“Стары Ольса”: беларуская мара на маршы

Альбо як стаць культурным героем нечакана для сябе.

«Ведаеш, у Мінск вярнулася столькі класных музыкаў, – сказаў мой прыяцель і зацягнуўся цыгарэтай. – А ведаеш, чаму? У краінах, дзе яны граюць, цяпер Рамадан, і лавіць там няма чаго. Вось і вярнуліся на Радзіму».

Што беларускія музыкі паспяхова выступаюць па ўсёй планеце, – не сакрэт. Пра каго ні спытай, – «ён цяпер па кантракце ў Дубаі». Ці ў Маракешы. Ці ўвогуле ў Пекіне. Але ж праца па кантракце – гэта адно, а такога, каб беларускі гурт са сваім матэрыялам і адметным гучаннем паехаў турам па ЗША – ну, апошні раз такое было хіба за «Песнярамі» (можа, было і потым, але ў меншых маштабах).

Спачатку гэта выглядала як жарт: як толькі паказчыкі праглядаў на YouTube пачалі шкаліць (скажам шчыра, па беларускіх крытэрах – шкаліць), з’явілася думка: а ці не запісаць «Старому Ольсу» што-небудзь апроч One гурта Metallica.

Кароткую гісторыю з’яўлення кавераў у выкананні галоўнага сярэднявечнага гурта краіны пераказваць няма сэнсу – яна лёгка знаходзіцца. Аднак што выкананне вечназялёных хітоў на сярэднявечных інструментах, частку назваў якіх мы не можам не тое што запомніць – прачытаць з першай спробы, можа стаць нечым большым, стала зразумела пасля вечарынкі, прысвечанай The Beatles, у кавярні Beetlejuice.

Новы альбом «Старога Ольсы» сустрэлі без асаблівага захаплення – маўляў, крутая задумка, але вось тут можна было б зрабіць так, а тут – вось так. А навошта каверы, а чаму падбор матэрыялу менавіта такі. Па шчырасці, я і сам разважаў пра тое, што, напрыклад, Hard Day’s Night можна было б і пераламаць рыцарскім ліцвінскім мячом, але пасля зразумеў, што мэта ў гурта іншая.

Не ведаю, ці ўсведамляюць самі «Ольсы», але, здаецца, адзінае добрае, што прынёс нам Год культуры, – гэта іх тур па ЗША. 30 гарадоў за 40 дзён. Канцэрты не для эмігранцкай тусоўкі. Не выкананні 7-8 песняў, што трапілі на апошнюю плытку. Нечаканы такі марш беларушчыны ад Сан-Францыска да Х’юстана, ці як там лепш сфармуляваць геаграфічна.

ЗША, хочам мы таго альбо не, – амаль манапаліст на музычным рынку: усё, што мы любім, як і ўсё, што мы ненавідзім у музыцы за апошнія гадоў гэтак 70, мае амерыканскія карані. Здзівіць амерыканскага слухача выкананнем Highway to Hell? Я вас прашу. У бары якой-небудзь Алабамы ўсе гэтыя песні граюць так, быццам самі іх напісалі. У тым і цуд «Ольсы» – зачапілі, зрабілі.

Хто б мог падумаць, што з беларускіх гуртоў так стрэліць менавіта «Ольса»? Гурт легендарны, гурт надзвычай стылёвы, які амаль не дазваляе сабе выходзіць за межы аднойчы абранага (заўважым, абранага правільна) стылю? Але які заўсёды ў свядомасці стаіць на палічцы з надпісам «нішавая музыка». То бок класная музыка, але не для ўсіх. На фестывалі, дзе зліліся метал і фолк? Калі ласка. Тусоўка ралевікоў? Безумоўна. Вялікі канцэрт у ДК МАЗ? Чаму б не, але не часцей разу на паўгода.

І тут раптоўна гэтая самая нішавая музыка вырываецца на прастор, куды б не адмовілася выправіцца ўся астатняя, зусім не нішавая музыка. Дзякуючы Californication? Часткова так, але Californication тут не асноўнае. Пры чым сабралі грошы менавіта заходнія слухачы, банкет, так сказаць, за кошт тых, хто хацеў пачуць гэтыя песні і цяпер пачуе.

Ну і галоўнае. Тур «Ольсаў» – гэта ледзь не самая моцная прамоцыя беларускай культуры, якая калі-небудзь здаралася на тэрыторыі ЗША. «Карчма», «Кола рыцэрска», «Пахвала Вітаўту» – усё гэта цяпер гучыць на сцэнах, куды не ступала нага беларускамоўнага.

Цікава, ці паўплывае штатаўская адысея «Ольсаў» на папулярнасць гурта тут? Вельмі хочацца верыць, што патэнцыйныя слухачы каманды Змітра Сасноўскага цяпер стануць хоць на вечар адзін канцэрт рэальнымі: хай хоць з цікавасці паглядзяць, што беларускія музыкі могуць такога, што ажно амерыканцы зацікавіліся імі, ды яшчэ і ў такой колькасці.

Зразумела, што не будзе тут ніякіх дзяржаўных прэмій (бо іншыя прыярытэты ў абодвух бакоў). Можа, звернуць увагу дзяржаўныя СМІ, але ці надоўга? Тым не менш тое, што цяпер робяць музыкі «Старога Ольсы», выклікае вялікі гонар за краіну і яе музыку, да якой мы, дарэчы, часам ставімся скептычна.

А на канцэрт абавязкова схадзіце: «Кола рыцэрска» – яно і праўда «пекна».

Юрась Ускоў, «Будзьма беларусамі!»