прывалка» («Швяндубрэ»), «Прывалка» («Райгардас») – на мяжы з Літвой.
Пры гэтым турысту трэба мець з сабой не менш за дзве базавыя велічыні (42 BYN) на кожны дзень знаходжання ў краіне.
3. Што рабіць замежніку, які згубіў дакумент на права наведвання парку?
Трэба звярнуцца да тураператара, які прадаставіў турпаслугі, каб атрымаць дублікат дакумента.+
4. Што рабіць, калі згубіў дакумент для выезда з Беларусі?
Звярнуцца ў бліжэйшы орган унутраных справаў Беларусі, то бок – у міліцыю. У выпадку стыхійных бедстваў ці іншых надзвычайных сітуацый, якія замінаюць выехаць з краіны ў патрэбны тэрмін, турысту таксама варта звяртацца ў органы ўнутраных справаў Беларусі.
Знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі замежнікі змогуць толькі цягам пяці дзён і толькі на тэрыторыі парка “Аўгустоўскі канал”. За парушэнне гэтых умоў можна атрымаць адміністрацыйнае наказанне.
Пастанова набудзе моц з 26 кастрычніка 2016 года і будзе дзейнічаць да 31 снежня 2017 года.
hrodna.life