Сталічнае жыццё паэта

З маленства адарваны ад Бацькаўшыны Максім жыў марай аб ёй. Калі пачуў народныя песні ў выкананні цётак, Марыі і Магдалены, абудзілася цяга да свайго, роднага, – генная памяць. Юны Максім самастойна вывучыў беларускую мову і гадоў з дзесяці пачаў пісаць на ёй вершы. Гадамі выпеставанай, выпакутаванай ідэяй было вярнуцца на Беларусь і працаваць на карысць свайго народа.

Іван Пратасеня. «Максім Багдановіч і Зоська Верас у Мінску. 1916 год».

ВЯРТАННЕ ЯК ТРЫУМФ

Здзейсніць задуманае ён змог толькі пасля заканчэння вучобы ў Яраслаўскім ліцэі ў верасні 1916 года. Адам Ягоравіч успамінаў: «Як звычайна, у паездку я яго сабраў сам. З трывогай я яго адпускаў, але не было як даць рады: радзіма была цэнтрам яго прыцягнення, туды вабілі яго ўсе жывыя цікаўнасці і сімпатыі. Я разлічваў на іх жыватворнае ўздзеянне, прытым ён пераконваў мяне, што яго ўладкуюць у Мінску ў плане задавальнення жыццёвых патрэб як можна лепш».

Максім Багдановіч вяртаўся на радзіму прызнаным паэтам. Пачаўшы друкавацца ў «Нашай ніве» ў 1907 годзе, заваяваў усеагульную любоў і прыхільнасць, а выхад яго адзінага прыжыццёвага зборніка паэзіі «Вянок» у 1913 годзе быў вельмі высока ацэнены крытыкамі. Прыезду ў Мінск папярэднічала перапіска з дачкой Ядвігіна Ш., беларускай пісьменніцай Вандай Лявіцкай.

Тут яго чакалі. Блізкая сяброўка Максіма Зоська Верас пісала:

«Нарэшце ў канцы верасня ці мо ў пачатку кастрычніка М. Багдановіч прыехаў. Спаткаў яго А. Смоліч і прывёў у “Беларускую хатку”, дзе мы цэлай грамадой чакалі іх з нецярплівасцю.

Сардэчны, скромны і просты, М. Багдановіч адразу заваяваў агульную сімпатыю. Ужо ў канцы вечара здавалася, што ён даўно з намі, што ўсім блізкі і дарагі. Тым больш трывожыла яго бледнасць і бліскучыя ад гарачкі вочы. Кашляў зусім мала. Пасля гарбаты сядзелі нядоўга. Трэба было змучанаму дарогай адпачыць. На кватэру адвялі Багдановіча Смоліч, Фальскі і Галубок.

Дагаварыліся, што Багдановіч будзе сталавацца ў “Беларускай хатцы”, дзе будзе мець не толькі абеды, але і снеданні, і вячэры. Мая маці была ў той час загадчыцай сталоўкі, і мы жылі тут на месцы. Так што мы з Багдановічам бачыліся па тры разы на дзень, а вечары, як заўсёды, праводзілі разам з цэлай нашай грамадкай. Галубок, Фальскі, Смоліч, Багдановіч, часта Ядвігін Ш., я…»

У той час, калі Максім вярнуўся на Бацькаўшчыну, ішла Першая сусветная вайна. Усе, хто толькі мог, з’язджалі ў пошуках ратунку, эвакуіраваліся. Яго ж не спалохала тое, што Мінск быў прыфрантавым горадам, – усе свае сілы ён хацеў пакласці на алтар служэння Айчыне.

