Калі беларусы сталі «турыстамі»?

Cпрадвеку беларусы імкнуліся зьведаць ці ня ўвесь сьвет. Максымільян Рыла адкрыў для сябе Мэкку, а для ўсяго сьвету — Бабілён, Ігнат Дамейка — нязнаны акраец Амэрыкі, Восіп Гашкевіч зьдзейсьніў падарожжа вакол сьвету і вывучаў краіны Далёкага Ўсходу, Аляксандар Эстрын — дасьледаваў плямёны Інданэзіі. Яшчэ тысячы іншых беларусаў прайшлі дарогамі ўсіх кантынэнтаў.

Падарожжа дыліжансам, пачатак ХІХ ст., кніжная ілюстрацыя

Але гэтым разам мы будзем гаварыць не пра эмігрантаў, што не па сваёй волі пакідалі назаўжды родны край, не пра прафэсійных першапраходцаў, а пра экскурсантаў, пілігрымаў, турыстаў, якія выяжджаюць зь Беларусі ў шырокі сьвет ненадоўга і неўзабаве вяртаюцца з новым досьведам. Пра беларусаў у падарожжах мы гутарым з культуролягам, мастацтвазнаўцам, выкладчыкам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргеем Харэўскім. Да таго ж ён сам заўзяты падарожнік.

 
Адпачынак пілігрымаў у сярэднявеччы, гравюра ХІХ ст.
 

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, вы пабывалі шмат дзе, ад Паміру да Сахары. А ці часта вам даводзілася бачыць у далёкіх ад Беларусі краінах землякоў у якасьці турыстаў?

Сяргей Харэўскі: Так, цяпер усё часьцей! Беларусы, старыя і маладыя, імкнуцца пабачыць сьвет. Адна з таямніцаў нашай ідэнтычнасьці — прага да падарожжаў. Беларускіх турыстаў можна ўжо спаткаць сёньня ці ня ў кожнай краіне сьвету.

Ракіцкі: І я таксама бачу тлумы турыстаў зь Беларусі практычна паўсюль. Падарожнічаць стала нашмат прасьцей і даступней. Цяпер зьдзейсьніць пазнавальную паездку ня так і складана. А як было раней? Ці вядомыя ў нашай гісторыі цікаўныя да іншай прыроды ды чужых звычаяў людзі? Ці вандравалі такія нашы цікаўныя землякі ў далёкія часы? І ў якія краіны?

Харэўскі: Так. І часьцей, чым гэта нам бачыцца сёньня. Гэта мы цяпер, пасьля расейска-савецкага досьведу, мысьлім катэгорыямі Захаду і Ўсходу, а ў папярэднія стагодзьдзі нашы продкі летуценна або багавейна пазіралі найперш на Поўдзень! Менавіта наш зямляк, манах полацкага Бельчыцкага манастыра Варсанофій ня толькі адным зь першых хрысьціянскіх аўтараў, але наагул першы сярод славянаў апісаў свае падарожжы ў Эгіпет, да Ніла, на Сынай. Падарожнічаў туды двойчы — у 1456-м і 1461–1462 гадох. І напісаў свае славутыя «Хаджэньні» — першы ўзор жанру краіназнаўчай літаратуры ва ўсходнеславянскім сьвеце!

Сяргей Харэўскі

Ракіцкі: Гэта ж сярэдзіна XV стагодзьдзя... Амаль 600 гадоў таму! І якія найбольш цікавыя ўражаньні з тае паездкі вывез манах з Полацку, багамолец Варсанофій? Ці ён зьвяртаў увагу толькі на сьвятыні?

Харэўскі: Ня толькі! У тым і ўнікальнасьць ягоных тэкстаў, што ён апісваў самыя розныя дзіўныя рэчы, што трапіліся яму ў дарозе, вольным стылем. Дасьледчыкі аднадушна сьцьвярджаюць, што ў мове ягоных вядомых «Хаджэньняў», апісаньняў падарожжаў па сьвятых мясьцінах, багата беларусізмаў, яны напісаныя жывой крывіцкай моваю XV стагодзьдзя. Аповед Варсанофія пра сваё доўгае, небясьпечнае і поўнае прыгодаў падарожжа доўгі час заставаўся галоўнай крыніцай ведаў у нашым сярэднявечным грамадзтве і ў нашых суседзяў пра тыя краі. Наш выдатны зямляк першы са славянаў апісаў Эгіпет, «златаструйны Ніл» і «лютага зьвера» кракадзіла. Варсанофій з Полацку не баяўся, аднак, кракадзілаў! Ён ідзе далей па Афрыцы. Там ён бачыць і апісвае сам Каір — «стары Місюр», фінікавыя пальмы. Напрыклад, пра фінікавыя пальмы ён піша гэтак:

«видех же древеса, на них же растет мед дивий, и иных древес много видех, их же имена не свем».

