Выстава «З вераю, што зыйдуцца дарогі...» да 90-годдзя Янкі Запрудніка

9 жніўня 2016 г. у чытальнай зале архіва-музея адбылося адкрыццё выставы «З вераю, што зыйдуцца дарогі...» да 90-годдзя Янкі Запрудніка.

Янка Запруднік (да эмігр. Сяргей Вільчыцкі, нар. 09.08.1926, м. Мір (сёння Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл.)), гісторык, журналіст, пісьменнік, беларускі грамадскі дзеяч у ЗША.

Скончыў сямігодку ў Міры, потым вучыўся ў гандлёва-адміністрацыйнай школе ў Баранавічах. У 1944 г. апынуўся ў Нямеччыне. Пасля капітуляцыі жыў у беларускім лагеры для перамешчаных асобаў (DP) у Рэгенсбургу, вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Я. Купалы. У гэты час пачаў пісаць вершы пад псеўданімам Сяргей Ясень, якія друкаваліся ў школьным часопісе гімназіі «У вырай».

У 1948 г. разам з 12 сябрамі-беларусамі («Дванаццаткай») выехаў у Вялікабрытанію, дзе працаваў у вугальных капальнях, каб зарабіць грошы на атрыманне вышэйшай адукацыі і на выданне моладзевага часопіса «Наперад!». Як і ў Нямеччыне, у Вялікабрытаніі Янка Запруднік далучыўся да беларускага жыцця. Ад сакавіка 1948 г. быў сябрам Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, удзельнічаў у Беларускім хрысціянскім акадэмічным аб’яднанні «Жыццё».

У 1950 г. Янка Запруднік разам з сябрамі па «Дванаццатцы» выехаў на навучанне ў Бельгію. Вучыўся на гістарычным факультэце Каталіцкага ўніверсітэта ў Лювене. У гэты ж час актыўна працягваў удзельнічаць у беларускім грамадскім жыцці, у выданні часопіса «Наперад!», дзе публікаваліся і яго вершы. У 1954 г. ажаніўся з сяброўкай яшчэ з лагера ў Рэгенсбургу Вольгай Харытончык (1928–1987). У тым самым годзе, абараніўшы працу на тэму «Першая унія Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай» («La premiere Union du Grand Duche de Lithuanie avec la Pologne (1385–1386)»), атрымаў дыплом гісторыка і пераехаў для працы ў Мюнхен (Нямеччына).

У 1954–1957 гг. Янка Запруднік працаваў у беларускай рэдакцыі Радыё «Вызваленне» ў Мюнхене, супрацоўнічаў з газетай «Бацькаўшчына» (пэўны час займаўся яе адміністрацыйнымі справамі). У 1957 г. выехаў у ЗША, дзе да 1991 г. працаваў у нью-ёрскай рэдакцыі радыё «Вызваленьне» («Свабода»).

Разам з жонкай і дзвюма дачкамі жыў у Нью-Ёрку, потым у Нью-Джэрсі, займаўся грамадскай дзейнасцю. Быў сябрам Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА), удзельнічаў у выданні часопіса «Беларуская моладзь», уваходзіў у Прэзідыум Рады БНР. У 1960 г. паступіў у аспірантуру Гарадскога ўніверсітэта Нью-Ёрка. У 1969 г. у Калумбійскім універсітэце (Нью-Ёрк) абараніў доктарскую дысертацыю «Палітычная барацьба за Беларусь у царскіх Дзяржаўных думах (1906–1917)». У 1967–1975 гг. чытаў лекцыі па гісторыі Беларусі ў Куінс-каледжы Нью-ёркскага ўніверсітэта, а таксама Калумбійскім і Ратгерскім універсітэтах. Выдаваў англамоўны бюлетэнь «Facts on Byelorussia».

У 1981–1995 гг. Янка Запруднік быў галоўным рэдактарам газеты «Беларус». Ад пачатку 1990-х гг. стаў наведваць Беларусь, удзельнічаць у навуковых канферэнцыях. Удзельнічаў у з’ездах беларусаў свету, міжнародных кангрэсах беларусістаў. Вершы Сяргея Ясеня (Янкі Запрудніка) сталі друкавацца ў паэтычных зборніках і часопісах у Мінску.

Жонка Вольга памерла ў 1987 г. пасля хваробы. У 1995 г. ажаніўся другі раз з Надзеяй (Рагалевіч, Кудасавай). Жыве ў Сомерсэце (Нью-Джэрсі).

Янка Запруднік – аўтар 10 кніг, 11 брашураў і сотняў артыкулаў па гісторыі Беларусі. Сярод іншага выдаў кнігі, прысвечаныя гісторыі «Дванаццаткі» і беларускім фестывалям у Нью-Джэрсі. Уваходзіць у кіраўніцтва Беларуска-Амерыканскага задзіночання і Беларускага інстытута навукі і мастацтва, управу фундацыі імя Пётры Крэчэўскага.

