Каля дзьвюх соцен беларусаў сабраліся ў кнігарні «Акадэмкніга» на маўклівую аўтограф-сесію з пісьменнікам Віктарам Марціновічам. Набыць кнігу як на мове арыгіналу, так і на беларускай мове можна ў кнігарні.
«Не трэба думаць, што кніга дэпрэсіўная. Кніга насамрэч светлая, не забывайцеся пра гэта, калі будзеце чытаць», – папярэдзіў Віктар. Сустрэча пісьменніка з чытачамі запланавана на 27 верасня.
«Возера Радасці» – пятая кніга Марціновіча і, паводле прызнання аўтара, «самы шчыры і самы дарослы раман з напісаных дагэтуль», а таксама «спроба прыбраць фільтры, якія існуюць паміж сэрцам і мастацкім тэкстам». Пераклад на беларускую мову здзейсніў літаратар Віталь Рыжкоў. Пераклад і выданне сталі магчымымі дзякуючы падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі».
Як паведамляе анатацыя, «гэты раман – road movie, маршрут якога пралягае праз Мінск, Тарасава, Вільню і нават Месяц. Летапіс пакалення, што згубілася ў складцы паміж ліквідацыяй ВЛКСМ і яго ўрачыстым адраджэннем. Кніга пра непазбежнасць сталення, а таксама пра тое, якія нечалавечыя намаганні трэба прыкласці, каб застацца».
Вікторыя Чаплева, «Новы Час»