Выступаючы на пасяджэнні Кансультатыўнай рады для беларусаў замежжа 5 верасня ў Мінску, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей шукаў падтрымку з боку беларускай дыяспары ў справе захавання «незалежнасці, суверэнітэту і дзяржаўнасці» краіны.
Гэта нядаўняя і цікавая тэндэнцыя. Раней ўзаемадзеянне ўрада з беларусамі, якія жывуць за мяжой, абмяжоўвалася культурнымі мерапрыемствамі або выкарыстаннем некаторых з іх у якасці адвакатаў рэжыму.
З нядаўняга часу беларускія ўлады сталі ўсведамляць ролю, якую дыяспара можа згуляць у прасоўванні палітычных і эканамічных інтарэсаў краіны за мяжой. Аднак палітызаваны падыход да выбару партнёраў і адсутнасць грошай для падтрымкі сувязяў з Беларуссю ставяць пад пагрозу гэтае супрацоўніцтва.
Мала стымулаў заставацца беларусам
Паводле розныя ацэнак, колькасць людзей беларускага паходжання за межамі Беларусі складае ад 2,5 да 3 мільёнаў чалавек.
Некаторыя з іх з’яўляюцца аўтахтоннымі беларусамі, якія жывуць у суседніх краінах. Значная колькасць беларусаў мігравала ў былыя савецкія рэспублікі ў савецкі час. Многія людзі апынуліся ў заходніх краінах у выніку некалькіх хваляў палітычнай і эканамічнай эміграцыі.
Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», створанае ў 1990 годзе, аб’ядноўвае 135 арганізацый беларускай дыяспары з 28 краін свету. «Бацькаўшчына» праводзіць З’езды беларусаў свету кожныя чатыры гады.
Лідары беларускай дыяспары пры падтрымцы «Бацькаўшчыны» на працягу многіх гадоў дамагаліся прыняцця заканадаўства, якое б замацоўвала іх адносіны з радзімай і стварала эфектыўныя механізмы падтрымкі.
Тым не менш, Закон аб беларусах замежжа, які ўступіў у сілу ў верасні 2014 года, не апраўдаў іх чаканняў. Закон не прапанаваў афіцыйнага прызнання іх статусу беларускай дзяржавай. Беларусы замежжа не атрымліваюць выгодаў або стымулаў, калі яны вяртаюцца жыць ці проста ездзяць у Беларусь, вучацца або інвестуюць у краіну.
Акрамя таго, беларускі ўрад не мае юрыдычных і фінансавых рэсурсы для падтрымкі дыяспар у іх краінах пражывання. Міністэрства замежных спраў шукала – часам паспяхова – для гэтых мэтаў мясцовых спонсараў.
Быць беларусам не прэстыжна, асабліва ў заходнім свеце. Міжнародная рэпутацыя рэжыму Аляксандра Лукашэнкі кідае цень на асобаў, якія належаць да беларускай нацыі. Усе гэтыя фактары спрыяюць паскоранай масавай асіміляцыі беларусаў за межамі сваёй краіны.
У Польшчы, дзе паводле некалькіх экспертаў колькасць этнічных беларусаў у канцы ХХ стагоддзя складала 200–250 тысяч чалавек, усяго 47 тысяч чалавек ідэнтыфікавалі сябе беларусамі падчас перапісу 2011 года. У Расіі колькасць беларусаў скарацілася з 810 тысяч у 2002 годзе да 520 тысяч у 2010 годзе. У Злучаных Штатах большасць дзяцей і ўнукаў беларускіх эмігрантаў не гавораць на беларускай мове і не ўдзельнічаюць у дзейнасці беларускіх аб’яднанняў.
Урад гаворыць толькі са старанна адабранымі актывістамі
5 верасня ў Мінску Міністэрства замежных спраў, цяпер асноўны кантактны пункт для дыяспары у Беларусі, правяло другое пасяджэнне Кансультатыўнай рады па справах беларусаў замежжа.
Міністэрства прымеркавала пасяджэнне да святкавання Дня беларускага пісьменства, якое адбылася ў Рагачове 4 верасня. Усе сябры Рады з дзевятнаццаці краін былі прывезеныя ў гэты маленькі гарадок ва ўсходняй частцы Беларусі за 200 км ад Мінска.
Склад Рады, створанай ў верасні 2014 года, выклікае шмат пытанняў. Яна ўключае ў сябе прадстаўнікоў 19 краін, некаторыя з іх (напыклад Малдова) відавочна празмерна прадстаўленыя, у той час як іншыя (Польшча) прадстаўленыя недастаткова. Беларуская суполка ў Злучаным Каралеўстве мае царкву, вялікую беларускую бібліятэку і некалькі арганізацый у Лондане, але не мае прадстаўніцтва ў Радзе.
Некалькі асацыяцыяў беларусаў працуюць у Злучаных Штатах са сваімі цэнтрамі, цэрквамі, бібліятэкамі і перыядычнымі выданнямі. Тым не менш, МЗС Беларусі абраў нейкага Пітэра Жаркова, прэзідэнта Асацыяцыі расійскіх (sic!) ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў Мінеапалісе, у якасці суразмоўцы па справах беларусаў ЗША.
