«Возера радасці» ў Магілёве

З прэзентацыяй новага рамана “Возера радасці” Магілёў наведалі ягоны аўтар Віктар Марціновіч і паэт Віталь Рыжкоў, які преакладаў раман з расейскай мовы.

Падчас сустрэчы Віктар Марціновіч больш падрабязна распавёў пра свой новы раман, нават крыху раскрыў таямніцы сюжэта, каб дадаць інтрыгі чытачам, якія возьмуцца за кнігу.

Пасля расповед перахапіў Віталь Рыжкоў. Ён расказаў пра складанасці і асаблівасці перакладу прозы Марціновіча. «Возера радасці» – ужо не першая кніга ўзгаданага аўтара, над якой папрацаваў Віталь. Магчыма, адпаведны ўзрост ды і факт таго, што яны нейкім чынам нават землякі – Рыжкоў родам з Магілёва, а Марціновіч у дзяцінстве летнія месяцы праводзіў у сваёй бабулькі на Магілёўшчыне, адбіваецца на вельмі дакладным разуменні пісьменніка перакладчыкам. Гэта адзначыў і сам аўтар: Віталю ўдаецца перакладаць тэкст фактычна без зменаў аўтарскіх задумаў, як і перадаваць агульны настрой ды атмасферу кнігі.

Далей ужо сам аўтар адказваў на шматлікія пытанні з залы. Размова зайшла не толькі пра новы раман і пра ранейшыя творы, якія заўсёды выклікалі вялікі розгалас і цікаўнасць у чытачоў, але і агулам пра творчасць і дзейнасць Віктара Марціновіча, бо ён займаецца не толькі літаратурнай творчасцю. Былі пытанні і наконт стану сучаснай беларускай літаратуры, асабліва ў параўнанні з развіццём пісьменніцтва ў нашых суседзяў, пра адносіны замежнага чытача да твораў беларускіх аўтараў.

Трэба дадаць, што на сустрэчы таксама было шмат нашых маладых магілёўскіх літаратараў, былі розныя размовы і пасля асноўнай часткі, і, безумоўна, вялікая чарга ўтварылася па аўтограф маладога, але ўжо фактычна класіка нашай нацыянальнай літаратуры.

Пасля імпрэзы наш карэспандэнт пагутарыў з госцем нашага горада:

Алесь Сабалеўскі, Вячаслаў Сікора, 6tv.by