Пурызм – з’ява натуральная

Беларусь існуе ў культурнай прасторы дзякуючы людзям, якія размаўляюць, чытаюць, пішуць па-беларуску і, вядома, вывучаюць беларускую мову! Выключны стаж і выдатныя поспехі ў гэтай справе мае доктар філалагічных навук прафесар Генадзь Цыхун – галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік Міжнароднай акадэміі Еўразіі, доктар honoris causa Сафійскага ўніверсітэта. Генадзь Апанасавіч распавядае пра тое, чым прываблівае беларуская мова сучасных славістаў, і звяртаецца да сучаснай моўнай сітуацыі.

– Спадар Генадзь, па якіх крытэрыях, у адпаведнасці са словамі класіка, беларускую мову можна лічыць «самай славянскай»?

– Пэўны адказ могуць даць два напрамкі даследаванняў у лінгвістыцы – арэальная лінгвістыка і глотахраналогія. Гаворка ідзе аб тым, якое месца продкі розных славян займалі ў праславянскай моўнай прасторы. Арэальная лінгвістыка спрабуе вызначыць месца моўных продкаў кожнага народа ў гэтай прасторы – адносна адно да аднаго і да ўсёй супольнасці: хто быў бліжэй да цэнтра супольнасці, у таго было больш агульнага з астатнімі. У выніку даследаванняў высвятляецца, што беларуская, украінская і славацкая мовы былі бліжэй да цэнтра, які ўяўляецца больш прадстаўнічым у плане славянскасці. Глотахраналогія высвятляе блізкасць славянскіх моў паміж сабой і ў гістарычным плане. Чым бліжэйшая славянская мова да ўсіх астатніх, асабліва ў захаванні старой лексікі, тым больш «роднасная» яна ім, а значыць і больш «славянская». Паводле глотаметрычнага даследавання, зробленага на марфалагічным матэрыяле, Надзея Котава і Міраслаў Янакіеў прыходзяць да высновы, што адпаведна блізкасці да іншых славянскіх моў беларуская і ўкраінская мовы знаходзяцца як бы на першым месцы.

– Старэйшае пакаленне часта адзначае, што гарадская моладзь піша і размаўляе па-беларуску няправільна, «ненатуральна». Змены на лексічным, сінтаксічным узроўні сапраўды заўважныя, але ці ёсць тут віна моладзі?

– Я некалькі гадоў жыў у многіх славянскіх краінах і ведаю, што мова моладзі заўсёды адрозніваецца ад мовы старэйшых людзей. Тут няма нічога дрэннага, бо мова жыве, развіваецца. Васіль Быкаў дзівіўся наіўнасці тых, хто вядзе спрэчкі пра перавагі тарашкевіцы над наркамаўкай пры наступе рускага аднамоўя... Гэтая дыскусія цяпер малаактуальная, мы маем больш важную задачу – захаванне мовы і яе развіццё як сродку камунікацыі ў розных асяроддзях.

Раней беларускую мову прадстаўляла вёска. Так часам і цяпер: вялікія вёскі, напрыклад, на Палессі, маюць свой мікраклімат, свая мова захоўваецца і ўсё нармальна існуе. Мова захоўваецца і ў невялічкіх вёсках, прычым як вельмі архаічная. Актыўныя людзі з’язджаюць, застаюцца больш кансерватыўныя: некалькі старых ды інваліды. Але людзі адыходзяць... Затое цікавасць да мовы з’яўляецца ў асяроддзі гарадской моладзі.

Нармальна, калі тут з’яўляюцца словы, нязвыклыя для старэйшых. Напрыклад, лядоўняй раней называлі склеп з лёдам, дзе захоўвалі мяса і рыбу. Цяпер гэтае слова сярод беларускамоўнай моладзі выкарыстоўваецца ў значэнні «халадзільнік». Апошняе лічыцца запазычаным з рускай мовы, хаця гэта нармальнае беларускае слова. Спроба адштурхнуцца ад мовы, якая пагражае, нараджае пурызм – з’яву, натуральную на пэўным этапе развіцця для ўсіх моў. Сваё слова часам выкідаюць, бо яно ідэнтычнае слову той мовы, якая пагражае.

Гаворачы па-беларуску, многія аўтаматычна пазбягаюць слова, ідэнтычнага рускаму, і выкарыстоўваюць польскае, часта таго не ведаючы. Польскае слова менш пагражае беларускай мове ў нашай сітуацыі, хаця ў пэўны перыяд было наадварот – людзі крытычна ставіліся да паланізацыі. Мова як жывы арганізм супраціўляецца асіміляцыі, паглынанню. Гэтаксама ў Македоніі імкнуцца максімальна адштурхнуцца ад слоў, падобных да слоў з балгарскай і сербскай моў. Выйсце, як пісаў Якуб Колас, – праверыць кішэні памяці і адшукаць сваё слова.

– Ці можна захаваць лексічнае багацце і характэрную інтанацыю людзям, якія размаўляюць па-беларуску і жывуць у горадзе?

– Згаджуся, што ў ненармальнай моўнай сітуацыі ў горадзе немагчыма непасрэдна засвоіць мову, таму праблема моладзі – абмежаваны лексічны фонд, трохі стэрэлізаваная мова. Трэба ўлічваць і гістарычны фактар: беларускія гарады на працягу апошніх трох – чатырох стагоддзяў не былі беларускамоўнымі. У розны час тут жылі пераважна яўрэі, палякі, расійскае чыноўніцтва. Тым больш гарады не сталі беларускімі адразу пасля вайны. Напрыклад, калі на захадзе Беларусі выехала польская ці паланізаваная частка чыноўніцтва і інтэлігенцыі, прыехалі людзі з Расіі ці іншых рэгіёнаў СССР. У маёй беларускамоўнай школе ледзь не палова настаўнікаў была з Расіі.

