«Панясу твой напеў запаветны дамоў…»: «Балцкі Субстрат» на Камянеччыне

31 ліпеня 2016 г. у Дзмітравіцкім сельскім доме культуры, што ў Камянецкім раёне Берасцейскай вобласці, у межах грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» адбыўся выступ фолк-блюз ансамбля «Балцкі Субстрат».

На музычна-паэтычную імпрэзу з яго ўдзелам сабралася публіка самых розных узростаў: паслухаць музыкаў прыйшлі і пенсіянеры, і дзеці, і моладзь. У канцэрце, які складаўся з двух аддзяленняў, гучалі песні на словы айчынных паэтаў-класікаў (Максіма Багдановіча, Максіма Танка), сучасных беларускіх аўтараў (Віктара Сямашкі, Джэці), кампазіцыі паводле народных тэкстаў. У перапынку паміж аддзяленнямі сярод прысутных была праведзена літаратурна-краязнаўчая віктарына на прызы ад кампаніі «Будзьма беларусамі!». А своеасаблівым сюрпрызам для жыхароў пушчанскага краю стала выкананне музыкамі пры канцы імпрэзы песняроўскага хіта «Белавежская пушча» ў перакладзе на беларускую Наталлі Арсенневай.

Фота Таццяны Куратнік