Калі вы даказваеце, што Беларусь прыгожая (“Не, няпраўда, не адно балота, не, ёсць на што глядзець”), значыць, вы яшчэ не зразумелі, наколькі яна прыгожая. Інакш не пачыналі б з “не”.
“Не горш чым ў Еўропе”. У гэтым “не горш” і ёсць самая соль нашага комплексу непаўнавартаснасці. Чаму нашае, тутэйшае, не каштоўнае само па сабе, а мусіць арыентавацца на замежны “стандарт прыгажосці”?
За апошнія год-два ў сацсетках разраслася колькасць суполак па тэме “альтэрнатыўнай Беларусі”. Ідэя простая – сфоткаць Беларусь не такой, якой мы яе прывыклі бачыць. Бо большасць фотаматэрыялаў, якія мы маем цяпер, асабліва ў афіцыйных крыніцах, – надзіва дрэнныя, цьмяныя, штампаваныя, “зямелька шэрая”, бядацтва. Спецыяльны фільтр антыбеларускасці.
Аднак, як бачым, апошнім часам запусціўся працэс актыўнага развіцця беларускай фотакультуры, у асноўным за кошт прыватнай ініцыятывы, аматараў, энтузіястаў. І гэта толькі частка агульнага працэсу, які выклікае шмат цікавых эфектаў і зломаў у свядомасці.
Тэарэтычна мы, дасведчаныя ў аграэкатурызме, ведаем, што Беларусь прыгожая і багатая на нацыянальныя сімвалы/стравы/традыцыі, а каля такіх будынкаў, як нашыя занядбаныя культурныя помнікі, можна збіраць дзікія натоўпы турыстаў. Гэта ўжо ператварылася ў вывучаны ўрок. Мантра для самаўнушэння. Але яшчэ не стала надзённасцю, відавочным фактам, які не трэба даказваць. Такія змены не адбываюцца хутка. Таму пакуль беларуская прыгажосць выклікае пякельна супярэчлівыя адчуванні.
Вобраз Беларусі калгаснай, вытворчай, шаразёмна-трактарнай сядзіць глыбока ў падкорку, як звычайна і бывае з комплексамі. Між тым вочы бачаць іншае, асабліва востра – падчас першых вясновых падарожжаў “на майскія”, якія для таго і створаныя, каб выклікаць у беларусаў пакуты ад прыгажосці. Узнікае глыбокі кагнітыўны і эмацыйны дысананс. Горш за тое, гэтую прыгажосць мы ўспрымаем на ўзроўні рэцэптараў цела: гук, пах, колер, але не здольныя асэнсаваць і перажыць, бо гэта не сфармулявана ў культуры. Калі бачыш прыгожую зялёную агароджу ў Англіі, адразу ўзнікаюць пэўныя асацыяцыі – віктарыянская ўтульнасць, міфічныя сюжэты, гномы ў капялюшыках; калі тое ж у Беларусі – нічога. Мозгу надзвычай цяжка думаць пра тое, што не мае назвы; ад гэтага хочацца біцца галавой у лабавое шкло. Такая вось культурная немата. Здзек з чалавечых эмоцыяў.
Агульнавядомыя асацыяцыі абмяжоўваюцца вёскай і сялянскай сядзібай – вобразамі, што застаюцца ў галаве пасля школьнага курсу беларускай літаратуры. Паняцці прыгожага, чароўнага, нават міфічнага – для нас “недзе там”: у Лондане, Парыжы, на Ніягарскім вадаспадзе, у японскіх сакурах, нямецкіх цацачных палацах, на крайні выпадак – у Вільні, “бо там Еўропа”. У Еўропы ёсць свой міф, падтэкст. А ў нас – калгас, пабудова сацыялізму. А віскат шасцерняў не можа ляжаць у аснове нацыянальнага міфу. Не прыносіць ён таго суцяшэння, рэлаксу для душы, якога звычайна чакаеш ад добрага адпачынку.
У выніку горш за ўсё тым, хто ўсё ж усвядоміў у Беларусі нешта па-за аграрнасцю і сацыялізмам, але пакуль што застаецца са сваім веданнем сам-насам ці ў невялікім коле гэткіх жа “пасвечаных”. Многім дапамагае вяртанне да вобразу ВКЛ, і нядзіўна, бо гэта самы ідэйна яскравы кавалак нашай гісторыі. Але пакуль што ў Беларусі зашмат нявымаўленага, несфармуляванага, таго, што трапляе ў вочы і вушы, але не змяшчаецца ў мозгу і ліецца праз борт, і каб асэнсаваць гэта (або вывесці на агульнавядомы ўзровень) – патрэбная тытанічная праца. Радуе, што ў пэўных сферах яна ўжо робіцца (нават нечакана для нашага песімізму!), як у тым жа выпадку з фота. Часам узнікае цэлая манія – фоціць Беларусь, фіксаваць кожны момант, бо тое, што схоплівае камера, можа лічыцца рэальным.
Штодзень мы перажываем падзеі, якія маглі б быць тэмай песні або эпізодам фільма – жывога, цікавага, а не “культурнага прадукту”, выпушчанага і запакаванага пад штэмпелем Міністэрства інфармацыі. Прывабнасць нейкага геаграфічнага асяродку вызначаецца не яркасцю ландшафту, а асэнсаванасцю і наданнем яму значэння. Тая ж Англія мае не самую выбітную прыроду, аднак яе сусветна-глабальная культура дала імя кожнаму лапіку зямлі.
Усё асабіста перажытае важнейшае за чужое. Беларусь для беларуса – выключная, па-за рэйтынгам, у якім спаборнічаюць Англіі ды Швейцарыі з Турцыямі-Егіптамі. У ідэальным сусвеце. Аднак і яе нявымаўленасць надае любові да яе асабліва пякучую вастрыню. Мы можам ганарыцца гэтым драматызмам. Чым не сюжэт для нацыянальнага міфу? Беларусь-Папялушка, Беларусь — прыгажуня ў сонным лесе. Кожнаму блізка і зразумела.