І дакладна ён быў першы, хто апісаў піраміды, якія ён называў жытніцамі Язэпа — «житници Осифа Прекраснаго за рекою за Нилом противу старовь Миисюря».

Варсанофій наагул першым з падарожнікаў пабываў на Сінаі:

«Узыходзіў на высокую гару Сінайскую. На ёй стаяў Майсей і бачыў Неапалімую купіну. Месяца лютага ў першы дзень, на памяць сьвятога пакутніка Трыфана стварыў са сьлязьмі малітву Госпаду Богу, і прачыстай яго маці, і сьвятому прароку багавідцу Майсею».

Ракіцкі: Аказваецца, яны былі, былі, так бы мовіць, беларускія турысты ў Эгіпце, 600 гадоў таму! Дарэчы, тут варта згадаць яшчэ аднаго беларускага вандроўніка па тых «палестынах» — Мікалая Крыштафа Радзівіла, званага «Сіроткам». Ці ён пакінуў якія свае ўражаньні ад паездак у далёкія краі?

Харэўскі: Гэта ўжо XVI стагодзьдзе. Так, Мікалай Радзівіл пакінуў цудоўны дзёньнік свайго падарожжа ў Сьвятую Зямлю ў 1582–1584 гадох — «Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва Ясна Асьветленага Князя Ягамосьці Мікалая Крыштафа Радзівіла ў Сьвятую Зямлю», што выйшла ў сьвет на лаціне ў 1601 годзе ў Нямеччыне, а пасьля шматкроць перавыдавалася й на іншых мовах. А на сучасную нашу мову яе пераклаў Сяргей Шупа. І ў ёй мы знаходзім сьведчаньні шырокіх зацікаўленьняў Радзівіла. Свой расповед ён пачынае з 16 верасьня 1582 году, калі выехаў у падарожжа зь Нясьвіжу. Праз Вэнэцыю, Кіпар ды Сырыю шлях ляжаў у Палестыну і Эгіпет. Шмат месца ў кнізе адведзена апісаньню невядомых на той час у Вялікім Княстве Літоўскім экзатычных жывёлаў — хамэлеона, кракадзіла, бэгемота, афрыканскага страўса. Дарэчы, менавіта Мікалай Радзівіл адным зь першых у сьвеце патлумачыў, чаму буслы лётаюць зімаваць у Афрыку.

Ракіцкі: І чаму, паводле Радзівіла? Я таксама над Нілам бачыў беларускіх буслоў і таксама задумваўся над гэтым пытаньнем.

Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка» ( 1549–1616 ) ва ўборы пілігрыма

Харэўскі: Сёньня, здаецца, гэта проста патлумачыць. А Радзівіл гэта тлумачыў наяўнасьцю харчовай базы і магнэтызмам, які сёньня ўжо даказаны. Буслы ляцяць па прамой, нібы па стрэлцы компаса. Ён спраўдзіў, што гэтыя вялікія белыя птушкі вяртаюцца з выраю нібы па компасе, які ў іх ёсьць у галаве. Радзівіл супаставіў з тым, як гэта робяць паштовыя галубы, і зразумеў, што і буслы ніколі не зьбіваюцца са сваіх маршрутаў.

Ракіцкі: Калі я вас слухаю, дык мне падаецца, што даўнейшыя беларускія падарожнікі перадусім апісвалі экзатычную прыроду і жывёльны сьвет. А ці цікавіў іх побыт, заняткі тамтэйшых людзей?

