Суд над зьбітым уначы Вячаславам Сіўчыкам пачнецца аб 11-ай гадзіне ў судзе Цэнтральнага раёну. На яго складзеныя два пратаколы — за хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі.
Лідэра руху салідарнасьці «Разам» Вячаслава Сіўчыка сярод ночы затрымалі ў пад’езьдзе ўласнага дому супрацоўнікі міліцыі, сарваўшы верхняе адзеньне, зьбіўшы і закаваўшы ў кайданкі.
Пра гэта Свабодзе паведаміла сьведка затрыманьня, жонка Вячаслава Ганна Сіўчык:
«Слава патэлефанаваў каля трох гадзінаў ночы і паведаміў, што ня можа зайсьці ў пад’езд, бо пры ўваходзе стаяць міліцыянты. Я спусьцілася і паспрабавала адчыніць дзьверы, каб дапамагчы яму зайсьці. Гэта атрымалася з цяжкасьцю, але ў пад’езд мы ўсё ж патрапілі. Міліцыянты казалі, што, маўляў, затрымалі Вячаслава яшчэ на выхадзе з мэтро, бо ён быў у стане алькагольнага ап’яненьня і нецэнзурна лаяўся. Як ён пры гэтым здолеў дабрацца дадому — незразумела.
Яны не давалі нам магчымасьці падняцца ў кватэру, якая на чацьвёртым паверсе. Мяне трымалі, каб я Славу не дапамагала, а яму заломвалі рукі, білі ў валтузьні і нават сарвалі куртку і швэдар, бо Слава, натуральна, вырываўся. У выніку ўсё ж на яго надзелі кайданкі і зьвезьлі ў Цэнтральны РУУС Менска. Мы з маці Вячаслава даехалі туды, каб перадаць хоць верхняе адзеньне, але ў нас узялі ня ўсё. Каля 6 раніцы мы пакінулі Цэнтральны РУУС, дзе ён быў ад пачатку, але дзе зараз Слава мы ня ведаем — на нашыя тэлефанаваньні нам адказваюць».
Як паведаміла Ганна Сіўчык, як адзіны сьведка затрыманьня, яна хацела б выступіць у судзе. Ганна мяркуе, што Вячаслава Сіўчыка затрымалі за ягоную актыўную грамадзка-палітычную дзейнасьць.