З заклікам адрадзіць сядзібу аднаго з заснавальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу Язэпа Драздовіча ў ягоным былым шляхецкім засценку Пунькі на Глыбоччыне (Віцебская вобласць) выступіў выбітны беларускі мастак і грамадскі дзеяч Мікола Купава.
Пра гэта Мікола Купава заявіў 15 кастрычніка падчас вандроўкі пуцявінамі вялікага беларуса – мастака, скульптара, этнографа, археолага і педагога Язэпа Драздовіча, што адбылася з нагоды 128-годдзя з дня ягоных народзінаў (13 кастрычніка 1888 года) на Глыбоччыне.
Да вандроўкі далучыліся аднадумцы – лінгвіст Наталля Качаноўская і сувязіст Уладзімер Джэйгала з Мінску, грамадская дзяячка Ада Райчонак, краязнаўцы Уладзіслаў Ляскоўскі і Аляксей Петухоў з Шаркоўшчынскага раёна, паэтка Марыя Баравік, краязнаўца Мар’ян Місевіч з жонкай Людмілай, мастак Віктар Арочка, журналісты Таццяна Смоткіна і Зміцер Лупач з Глыбоччыны.
Разам з жыхарамі вёскі Ліпляны яны наведалі магілу вялікага адраджэнца на мясцовых могілках, дзе ўсклалі і высадзілі кветкі. Вандроўнікі пабывалі на месцы, дзе нарадзіўся Язэп Драздовіч, – у засценку Пунькі, што знаходзіцца прыкладна ў 2 кіламетрах на поўдзень ад Ліплян.
Як зазначыў ініцыятар вандроўкі Мікола Купава, Пунькі захоўвалі прыстойны выгляд да пачатку стагоддзя, пакуль там жыў засцянковы шляхцюк Артур Адахоўскі. У ягонай гаспадарцы было ўсё патрэбнае для самастойнага існавання, а выжыў спадар Артур пад саветамі толькі таму, што хаваўся ад іх пераследу ў Галубіцкай пушчы. Пасля скону гэтага гаспадара Пунькі здзічэлі.
Здзічэлы засценак Пунькі – малая радзіма творцы
Мікола Купава захацеў вярнуць гэта знакавае для Беларусі месца і звярнуўся з лістом да міністра культуры Барыса Святлова, які падтрымаў мастака.
Мікола Купава прапануе стварыць у Пуньках мемарыяльную сядзібу-музей “Радзіма Язэпа Драздовіча” з мастацкімі, літаратурнымі і этнаграфічнымі зборамі.
Распрацоўку мастацкай часткі праекту Мікола Купава бярэ на сябе. Для рэалізацыі гэтай задумы ён лічыць неабходным узяць тэрыторыю засценку пад ахову дзяржавы, спыніць там усялякія гаспадарчыя працы, зрабіць абмеры і план Пунек, аднавіць іхны былы краявід, правесці археалагічныя даследаванні на месцы сядзібы Язэпа Драздовіча.
Мікола Купава звярнуў увагу на тое, што мясцовыя ўлады супраць гэтага праекту, і таму праігнаравалі запрашэнне паўдзельнічаць у вандроўцы.
Ада Райчонак распавяла пра стварэнне ў роднай вёсцы Германавічы Грамадскага культурна-асветнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча, Музея мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча, што з 1996 года праводзяць пленэры памяці мастака. Спадарыня Ада паведаміла, што дагэтуль у вёсцы Дворнава Шаркоўшчынскага раёну жывуць унучатыя пляменніцы Язэпа Драздовіча – Марыя Баравік і Караліна Шыпіла – дзеці брата мастака, земляроба Гаруся, пахаванага ў Лужках. Маці Язэпа пахаваная ў Германавічах, а старэйшы брат Кастусь – у Дворнаве.
Паводле словаў далёкага сваяка мастака Чэся Карчэўскага, калі б у яго былі грошы, была б даўно адроджаная сядзіба Язэпа Драздовіча. “Бо духоўна ён мне вельмі блізкі. Гэты вандроўнік , як і я, любіў гісторыю нашага краю і неба над ім, беларускую мову, родную зямлю з азёрамі, крыніцамі, лясамі, палямі, сенажацямі і лугамі, з кожнай сцежачкай, дрэвам, кустом і травінкаю”, – падкрэсліў спадар Чэсь.
Марыя Баравік прачытала свае вершы ў гонар вечнага вандроўніка і назвала тых, каго сабраў Язэп Драздовіч, ягонымі духоўнымі сваякамі, а Наталля Качаноўская звярнула ўвагу на вялікую ролю, што адыгрывае гістарычная беларуская сімволіка, у тым ліку бел-чырвона-белыя стужачкі, значкі з нацыянальным сцягам і гістарычным гербам “Пагоня” ў выхаванні моладзі, якая часцяком нават і не ведае, што гэтыя сімвалы ў 1991–1995 гадах былі дзяржаўнымі ў Рэспубліцы Беларусь.
Мікола Купава запрасіў удзельнікаў вандроўкі зноў сабрацца на радзіме Язэпа Драздовіча вясною наступнага года, каб талакою распачаць працы па адраджэнні сядзібы вялікага беларуса ў Пуньках.
Вандроўнікі шчыра ўдзячныя годнаму нашчадку старадаўняга роду беларускай шляхты гербу “Котвіч” Уладзімеру Джэйгалу, які за стырном машыны забяспечыў вандроўку на 500-кіламетровым маршруце Мінск–Глыбокае–Ліпляны–Пунькі–Перадолы–Мінск.
Марат Гаравы, «Новы Час»