Харэўскі: Той жа Радзівіл цікавіўся і розным будаўніцтвам:

«Агледзеў я надзіва вялікія руіны места Гартыны, якое цар Таўрус, Эўропу, дачку Агенораву, выкраўшы, збудаваў і імем маці сваёй назваў. Мясьцілася места тое ніжэй пад самым Лябірынтам, і гэта ясна паказвае, што яно з тых камянёў мураванае было, якія зь сярэдзіны гары выломвалі і вазілі. Вялікае і прыгожае было места, як апоры і калёны некалі цудоўныя сьведчаць, якія дзеля гушчыні іхняе лесам нейкім здалёк здаюцца. Ёсьць тут таксама і сьляды разваленага касьцёла, вялікім коштам некалі збудаванага. Але найдзіўнейшы тут мост праз маленькую рэчку, зь вялізных квадратных камянеў, якія ні волавам, ні вапнаю ня злучаныя, аднак гэтак моцна трымаюцца, што бясьпечна па іх езьдзіць можна».

Ракіцкі: Цяпер ясна, дзе і чаму ён захапіўся архітэктураю і як задумаў разбудаваць уласную сталіцу — Нясьвіж. Відавочна, захапленьне будаўніцтвам пасьля Міжземнамор’я ў яго было невыпадковае. Але ён там бачыў і людзей іншых расаў і іншых рэлігіяў. Як успрымаў ён іх, як ставіўся да іх?

Харэўскі: Перадусім, зь вялікай цікавасьцю. Напрыклад, вось як ён апісвае адзін з турэцкіх шпіталяў, дзе яму давялося пабываць:

«Бачыў я ў тым шпіталі, як адзін турак, маючы пяць птушак зялёных, па адной на волю пускаў, пры тым нешта над нос мармычучы. А калі я праз тлумача прычыны ўчынку таго даведваўся, адказаў мне: гэтак раблю я дзеля душаў бацькоў маіх памёрлых і веру, што тым маім добрым учынкам крыху памагчы ім здолею».

Бачыце, аніякіх нэгатыўных канатацыяў. Нават кранальнае апісаньне, праўда?

Лекарка-авантурыстка Рэгіна Саламея Пільштынова з Русецкіх, літаграфія ХІХ ст.

Ракіцкі: Сапраўды, душэўна, нібыта жанчына пісала. А вось скажыце, Сяргей, у тыя часы маглі падарожнічаць толькі мужчыны? Ці ёсьць і прыклады жанчын, так бы мовіць, турыстак?

Харэўскі: Гэта вельмі цікавы аспэкт. У беларускай традыцыі гэта вельмі вялікая частка нашай спадчыны — сьведчаньні пра паломніцтвы і падарожжы нашых славутых жанчын. Ну, бадай, са школы ўсе павінны ведаць пра паломніцтва ў Сьвятую Зямлю нашай сьвятой Эўфрасіньні. Але ў школах амаль ня згадваюць Рэгіну Салямэю Пільштынову з дому Русецкіх — першую ў гісторыі Рэчы Паспалітай жанчыну-лекарку, асьветніцу, пісьменьніцу, а таксама і турыстку-авантурыстку. У сваім прыгодніцкім мэмуарным рамане «Авантуры майго жыцьця» яна апісала свае ваяжы па Турэччыне, Балканах, Расеі, Аўстрыі. Сярод яе пацыентаў былі людзі розных нацыянальнасьцяў, ад простых людзей да расейскай царыцы і турэцкага султана. Кніга лекаркі-падарожніцы «Авантуры майго жыцьця» даўно перакладзеная на нашу мову, тройчы выдавалася па-беларуску і сёньня даступная ў Сеціве. Вельмі раю яшчэ раз пачытаць, калі хто не пасьпеў.

А вось пра каго дакладна не распавядаюць пакуль у школах, дык пра Тэафілію Мараўскую, дачку Ўршулі Радзівіл і сястру Радзівіла «Рыбанькі», якая пакінула найцікавейшы дыярыюш свайго падарожжа па Эўропе ў 1773–1774 гадох. Яе муж, Ігнацы Фэлікс Мараўскі, быў афіцэрам радзівілаўскіх гусараў. За ім яна паехала ў Страсбур, праз прускую сталіцу Крулявец, праз усю Нямеччыну.

Ракіцкі: Мараўскую таксама цікавіла мэдыцына. Але ў сваім дзёньніку яна апісвала і ўражаньні ад наведваньня Гданьску, дзе захаплялася архітэктураю храмаў і слухала ў іх арганы. Мараўская таксама эмацыйна апісвала падарожжы ў Бэрлін, Патсдам, Страсбур, Цюрых і, натуральна ж, у Парыж. Але пра гэта, а таксама пра тое, як і на чым падарожнічалі даўнейшыя беларусы па сьвеце, размова пойдзе ў наступнай перадачы.