Ад пачатку 2000-х гг. Янка Запруднік рэгулярна перадае свае дакументы на захаванне ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Гэтыя дакументы і склалі аснову юбілейнай экспазіцыі.

Прадстаўленыя на выставе дакументы ахопліваюць усе перыяды жыцця дзеяча: ад навучання ў сямігодцы ў Міры да апошняга наведвання Беларусі ўлетку 2016 года. Экспазіцыя пабудавана паводле храналагічнага прынцыпу, што дазваляе прасачыць жыццёвы шлях Янкі Запрудніка, што ішоў праз розныя краіны.

Пачынаецца выстава нешматлікімі копіямі даведак пра навучанне ў Міры і Баранавічах, а таксама выдадзеным у 1943 годзе пашпартам Сяргея Вільчыцкага (арыгінал). Далей прадстаўленыя дакументы з навучання, пачаткаў творчай і грамадскай дзейнасці будучага гісторыка і журналіста ў лагерах для перамешчаных асобаў у Нямеччыне, а таксама ў Вялікабрытаніі, дзе ён разам з сябрамі па «Дванаццатцы» працаваў у вугальных капальнях.

Асобны важны раздзел экспазіцыі адлюстроўвае навучанне Янкі Запрудніка ў Каталіцкім універсітэце ў Лювене (Бельгія). Тут можна ўбачыць арыгінал дыпломнай працы, спіс прадметаў, якія вывучаў будучы гісторык, спіс беларускіх студэнтаў гэтай установы і інш. Тут жа змешчаныя арыгінальныя падарожныя дакументы Янкі Запрудніка 1950–1951 гг., дакументы ягонай жонкі Вольгі Харытончык-Запруднік. Перыяд працы па сканчэнні ўніверсітэта ў беларускай рэдакцыі Радыё «Вызваленне» ў Мюнхене прадстаўлены разнастайнымі даведкамі, рэзюмэ, афіцыйнымі паперамі, публікацыямі вершаў на старонках газеты «Бацькаўшчына», у альманаху «Ля чужых берагоў» і інш.

Значная колькасць дакументаў на выставе датычыць «амерыканскага» перыяду жыцця Янкі Запрудніка: яго навучанню ў аспірантуры ў Гарадскім універсітэце Нью-Ёрку, абароне дысертацыі ў 1969 г. Цікавасць выклікаюць і афіцыйны дыплом аб наданні доктарскай ступені, і шматлікія віншаванні ад суродзічаў, арганізацый, устаноў. Можна адзначыць адмысловую віншавальную паштоўку, падпісаную вядомымі дзеячамі беларускай эміграцыі: Наталляй Арсенневай, Вітаўтам Тумашам, Янкам Садоўскім, Раісай Жук-Грышкевіч і іншымі. Тут жа ёсць і выразкі з газет з паведамленнем пра беларусаведныя лекцыі Янкі Запрудніка ў вышэйшых навучальных установах Нью-Ёрка і Нью-Джэрсі, абвесткі пра даклады на пасяджэннях Беларускага інстытута навукі і мастацтва, візітоўкі, фотаздымкі індывідуальныя і ў групах з дзеячамі беларускай дыяспары ў ЗША. На выставе таксама можна ўбачыць дакументы, якія датычаць дзейнасці Янкі Запрудніка на пасадзе рэдактара газеты «Беларус», супрацоўніка нью-ёркскай беларускай рэдакцыі Радыё “Свабода”. Шматлікімі публікацыямі на беларускай, англійскай, украінскай мовах, а таксама кнігамі прадстаўленая навуковая дзейнасць юбіляра.

Своеасаблівае «вяртанне» Янкі Запрудніка ў Беларусь ад пачатку 1990-х гг. адлюстравана на выставе шматлікімі фотаздымкамі з прадстаўнікамі беларускай творчай эліты: Генадзем Бураўкіным, Нілам Гілевічам, Вольгай Іпатавай, Карласам Шэрманам і інш., а таксама лістамі і запрашэннямі з Беларусі, інтэрв’ю ў мінскіх газетах, публікацыямі вершаў у розных паэтычных зборніках. Асаблівую важнасць для супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва мае адрасаваны ім аўтограф Янкі Запрудніка, пакінуты ім у часе апошняга наведвання нашай установы ў чэрвені 2016 г.

На адкрыцці выставы, якое адбылося ў дзень народзінаў Янкі Запрудніка, сваімі згадкамі пра сустрэчы з юбілярам падзяліліся акадэмік Радзім Гарэцкі, прафесар Адам Мальдзіс, унучка Я. Коласа Марыя Міцкевіч, даследчыца Лідзія Савік, дырэктар архіва-музея Ганна Запартыка.