Да сябе, да свайго здароўя Максім ставіўся абыякава. Адмаўляўся піць гарбату з цукрам. На пытанне здзіўленай Зоські Верас адказваў: «…Вельмі перажываю тое, што я бяссільны памагчы тым, хто цяпер, падчас вайны, церпіць голад. Асабліва шкадую дзяцей… Калі я адмаўляю сабе таго, што люблю (бо, прызнацца, люблю салодкую гарбату), мне здаецца, што я раблю нейкую ахвяру, і гэта мяне хоць крыху пацяшае…». Праз тры месяцы Багдановіч прынёс больш як паўпуда цукру, каб перадалі дзецям бежанцаў. Ён працаваў сакратаром харчовага камітэта мінскай губернскай управы, а яе супрацоўнікі, акрамя заробку, атрымлівалі «паёк», пераважна цукар – вось Максім і аддаў назапашанае.

Акрамя таго, М. Багдановіч актыўна ўдзельнічаў у працы Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны.

ШЭДЭЎРЫ Ў СВЯТЛЕ ГАЗНІЦЫ

Пасяліўся Максім у доме Рэдзькі на маленькай ціхай вуліцы Малагеоргіеўскай, наймаў пакой (цяпер – «Беларуская хатка», музей Багдановіча, адзіны будынак у горадзе, чые сцены помняць Максіма. – Т. Б.). Суседзямі паэта былі Змітрок Бядуля з сёстрамі Рэняй і Чэрняй. Іх злучыла цёплае сяброўства, пра што З. Бядуля пакінуў успаміны:

«…Каля шасці месяцаў да самага выезду ў Ялту Багдановіч жыў у мяне.

Нягледзячы на слабое здароўе, М. Багдановіч прыняў службу ў земстве, дзе надта шмат працаваў. У вольны ад службы час ён або сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, або дома і займаўся літаратурнай працай. Сядзеў пры керасінавай лямпе штодня да гадзін 3-4 ночы. <…>

Ён страшна захапіўся тады беларускай народнай творчасцю. Чытаў ён мне цэлы цыкл сваіх вершаў на народныя матывы, паміж іншым і верш “Страцім-лебедзь”.

Яго рабочы стол быў праўдзівай лабараторыяй паэтычнай творчасці. Ён мог папраўдзе свядома гартаваць і шліфаваць свае паэтычныя перлы, бо быў чалавекам з еўрапейскім выхаваннем: ведаў старакласічныя і новыя еўрапейскія мовы і меў з чаго браць прыклады для маладой беларускай паэзіі».

Падчас мінскага перыяду паэт стварыў такія шэдэўры, як паэма «Страцім-лебедзь» і верш «Пагоня», напісаў «Агляд працы за першы год Мінскага Аддзела Беларускага таварыства для помачы пацярпеўшым ад вайны», артыкул «Голас з Беларусі». Акрамя гэтага, Максім працаваў над артыкулам «Беларускі бежанскі прытулак» (застаўся няскончаным) і разам з А. Смолічам і З. Верас – над чытанкай для пачатковай беларускай школы. Напісаў апавяданні «Гарадок», «Сярод глухой пушчы…», нарыс «Аб веры нашых прашчураў».

У канцы снежня ў Маскве асобнай брашурай выйшаў змястоўны гістарычны артыкул М. Багдановіча на рускай мове «Белорусское возрождение», і гэты ж артыкул у перакладзе на ўкраінскую мову (ёсць верагоднасць, што пераклад зрабіў сам аўтар) выйшаў у Вене.

АПОШНЯЕ СВЯТА

Надыходзіў новы, 1917, год. Яго святочная сустрэча ў кампаніі беларускіх сяброў была першай і апошняй для Максіма Багдановіча. Сабраліся ўсе дзеячы беларускага адраджэння, хто быў у Мінску, у «Беларускай хатцы»: пісьменнікі Ядвігін Ш., Альберт Паўловіч з дачкой Уладзяй і зяцем, Фабіян Шантыр, паэт Язэп Фарботка, вучоны Аркадзь Смоліч, публіцыст Аляксандр Уласаў, ксёндз Вікенцій Гадлеўскі, тэатральныя дзеячы Усевалад Фальскі і Уладзіслаў Галубок, адвакат Чавусаў, архітэктар Лявон Дубяйкоўскі, Зоська Верас і яе маці, загадчыца сталоўкі ў «Беларускай хатцы», Эмілія Сівіцкая, Ян Крыўка, а таксама краязнавец і калекцыянер Рамуальд Зямкевіч.

