«Я ўдзячны і бацькам, і Богу…» – вечар да 80-годдзя Генадзя Бураўкіна

13 верасня ў мінскім музеі Максіма Багдановіча прайшоў вечар памяці Генадзя Мікалаевіча. На сустрэчы прэзентавалі кнігу «Перадусім Беларусь: згадваючы Генадзя Бураўкіна», у якой сабраныя гутаркі, успаміны, эсэ, дзённікі і прысвячэнні.

Друкарская машынка Генадзя Мікалаевіча

На вечарыне сабраліся самыя блізкія людзі, якія асабіста ведалі Генадзя Мікалаевіча, любяць яго паэзію. У імпрэзе ўдзельнічалі Барыс Пятровіч, Андрэй Мельнікаў, Зміцер Вайцюшкевіч, Васіль Зуёнак, Сяргей Законнікаў, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Алесь Ліпай, Станіслаў Шушкевіч і іншыя, вядоўцам быў Міхась Скобла.

Заля музея не змагла змясціць усіх жадаючых ушанаваць памяць паэта – прыйшлі болей за сто чалавек

Загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Вольга Гулева

Да гэтага мерапрыемства была зроблена выстава асабістых рэчаў, фотаздымкаў, кніг паэта і яго друкарскай машынкі – невялікая частка таго, што аддала музею Юлія Якаўлеўна Бураўкіна.

Вядоўца вечарыны Міхась Скобла

Укладальнік прэзентаванага зборніка Сяргей Шапран

Аб тым, як узнікла «Перадусім Беларусь», расказаў яе ўкладальнік Сяргей Шапран:

«Быў май, апошні май Генадзя Бураўкіна. Родныя, сябры ведалі: ён знаходзіцца ў такім стане, што не хоча нікога бачыць. Але раптам – тэлефонны званок. Гэта быў Бураўкін, папрасіў прыйсці хутчэй. У яго былі тры нечаканыя просьбы. Першая – зрабіць кнігу вершаў апошняга часу. Прычым Генадзь добра ведаў, што з ім адбываецца і колькі яму засталося, таму прызначыў тэрмін – два тыдні. Другая просьба датычылася дзённікаў, пра якія нават Юлія Якаўлеўна не ведала. Генадзь Мікалаевіч сказаў, што іх можна будзе надрукаваць “праз пяць год, пасля таго як…” – гэтую фразу ён не скончыў. І трэцяя просьба – прыходзіць да яго штодня і размаўляць пад дыктафонны запіс».

На вечар памяці таксама запрашалі яшчэ аднаго з аўтараў кнігі – Нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч. Яна не змагла прыехаць, таму што зараз знаходзіцца ў ЗША, аднак даслала ліст.

«Думкамі ў гэты дзень буду разам з вамі. Генадзь Мікалаевіч быў чэсны, светлы, таленавіты чалавек. Як іх сёння не хапае – Адамовіча, Быкава, Бураўкіна».

У цэнтры: удава паэта Юлія Бураўкіна, побач справа Васіль Зуёнак

Падчас вечара дэманстраваліся рэдкія фота з сямейнага архіву Бураўкіных

Выступае Старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Барыс Пятровіч

Міхась Скобла нагадаў, што гэтая вечарына, прымеркаваная да 80-годдзя Генадзя Мікалаевіча, не першая. Тыдзень таму ў Віцебску – ва ўніверсітэце імя П. Машэрава і ў дзяржаўнай бібліятэцы – адбыліся яшчэ дзве сустрэчы. Адным з арганізатараў гэтых мерапрыемстваў было ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

«Важна, каб кніжка выйшла, калі яе чакаюць, і гэта разумеў сам Генадзь Мікалаевіч, калі ўзяўся ўкладаць кніжку ўспамінаў пра Васіля Быкава. Колькі патрачана часу, нерваў, намаганняў! Але ён сказаў тады, што гэтая кніга павінна быць – і яна ёсць. Калі ў апошнія травеньскія дні мы сустракаліся з Генадзем Мікалаевічам, ён казаў, што трэба, каб такая кніга вышла таксама і пра Рыгора Барадуліна – вельмі турбаваўся пра гэта. Мабыць, “Перадусім Беларусь” выйшла крыху раней, але кніга ўспамінаў пра Рыгора Іванавіча таксама робіцца і неўзабаве выйдзе. Спадзяюся, прыйдзе час, калі гэтыя выданні – пра Генадзя Бураўкіна, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна – будуць у кожнай хаце», – адзначыў Старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Барыс Пятровіч.

 

Зміцер Вайцюшкевіч напісаў у супрацы з Генадзем Бураўкіным песню, якая з першых нот авалодвае сэрцамі слухачоў.

Зміцер Вайцюшкевіч

Уверсе: выступае Андрэй Мельнікаў; унізе: Станіслаў Шушкевіч

Уладзімір Някляеў

Радкі верша «Калыханка» Уладзіміра Някляева з захапленнем слухаў увесь зал. «Добра, што мы не паміраем разам», – выказаў думку паэт аб вечнасці творчасці і хуткабежнасці жыцця.

Маладыя ваўкі! Піце матчыну кроў з малаком!.. Даганяйце па следзе, што ў кожным паэтавым сне Чырванее на лёсе, на лёне, на белым, як смерць, палатне…

Уверсе: Анатоль Вярцінскі, унізе: Сяргей Законнікаў, Алесь Ліпай

Уверсе: выступае Васіль Зуёнак; унізе: скульптура, макет помніка Генадзю Бураўкіну

Прагучалі песні на вершы Генадзя Бураўкіна ў выкананні Зміцера Вайцюшкевіча і Андрэя Мельнікава.

Адной з лепшых была кранальная кампазіцыя пра маму, якая натхніла ўдзельнікаў вечарыны сустрэцца са сваімі бацькамі. Таксама вельмі шчырай атрымалася песня, якая распавядала гісторыю кахання Генадзя Мікалаевіча да жонкі, Юліі Якаўлеўны.

Уладзіміра Арлова не было на вечарыне, таму Міхась Скобла сам адзначыў адзін яго добры ўспамін пра Генадзя Мікалаевіча з кнігі «Перадусім Беларусь»:

«Генадзь і Уладзімір выступалі ў Полацку, на радзіме абодвух, і Генадзь Мікалаевіч перад студэнтамі сказаў: “Каб адчуць родную зямлю, трэба часцей хадзіць па ёй басанож”. Адбылася гэтая сустрэча, вышлі яны на ганак, а там студэнты паразуваліся і ходзяць па траве босымі. Вось што значыць слова, слова паэта!»

Напрыканцы вечарыны Юлія Якаўлеўна перадала музею невялікую скульптуру Генадзя Бураўкіна, якую зрабіў Эдуард Астаф’еў у 1978 годзе. Мабыць, яна сапраўды хутка ператворыцца ў вялікі помнік, які будзе стаяць, напрыклад, на плошчы Калініна. Але памяці пра Генадзя Бураўкіна не патрэбен камень, яна жыве ў сэрцах ужо зараз.

Алена Босава, Фота Віка Трэнас, для lit-bel.org


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение