У госці да берасцейцаў завітала ўнучка Якуба Коласа і Янкі Маўра, сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" – Марыя Міцкевіч. Яна займаецца даследваннем невядомых старонак жыцця і творчасці сваіх дзядоў і на адмысловай сустрэчы ў Берасці прэзентавала вынікі сваіх росшукаў.
Марыя Міцкевіч: Я не была ў Берасці, толькі праездам. Таму з задавальненнем прыехала сюды. Нават трошкі пагуляла па горадзе. Наведала Берасцейскую крэпасць. І адбылася сустрэча на курсах «Мова нанова». Вельмі цікавыя людзі, задавалі шмат пытанняў. Заўсёды на такіх сустрэчах больш цікава адказваць на пытанні і чакаць нейкай зваротнай сувязі. Мне было прыемна, што на сустрэчы гэтая сувязь адбылася. Маўр напісаў шмат твораў. Ён сябраваў з многімі вайскоўцамі. Адночы яго запрасілі да сябе пагранічнікі Берасця. Ён наведаў Берасцейскую крэпасць, меў доўгія размовы. Пасля таго напісаў апавяданне «На заходніх рубяжах». Друкаваў у перыядычным друку, а таксама ў сваёй кнізе. У ягоным архіве захаваліся фотаздымкі з той паездкі, з пагранічнікамі Берасця. А Колас перапісваўся з Берасцейскім дзіцячым домам. Дзеці атрымлівалі яго пісьмы, ёсць і пісьмы выхаванцаў дзіцячага дома да Коласа.
РР: У сваіх даследваннях вы пэўна знаходзіце нейкія новыя факты, якія, са знойдзеных апошнім часам, найбольш цікавыя?
Марыя Міцкевіч: З тых, што знойдзены, для мяне было цікава, што знайшла ў Рызе, у Латвіі невядомы дарчы надпіс Якуба Коласа. Гэта, па-першае. Ну і па-другое, мне давялося працаваць у бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане, дзе знайшла шмат матэрыялаў, прысвечаных Якубу Коласу, якія друкавалія па-за межамі Беларусі, у тым ліку і мюнхенскія выданні «Сымона Музыкі», «Новай зямлі», якія былі бесцэнзурныя. І зараз, калі выдаваўся поўны збор твораў, там захваліся яшчэ цэнзурныя варыянты, як раз мой бацька быў у гэтай камісіі, казаў, што трэба паправіць некаторыя мясціны, але кіраўніцтва не на ўсе заўвагі пагадзілася, казала, што няма дакладных звестак. У цэнзурных выданнях выкідваліся ўсе мясціны пра Бога. У «Сымоне Музыке» таксама ёсць ідэалагічныя праўкі. І паўсюль былі выкінуты згадкі пра маскалёў.
РР: Ёсць у планах апублікаваць нешта невядомае?
Марыя Міцкевіч: Зараз я знайшла ў рукапісах „Старонкі гісторыі” Маўра. Для мяне гэта вельмі цікава, бо я заўсёды сама, калі чытала Маўра, думала: чаму столькі многа пра розныя іншыя краіны, а так мала пра Беларусь і пра тое, што бліжэй да нас? Але вось знайшлося неапублікаванае нават пра Грунвальдскую бітву, пра якую мы даведаліся, калі былі дарослымі. І вельмі дзіўна, што Маўр пра гэта ўсё ведаў, яшчэ ў 1945 годзе ён пра гэта напісаў.
РР: Якія вашыя ўласныя ўспаміны пра сваіх дзядоў?
Марыя Міцкевіч: Вельмі цікава было размаўляць з імі. Коласа я памятаю не шмат, памятаю, што ён любіў пасядзець з унукамі. Заўсёды нешта прыносіў – цукеркі, ці шакаладку. З Маўрам, безумоўна, былі больш цікавыя размовы. Напрыклад, пра розныя краіны. Наогул у яго былі энцыклапедычныя веды. Я спрабавала таксама пісаць вершы. Ён быў адным з першых крытыкаў. Цікавага шмат можна ўзгадаць.
Пасля сустрэчы наведвальнікі атрымалі падарункі ў выглядзе паштовак з цытатамі тэкстаў Якуба Коласа і Янкі Маўра, аздобленыя партрэтамі класікаў і краявідамі Беларусі. Некаторыя звярнуліся да Марыі Міцкевіч па аўтограф.
„Добра, што на такіх мерапрыемствах беларусы на гадзіну-другую зноў узгадаюць творы пісьменнікаў, а можа нехта іх зноў перачытае,” – зазначыла ўнучка Коласа і Маўра.