Шлях да Скарыны

Пад час святкавання XXIII Дня беларускага пісьменства у Рагачове пачаўся адлік апошняга году перад святкаваннем 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Будучы юбілей будзе адзначацца шырока. Анансуючы яго, выступаючы адным з ініцыятараў падрыхтоўкі да свята, шэраг імпрэзаў ладзіла ў Рагачове Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

У прыватнасці, 4 верасня на пляцоўцы Фестывалю кнігі і прэсы прэзентавалася дзіцячая трохтомная энцыклапедыя «Францыск Скарына». Гэта вынік сумеснай працы намесніка дырэктара НББ Алеся Сушы і выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі». Тры тамы энцыклапедыі падрыхтаваны на аснове найноўшых даследаванняў, багатага ілюстрацыйнага матэрыялу. Гэта аповед пра жыццёвы шлях і спадчына першадрукара. Кнігі «Францыск Скарына – чалавек-энцыклапедыя», «Францыск Скарына – чалавек свету», «Францыск Скарына – чалавек-легенда» раскрыюць веліч асобы беларускага асветніка.

У той жа дзень у Рагачове ўрачыста адкрываўся Дом кнігі, у дар Рагачоўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі перадаў шматтомнае факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Як вядома, агульнанацыянальны праект па перавыданні кніг першадрукара разлічаны на 2013-17 гады і прымеркаваны да будучага юбілею. Камплекты кніг выходзяць у свет – і перадаюцца ў дар бібліятэкам, музеям і архівам Беларусі ды іншых краін.

Нацыянальная бібліятэка разгарнула ў Рагачоўскай ЦРБ (Доме кнігі) экспазіцыяю «500 гадоў беларускага кнігадрукавання». Госці свята змаглі ўбачыць узоры беларускага кнігадрукавання XVII–XX стагоддзяў. А на дзіцячай пляцоўцы Фестывалю кнігі і прэсы НББ прадставіла жыхарам і гасцям горада пазнавальна-забаўляльную праграму «Пазітыў ад Скарыны».

«Голас Радзімы»