– З мелодыямі Айчыны не скоцімся ў лагчыны! – менавіта так казалі на лявонпальска-мілашоўскім вяселлі летам 1969 года.
І далучалі:
– Радзіму-песню маем, і слых свой не губляем!
Амаль што праз 50 год жыхары вёскі Лявонпаль і яе наваколляў зноў пачулі знаёмыя сэрцу песні і найгрышы.
4 верасня ў межах праекта «Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні» аб 11.00 у касцёле Маці Божай Шкаплернай в. Мілашова (Віцебская вобл., Мёрскі р-н) адбыўся ўрачысты канцэрт і прэзентацыя музычнага кампакт-дыску «Песні і найгрышы вяселля вёскі Лявонпаль і яе наваколляў у запісах Сяргея Панізніка 1968–1969 гадоў». Імпрэза адбылася ў рамках кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Каля хаты, дзе адбывалася вяселле. 2016 г.
Кружэлка складаецца з вясельных песень і найгрышаў, якія былі запісаныя ў экспедыцыях беларускім паэтам і краязнаўцам Сяргеям Панізнікам у Мёрскім раёне Віцебскай вобласці (вёскі Лявонпаль, Бабышкі, Даўгінава). Гэтыя песні спявалі больш за паўстагоддзя таму, з імі святкавалі вяселлі, іх перадавалі з вуснаў у вусны.
Сяржук Доўгушаў у касцёле.
Дыск з’яўляецца ўнікальным, таму што частка песень была запісана ў аўтэнтычных умовах на сапраўдным вяселлі Яўгеніі Шадурскай і Франца Адамовіча, якое адбывалася ў Лявонпалі 18–19 жніўня 1969 года.
На канцэрце выступілі Сяржук Доўгушаў, музыка, выдавец дыска, этнограф Ларыса Мятлеўская, спявачка Юлія Літвінава і полацкі гурт «Варган».
Арганізатарам і вядучай імпрэзы была аўтар праекта «Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні» Алена Масла.
Алена Масла ў касцёле
Клуб. Лявонпаль.
Гасцямі прэзентацыі, сярод астатніх ахвотных, былі і ўдзельнікі таго самага лявонпальскага вяселля і найважнейшы госць – та самая маладая Яўгенія Сяргееўна Шадурская.
«Вы зноў падарылі мне cустрэчу з маладосцю», – казала пані Яўгенія.
Пасля прэзентацыі дыска на сядзібе мілашоўца Стэфана Масла адбылося адкрыццё мастацкай галерэі «Пуня», дзе быў зладжаны вернісаж прац мастачак Аксаны Аракчэеваі і Крысціны Пержуковай.
Пасьпішайся, Жэнічка, пасьпішайся, малада: Там цібе й дажадаюць, касьцёлы атмыкаюць, Касьцёлы атмыкаюць, стулою ручкі зьвяжуць. Стулою ручкі зьвяжуць, шчырую праўду скажуць…
Другая частка прэзентацыі адбылася aб 18.00 на радзіме паэта Сяргея Панізніка у вёскі Лявонпаль.
У мясцовым клубе (каля той самай хаты, дзе адбывалася вяселле 1969 г.) сабралася большая частка жыхароў. Вёў прамову Уладзімір Пучынскі, намеснік галоўнага рэдактара «Краязнаўчай газеты» (таксама ўрэджэнец вёскі).
Гурт «Варган» у касцёле.
Адбыўся канцэрт па матывах вясельнага дыска, а пасля полацкі гурт «Варган» зладзілі сапраўдны танцавальны сэт. І маладыя, і старыя пусціліся ў скокі пад знаёмыя танцы: кракавяк, польку, падыспань, вальс.
«Што яшчэ запомнілася з лявональска-мілашоўскага вяселля, так гэта жартаўлівы абрад “лаўкі ламаць”. А праходзіў ён так: калі заканчвалася вяселле ў маладога, то госці маладой перш чым падзякаваць і развітацца, станавіліся нагамі на лаўку і пачыналі гушкацца. Гэтая гульня была нібыта для таго, каб пакалыхаць і “узважыць сваццю”, а магчыма для таго, каб запярэчыць на будучыню, што на гэтых лаўках малады ніколі не зможа спраўляць новага вяселля». (З успамінаў Сяргея Панізніка)
budzma.by