У той час здароўе Максіма вельмі пагоршылася. Але, як згадваў Зм. Бядуля, «…нягледзячы на хваробу, ён і далей працаваў не толькі днём, але і ноччу; працаваў у гарачцы, пры высокай тэмпературы ў 38–39 градусаў». Паэт прадчуваў, што засталося яму няшмат, імкнуўся зрабіць як мага больш, не шкадуючы сябе. 21 лютага Мінская губернская харчовая камісія разглядзела прашэнне М. Багдановіча «аб адпачынку для папраўлення здароўя і дапамозе на лячэнне». Было прынята рашэнне «прадаставіць двухмесячны адпачынак з захаваннем утрымання і выдаць аднаразова на лячэнне сродкі ў памеры 200 рублёў». 23 лютага Максім атрымлівае грошы і ў канцы месяца ад’язджае ў Крым.

Але гэта не дапамагло. У ноч на 25 мая яго не стала.

ЛЁСЫ СЯБРОЎ

Згадваючы вяртанне паэта ў Беларусь, мы не можам не сказаць пра тых, хто быў з ім побач. Адзінай доўгажыхаркай сярод тых, з кім сябраваў у Мінску Максім Багдановіч, была Зоська Верас (1892–1992). Яна рэдагавала дзіцячыя часопісы, удзельнічала ў выданні беларускага календара, пісала свае творы. З 1923 года і да апошніх дзён жыла ў лесе пад Вільняй. Туды, у яе «лясную хатку», з’язджаліся ўсе, хто цікавіўся беларускай гісторыяй і адраджэннем. З. Верас стала той, хто звязаў два стагоддзі ў сваім лёсе і хто пакінуў найбольш поўныя ўспаміны пра мінскі перыяд жыцця паэта.

Змітрок Бядуля рашуча падтрымаў Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года. У яго творчасці ўзмацнілася ідэя нацыянальнай дзяржаўнасці Беларусі. Бядуля ўваходзіў у арганізацыйнае бюро Беларускай народнай партыі сацыялістаў, вітаў адкрыццё Усебеларускага з’езда. У 1918–1920 гадах вёў актыўную публіцыстычную і палітычную дзейнасць з незалежніцкіх пазіцый, выступаў у абарону дэмакратыі, крытыкаваў бальшавікоў, якія недаацэньвалі ў практычным правядзенні сваёй палітыкі нацыянальнае пытанне і дапускалі гвалт. Памёр пісьменнік у 1941 годзе падчас эвакуацыі каля Уральска ў Расіі.

Ядвігін Ш. удзельнічаў у рабоце «Беларускай хаткі», быў другім віцэ-старшынёй Мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпеўшым ад вайны. Прадаставіў свой маёнтак у Карпілаўцы для размяшчэння дзіцячага прытулку з Мінску. Стаў адным з заснавальнікаў і тэхнічным рэдактарам часопісаў «Саха» і «Лучынка», ставіў спектаклі, за ўласны кошт выдаў зборнік «Беларускія жарты». Але цяжкія матэрыяльныя ўмовы прывялі да хваробы. Зіму 1918 г. Ядвігін Ш. праляжаў у мінскім шпіталі. Вясной, як годам раней М. Багдановіч, выехаў з горада, каб больш не вярнуцца. Не дапамагло яму і лячэнне ў Закапанэ. Пісьменнік памёр у 1920 годзе ад туберкулёзу горла ў Вільні.

