Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" просіць старшыню Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанку весці ўсе пасяджэнні парламента на беларускай мове. Пра гэта гаворыцца ў лісце, накіраваным Андрэйчанку старшынёй ТБМ Алегам Трусавым.
"Мы ведаем вас як беларускага патрыёта, які шануе нашу мову, гісторыю і культуру, – гаворыцца ў лісце. – Мы не сумняваемся, што вы падзяляеце наступнае выказванне кіраўніка нашай дзяржавы: "Мы – нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці – гэта мова". У сувязі з гэтым просім Вас весці ўсе пасяджэнні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на дзяржаўнай беларускай мове".
На думку Трусава, было б добра, каб дэпутаты атрымлівалі адразу ўсе законапраекты ў адпаведнасці з Канстытуцыяй на дзвюх дзяржаўных мовах і прымалі іх адначасова.
"Такім чынам мы ўмацуем аўтарытэт нашага парламента, што паспрыяе павышэнню яго іміджу як у нашай краіне, так і за мяжой", – гаворыцца ў лісце.
ТБМ таксама прапануе стварыць на Першым канале Беларускага тэлебачання пастаянную праграму "Парламенцкая гадзіна", якую "з цікавасцю будуць глядзець усе выбаршчыкі, каб ведаць, што канкрэтна робяць іх абраннікі ў Палаце прадстаўнікоў і як бароняць іх інтарэсы".
Варта адзначыць, што намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім абраная дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 6-га склікання.