Сёлета журы вырашыла ўлучыць у доўгі спіс 13 кніг. Такое рашэнне тлумачыцца тым, што ў гэтым годзе журы ўпершыню абірае кнігі не галасаваннем і падлікам балаў, а кансэнсусам, і дзеля дасягнення кансэнсусу журы спатрэбілася ўвесці дадатковую пазіцыю. Доўгі спіс можна пабачыцьна сайце прэміі. Кароткі спіс будзе названы ў пачатку верасня.
Таксама вызначылася ўзнагарода для аўтара кнігі, якая зойме трэцяе месца. Інстытут імя Гётэ ў Мінску прапаноўвае трэцяму лаўрэату двухтыднёвы творчы адпачынак у Берлінскім літаратурным калоквіуме ў снежні 2016 года. Аўтар кнігі, якая зойме другое месца, будзе ўзнагароджаны стыпендыяй у Доме творчасці пісьменнікаў (г. Вісбю, Готланд, Швецыя), першае — чэкам ад IdeaBank. У журы прэміі сёлета ўвайшлі: Ігар Бабкоў, Сяргей Дубавец, Людміла Рублеўская і Ганна Янкута — з беларускага боку; Анджэй Бжэзецкі і Малгажата Ноцунь — з польскага боку. Ганаровы старшыня журы — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік. Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года. Папярэднія пераможцы: Павел Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў з кнігай “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько з кнігай “Час збіраць косці” (2015).