Аркадзь Смоліч быў абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт у 1917 годзе, увайшоў у Выканаўчы камітэт Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый, удзельнічаў ва Усебеларускім з’ездзе, быў адным з ініцыятараў абвяшчэння БНР. Удзельнічаў у стварэнні Таварыства беларускай школы, у 1922 годзе ў Мінску загадваў планава-эканамічным аддзелам Наркамата земляробства БССР, у 1923 г. – кафедрай у БДУ і Інбелкульце. А. Смоліч стаў вядомым вучоным у галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, картаграфіі, а ў 1927 годзе атрымаў званне прафесара. У 1930-м – арыштаваны па справе Саюза вызвалення Беларусі і сасланы ў Пермскую, а затым – у Цюменскаю вобласць. У 1937 г. А. Смоліча арыштавалі паўторна і праз год прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання.

Усевалад Фальскі з’яўляўся адным са стваральнікаў беларускага прафесійнага тэатра, быў старшынёй Першага беларускага таварыства драмы і камедыі і Мінскага таварыства працаўнікоў мастацтва. У 1918 г. удзельнічаў у стварэнні маскоўскай Беларускай секцыі РКП(б), быў камісарам замежных спраў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. У 1919-м ― двойчы арыштаваны савецкай ўладай, а ў 1921-м займаў пасаду намесніка загадчыка аддзела мастацтваў, вучонага сакратара Акадэмічнага цэнтра Наркамата асветы БССР. У тым жа годзе зноў арыштаваны. Прыгавораны да 5 гадоў катаржнай турмы. З 1925 года жыў у Кіеве, працаваў дырэктарам драматычнага тэатра, перапісваўся з Інбелкультам. Далейшы лёс невядомы.

Уладзіслаў Галубок быў першым артыстам БССР, які атрымаў званне народнага. З 1917 года працаваў акцёрам і рэжысёрам Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, з 1920-га – кіраўніком Драматычнай секцыі культурна-асветніцкай секцыі «Папараць-кветка» ў Слуцку, у 1920–1922 гг. – загадчыкам мастацкага аддзела ў Наркамаце асветы БССР. У 1920 годзе стварыў і быў мастацкім кіраўніком Трупы беларускіх артыстаў пры Беларускім рабочым клубе ў Мінску. З’яўляўся членам літаб’яднання «Маладняк» і «Полымя», напісаў каля 40 п’ес на сацыяльныя, гістарычныя і бытавыя тэмы, сюжэты для якіх браў з народнага жыцця і фальклору. З канца 1920-х гадоў на творчасць Галубка пачаліся ганенні і ў 1937 годзе ён быў рэпрэсіраваны. Паводле афіцыйных звестак, памёр ад гіпертанічнай хваробы.

Лявон Заяц, які жыў у адным двары з М. Багдановічам і часта заходзіў да яго, быў палітычным дзеячам. На Усебеларускім з’ездзе 1917 года яго выбралі членам Рады, а з 1918-га – ён у складзе Народнага сакратарыята Беларусі. З 1919 года займаў пасады загадчыка канцылярыі і дзяржаўнага сакратара ў Народнай Радзе БНР. З 1925 г. – кансультант Наркамфіна ў БССР. У 1930 годзе быў арыштаваны па справе «Саюз вызвалення Беларусі», а ў 1935-м – арыштаваны паўторна. Памёр падчас следства ў турме.

Усе яны былі адданымі сынамі сваёй Бацькаўшчыны. Іх магутны талент раскрыўся ў літаратуры, навуцы, тэатральнай, грамадскай і палітычнай дзейнасці. Іх служэнне ідэі нацыянальнага адраджэння, высокая місія жыць і змагацца за тое, каб мы зараз помнілі, хто такія і адкуль, прынесла плён. Так, яны акружалі паэта, былі разам з ім – але і самі па сабе кожны з іх быў велічынёй. Пераломны час нараджае плеяды яркіх асоб, на якіх мы таксама не можам забывацца.

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