Яна лічыла сябе беларускай… Магдалена Радзівіл: роля асобы ў развіцці традыцый мецэнацтва

Для таго каб развіць беларускую дзяржаўнасць, неабходна прыцягнуць да гэтага працэсу маладое пакаленне: самабытнасцю, мовай і культурай.

Такую думку выказаў першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта — Выканаўчага сакратара СНД Уладзімір Гаркун на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Магнаты і шляхта Вялікага Княства Літоўскага», прысвечанай 155-годдзю з дня нараджэння Магдалены Радзівіл. Асветніцтва і мецэнацтва, іх уплыў на нацыянальнае адраджэнне Беларусі ― асноўныя тэмы, што ўздымаліся падчас пасяджэння ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.

Выступае Адам Мальдзіс, доктар філалагічных навук, прафесар, ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

― Беларусь ужо даўно пацвердзіла сваю самабытнасць, і некалькі плыняў мастацкага адраджэння толькі ўзмацняюць імкненне беларусаў да зацвярджэння нацыянальнай самасвядомасці, ― адзначыў прафесар Адам Мальдзіс. ― Ці можа жыць чалавек без уласнага імя? Праз яго мы асэнсоўваем сябе. Мы, наш народ, у час Магдалены Радзівіл згубілі сваё імя, але назве нашай краіны ўжо амаль восемсот гадоў, і сама Магдалена лічыла сябе беларускай.

З Мікалаем Радзівілам у Магдалены быў другі шлюб, да якога яна падышла заможнай жанчынай. Дзяўчыну аддалі за добрага знаёмага яе бацькі Людвіга Красінскага, які быў старэйшы на дваццаць гадоў. У іх нарадзілася дачушка. Хутка бацька, а потым і муж памерлі, распавёў журналіст і пісьменнік Віктар Хурсік пра жыццёвы шлях Магдалены. Усю спадчыну бацька завяшчаў ёй. Некалькі маёнткаў, юрыдычныя адносіны з арандатарамі ― усё патрабавала выхаванасці, ведання замежных моў. У той перыяд Магдалена нават не думала пра другі шлюб. У 1904 годзе яна паехала на адпачынак у Лондан, дзе пазнаёмілася з юным вайскоўцам Мікалаем Радзівілам, які быў нашмат маладзейшы за Магдалену. Але пачуцці захапілі так, што хутка зарэгістравалі шлюб.

Мікалай падтрымліваў традыцыі мецэнацтва, далучылася і Магдалена. Звестак пра іх ахвяраванні засталося няшмат: у тыя часы мецэнацтва было нелегальным, адначасова і своеасаблівай формай пратэсту і рэалізацыяй духоўнага абавязку перад грамадствам. Але вядома, што Магдалена падтрымлівала выдавецтва «Загляне сонца і ў нашае ваконца», адкрывала беларускія школы, сялянскія магазіны, таварыства цвярозасці, спрабавала арганізаваць шпіталі для беднякоў. Яна імкнулася адрадзіць беларускую мову: усе свае справы княгіня вяла па-беларуску, а таксама многія творы маладых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў выйшлі ў свет дзякуючы ёй.

Мецэнаты адыгрывалі значную ролю ў развіцці культуры і адукацыі ў розныя часы. Больш за тое, гісторыя мае шмат прыкладаў, калі простыя людзі прымалі ўдзел у гэтым працэсе: некаторыя драўляныя храмы ў вёсках былі пабудаваны за кошт яе жыхароў. Цяпер мецэнацтва шырока распаўсюджана, у тым ліку і народнае: набірае моц такая з’ява, як краўдфандынг: людзі самі абіраюць цікавыя для іх праекты, беручы адказнасць за выбар. Гэта спрыяе развіццю нацыянальнай свядомасці, адкрыццю новых напрамкаўу культурным жыцці краіны.

Развіццю мецэнацтва садзейнічаюць канферэнцыі і іншыя падзеі, падчас якіх людзі маюць магчымасць гаварыць пра культуру беларускай зямлі і пра выдатных асоб, як Магдалена Радзівіл, што дапамаглі ствараць Беларусь, якую мы бачым цяпер. Як адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызскай РэспублікіКурбанычбек Амураліеў, калі людзі ведаюць гісторыю роднага краю, ім прасцей, абапіраючыся на досвед продкаў, вырашаць сучасныя праблемы.

Фота Юліі Сермяжка.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение