Шляхамі Песняра

Выстава «Над Іматрай», прысвечаная візіту народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў Фінляндыю, адкрылася ў будынку беларускага пасольства ў Фінляндыі

Від на вадаспад у пачатку ХХ ст.

Адкрыццё экспазіцыі праходзіла пад час прэзентацыі кнігі «Беларусь – Фінляндыя: у гадзіне палёту», аўтар якой Уладзімір Дражын, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і Фінляндскай Рэспубліцы (па сумяшчальніцтве) у 2006–2014 гадах. У якасці прыгожага завяршальнага акорда для сваёй кнігі-фотаальбома беларускі дыпламат абраў верш «Над Іматрай».

Як патлумачылі супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, на стварэнне гэтага верша Янку Купалу натхніла паездка ў Фінляндыю, якую паэт здзейсніў у 1910 годзе.

Літаратурна-дакументальная выстава «Над Іматрай» – гэты цікавы аповед пра малавядомую старонку з жыцця і творчасці Янкі Купалы: вандроўку па Фінляндыі. Спадарожнічалі паэту выдатныя дзеячы нацыянальнага адраджэння Браніслаў Эпімах-Шыпіла і Антон Грыневіч. Першымі пра маршрут падарожжа даведаліся са старонак любімай газеты сучаснікі Янкі Купалы – чытачы «Нашай Нівы». Нататкі «З Фінляндыі» праз гады захоўваюць захапленне паэта і яго сяброў мясцовым ладам жыцця і хараством краявідаў.

Так выглядае Іматра сёння

Пра асобу і творчасць Янкі Купалы наведнікі імпрэзы даведаліся з мультымедыйнай прэзентацыі, створанай на аснове фондавых калекцый музея.

Пад час грамадска-культурнай акцыі «Чытаем Купалу разам» прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага ў Фінлядыі, і беларускай дыяспары з горада Хельсінкі прачыталі цудоўныя ўзоры купалавай лірыкі кахання. Канешне ж, першым творам акцыі стаў верш пра вадаспад Іматра, што на рацэ Вуокса – тая маляўнічая мясціна ўзрушыла і натхніла Янку Купалу. Верш «Над Іматрай» прагучаў як на мове арыгіналу, па-беларуску, так і ў перакладзе на фінскую мову, які зрабіў Тойво Тупін.