Узнікла новае супрацьпастаўленне вясковага і гарадскога, што не магло сысці проста так. Людзі імкнуліся размаўляць па-руску, адысці ад беларускай мовы. Фелікс Акерман называе гэтую з’яву стратэгіяй дапасавання – каб выратавацца ад калгасаў вяскоўцы імігрыравалі ў гарады, дзе «адным з найважнейшых атрыбутаў прыналежнасці да віртуальнай гарадской супольнасці было неўжыванне на людзях простай мовы, бо сярод савецкіх кадраў і тых новапрыбыўшых, хто ўжо правёў у горадзе пэўны час, яна прымалася за прыкмету адсталай вясковасці». У Гродне пасля вайны я назіраў, як гэта адбываецца: калі ў значнай колькасці прыехала партыйнае кіраўніцтва і рускамоўнае чыноўніцтва, нашы людзі ў размове пачыналі падладжвацца пад іх. Так з’явілася трасянка. А многія дзеці колішніх вяскоўцаў сёння размаўляюць па-руску не горш, чым па-беларуску...

– Разам з нямецкімі даследчыкамі вы займаецеся вывучэннем трасянкі – мяшанага руска-беларускага маўлення. Чаму немцаў зацікавіла гэтая тэма?

– Валодаю некалькімі славянскімі мовамі і ведаю, што ў розных краінах у залежнасці ад сітуацыі бывае змешаная мова. Яшчэ ў часы Асманскай імперыі падарожнік па Балгарыі Віктар Грыгаровіч пісаў, што рэдка чуў чыстую балгарскую мову з вуснаў мужчын – хіба калі начаваў у нейкім доме, і гаспадары размаўлялі паміж сабой. Наогул усе імкнуліся гаварыць з выкарыстаннем турэцкіх слоў – тыповае мяшанае маўленне, якое залежыць ад сітуацыі. Гэтую з’яву італьянскі лінгвіст Матэа Барталі тлумачыць як імітацыю, падробку пад прэстыжную мову.

Трасянка ёсць не толькі ў Беларусі. Аднак у нас яна маркіравана ў сувязі з культурнай сітуацыяй, таму яе ўспрымаюць як выключэнне. З нагоды распаўсюджанасці яна зацікавіла і нямецкіх даследчыкаў. Мы некалі размаўлялі пра трасянку з нямецкім лінгвістам Гердам Генчалем падчас канферэнцыі. Ён запланаваў вывучэнне гэтай тэмы, фонд «Фольксваген» вылучыў грошы – так у Ольдэнбургу звярнуліся да новай навуковай праблемы.

Трасянка – не навуковы тэрмін, а вобразнае азначэнне. Карэннае пытанне для лінгвістаў – гэта мова ці маўленне? Тут у нас з нямецкімі даследчыкамі няма поўнай згоды. Я настойваю, што гэта маўленне – імправізацыя ў залежнасці ад многіх фактараў (напрыклад, ад моўнай сітуацыі, паходжання і ступені адукаванасці суразмоўцы). Няма ўпарадкаванасці, якая дазволіла б пабудаваць сістэму. Але нямецкія калегі настойваюць, што калі ўзяць шмат тэкстаў і прааналізаваць, то можна вылучыць стабільную (сістэмную) частку і сфармуляваць правілы; ёсць і менш стабільная частка – але гэта бывае ў розных мовах.

– Сёлета спаўняецца 110 гадоў ад пачатку выдання газет «Наша доля» і «Наша ніва». Рэдактар гэтых выданняў Антон Луцкевіч быў аўтарам адной з першых граматык беларускай мовы. Чым цікавая гэтая праца?

– Пра невялічкую граматыку Луцкевіча амаль нічога не ведалі, пакуль нямецкі мовазнаўца Карл Гутшміт (які, дарэчы, цудоўна размаўляў па-беларуску) не знайшоў у гамбургскай бібліятэцы размножаны рукапіс граматыкі Антона Луцкевіча. Аўстрыйскі славіст і беларусіст Герман Бідэр падрыхтаваў і ў найбліжэйшы час плануе выдаць тэкст граматыкі з каментарыямі. Мяркуецца, гэта быў курс лекцый, які Антон Луцкевіч чытаў у Вільні для настаўнікаў і распрацаваў у 1915–1916 гадах, яшчэ да Браніслава Тарашкевіча.

Граматыка саступае працы Тарашкевіча, многія рэчы там не дадуманы, бо Луцкевіч хутчэй за ўсё не быў дастаткова падрыхтаваны, каб сфармуляваць арфаграфічныя правілы на належным навуковым узроўні, ды і не меў адпаведнай філалагічнай адукацыі. А Тарашкевіч вучыўся ў Піцеры у Аляксея Шахматава, Яўфіма Карскага, Івана Бадуэна дэ Куртэнэ. Яго граматыка была кадыфікацыйнай, дзе зацверджаны правілы пісьмовай мовы, распрацаваныя на аснове шматлікіх матэрыялаў, якія друкаваліся ў «Нашай Ніве» і ў якіх паступова праявіліся асноўныя агульныя асаблівасці беларускай мовы.

Юбілейная дата з гісторыі беларускага друку мае вялікую значнасць, бо ў нашых умовах беларуская прэса побач са школай падтрымлівае функцыянаванне беларускай мовы. Па логіцы развіцця нашай краіны, калі Беларусь захавае незалежнасць, то з цягам часу будзе незалежнай і ў моўным плане...

Алеся Лапіцкая, «Літаратура і мастацтва»