На сённяшні дзень, найбольш прыкметным укладам Жаркова ў беларускую справу можа быць ўдзел ва Усебеларускім народным сходзе ў чэрвені 2016 года, дзе ён высока ацаніў «моцны і канструктыўны» выступ Лукашэнкі. На старонцы Пітэра ў Facebook складана знайсці хаця б адно слова на беларускай мове.
У размове з ostro.by прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык падкрэсліў, што Кансультатыўная рада ніколі не ўяўлялася як прадстаўнічы орган. МЗС бачыць яе як проста «працоўны інструмент для ўзаемадзеяння з дыяспарай».
Рада цяпер уключае ў сябе людзей, чые кандыдатуры былі прадстаўленыя беларускімі пасольствамі. Можна меркаваць, што замежныя місіі Беларусі, як правіла, рэкамендуюць такіх людзей, якія не крытыкуюць унутраную і знешнуюю палітыку беларускіх уладаў.
На працягу многіх гадоў пасляваенныя эмігранты з Беларусі ў ЗША застаюцца самымі актыўнымі прыхільнікамі незалежнасці краіны і яе дэмакратычнай будучыні ў вольным свеце. Аднак, як пацвердзіў ostro.by прызнаны лідар беларускай дыяспары ў ЗША доктар Ян Запруднік, беларускія дыпламаты не запрасілі людзей з гэтай супольнасці далучыцца да Кансультатыўнай рады.
Беларусь шукае дапамогі дыяспары ў захаванні незалежнасці
Выступ Уладзіміра Макея на другім пасяджэнні Кансультатыўнай рады ўяўляў сабой мяшанку палітычных заяваў і справаздачы аб дзейнасці ў савецкім стылі. Апошняя ўключала падрабязны аповед пра розныя мерапрыемствы, што праводзяцца пры падтрымцы і ўдзеле ўрада: канцэрты, летнія школы і урачыстасці.
Самай важнай палітычнай заявай стаў заклік міністра замежных спраў да сябраў Рады «зрабіць усё магчымае, каб захаваць нашу краіну, яе незалежнасць, суверэнітэт і дзяржаўнасць». Ён назваў гэта «нашай агульнай і самай важнай задачай».
Раней няспынная прапаганда Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі і постсавецкай інтэграцыі, магчыма, дэзарыентавала многіх сябраў рады, асабліва тых, хто жыве ў Расіі і іншых краінах СНД. Некаторыя з іх сімпатызуюць канцэпцыі «Рускага свету» Пуціна. Міністр, магчыма, хацеў нагадаць гэтым беларусам, што яны мусяць быць лаяльныя перадусім роднай краіне.
Макей казаў пра намер міністэрства працаваць сумесна са Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына» для падрыхтоўкі наступнага З’езду беларусаў свету.
У той час як «Бацькаўшчына» і З’езды ніколі не ўваходзілі ў адкрытае супрацьстаяньне з рэжымам Лукашэнкі, іх адносіны заўсёды заставаліся даволі халоднымі, і звычайна толькі працоўнымі. Міністэрства, падобна, вырашыла змяніць гэту тэдэнцыю. Яно працуе над некаторымі таямнічымі «важнымі рашэннямі» рэвалюцыйнага характару, што будуць абвешчаныя на наступным З’ездзе ў 2017 годзе ў Мінску.
Уладзімір Макей таксама заклікаў да больш актыўнага ўдзелу беларускай дыяспары ў развіцці гандлёвых адносін паміж іх краінамі жыхарства і Беларуссю. Аднак рашэнне правесці бізнес-форум для беларусаў, якія пражываюць за мяжой, прынятае на 1-м пасяджэнні Кансультатыўнай рады ў ліпені 2015, не было рэалізаванае.
Міністэрства замежных спраў, відаць, сапраўдны імкнецца стварыць лепшую аснову для ўзаемаадносінаў з беларускай дыяспарай. Тым не менш, яго намаганні прынясуць плён толькі тады, калі дзяржава пачне ўмацоўваць беларускую нацыянальную ідэнтычнасць ў сябе дома.
Урад павінен выбіраць сваіх партнёраў сярод дыяспары на аснове іх кампетэнтнасці і лаяльнасці да беларускай нацыі, а не да тых, хто трымае ўладу. Улады таксама павінны стварыць і фінансаваць канкрэтныя механізмы падтрымкі суайчыннікаў, такія як Карта беларуса (па ўзоры аналагічнага польскага дакумента), які мог бы дапамагчы дыяспары ўмацоўваць сувязі з Беларуссю.
Ігар Губарэвіч, ostro.by
Ігар Губарэвіч ‒ старшы аналітык Цэнтра Астрагорскага ў Мінску. У 1993‒2006 гадах працаваў на розных дыпламатычных пасадах у Міністэрстве замежных справаў Беларусі.
Увага! Меркаванні, выказаныя ў артыкулах, могуць не супадаць з пазіцыяй МГА «ЗБС “Бацькаўшчына”»