Праз паўстагоддзя беларуская мова не толькі будзе адной з дамінуючых у краіне, але і апынецца сярод семідзесяці моў пост-біблейскай традыцыі, лічыць доктар філасофіі і акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюма Ірына Дубянецкая.
Ірына Дубянецкая, акадэмічны дырэктар Беларускага клегіюма. Фота: Радыё Свабода
Якія падставы ў эксперта для такога прагнозу і ці пагаджаюцца з ёй іншыя спецыялісты?
– Я магу прывесці некалькі дзесяткаў цытат з беларускай літаратуры самых розных перыядаў і аўтараў, у якіх мова будзе асацыявацца са святлом і сімвалізаваць самую высокую духоўную каштоўнасць, – патлумачыла Ірына Дубянецкая на канферэнцыі Лятучага ўніверсітэта«Уяўляючы Беларусь: вобразы і ідэі, праекты і ўтопіі». – Гэта выразны факт таго, што беларусы вельмі любяць сваю мову і вельмі хочуць каб яна захавалася.
Ірына Дубянецкая звяртае ўвагу, што хоць сёння беларускае грамадства ў асноўным не гаворыць на сваёй мове, але ўсё ж людзі ў большасці выпадкаў называюць яе роднай. Як лічыць эксперт, няглядзечы на тое, што сучасныя беларускія пісьменнікі не валодаюць такім вялікім аўтарытэтам, як у ХХ стагоддзі, яны ўсё роўна з’яўляюцца тымі людзьмі, да якіх прыслухоўваюцца. Больш за тое, эксперт прагназуе, што ў Беларусі праз 50 год будзе такая сітуацыя, калі беларуская мова стане дамінаваць, але, як і ў часы Вялікага княства Літоўскага, гэта не будзе перашкаджаць развіццю іншых моў.
– Для Беларусі сітуацыя суіснавання трох а то і больш моў з’яўляецца нармальнай, – нагадвае эксперт.
Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў падзяляе аптымістычны настрой Ірыны Дубянецкай, але пры ўмове, што Беларусь застанецца незалежнай краінай.
– Калі не будзе анэксіі і мы захаваем сваю незалежнасць, то новае пакаленне, безумоўна, пачне і дзяржаўныя дакументы весці па-беларуску, – упэўнены эксперт.
Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Фота: Радыё Свабода
Галоўны паказчык, які дазваляе рабіць такія высновы, на думку старшыні Таварыства беларускай мовы – урбанізацыя.
– Мы ўпершыню за апошнія трыста гадоў сталі гарадской нацыяй, — адзначае эксперт.
Менавіта дзякуючы вёсцы мова захавалася. Але сёння яна стала больш прэстыжнай, моднай.
– Сёння на мове размаўляе эліта. Дзе ў нас найбольш гавораць па-беларуску? У Мінску. Наша эліта размаўляе па-беларуску. А ў вёсцы там трасянка, дыялекты, якія зразумела, таксама трэба захоўваць, але трэба з разуменнем ставіцца да таго, што літаратурнай мовай вёска ніколі не гаварыла і гаварыць не будзе, — адзначае Алег Трусаў.
Беларускі культурны дзеяч і паэт Міхал Анемпадыстаў лічыць, што рабіць нейкія прагнозы наконт мовы зараз няма сэнсу, але можна гаварыць аб тым, якія намаганні трэба рабіць каб мова захоўвалася. І ў першую чаргу для гэтага, як лічыць эксперт, патрэбна дзяржаўная падтрымка.
– Калі дзяржава не апякуе мову, тая перастае існаваць як універсальны сродак зносін. Для мовы вельмі важнай з’яўляецца падтрымка дзяржаўных інстытуцый – сродкаў масавай інфармацыі, адукацыі, ужывання мовы у публічных сферах, такіх як палітыка і навука, – лічыць спецыяліст.
Міхал Анемпадыстаў, беларускі культурны дзеяч і паэт. Фота: Глеб Лабадзенка, TUT.by
Міхал Анемпадыстаў прапануе перавесці беларускую мову на лацінку. На думку паэта, гэта б не толькі спрасціла камунікацыю з усім светам, які часцей карыстаецца лацінскім алфавітам, але і падкрэсліла б прыналежнасць Беларусі да еўрапейскай культуры. Пры гэтым эксперт нагадвае, што ў першапачатковым варыянце наша мова існавала якраз у варыянце лацінскага алфавіту і на кірыліцу была пераведзена штучна, пасля чаго страціла вялікую колькасць сваіх фанетычных асаблівасцяў.
Старшыня Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч таксама ўпэўнена, што праз 50 год мова не загіне, а сферы яе ўжытку пашырацца.
– Нягледзячы ні на што, яна застаецца мовай стасункаў, прынамсі ў інтэрнэце, – тлумачыць Тамара Мацкевіч, спасылаючыся на камунікацыю з сябрамі ў сацыяльных сетках. – Хоць у жыцці мову часта немагчыма ўжываць, напрыклад, у банку, у натарыяльнай канторы.
Тамара Мацкевіч, старшыня Таварыства беларускай школы. Фота: Радыё Свабода
Ці стане ўжыванне беларускай мовы пашырацца ў афіцыйнай сферы, на думку эксперта, залежыць ад таго, ці здолее Беларусь пабудаваць сваю незалежную краіну, бо тое што ў краіне двухмоўе – хлусня:
– Гэта я афіцыйна кажу, нікому не верце што ў нас аднолькавыя магчымасці для рускай і беларускай мовы. Кажуць, што бацькі дзяцей не аддаюць у школы, а насамрэч проста дзяржава не дае адчыняць беларускія школы пад рознымі адгаворкамі. І калі так будзе далей, то зразумела, што мова будзе жыць у андэграўндным стане. Калі ж мы здолеем пабудаваць сваю дзяржаву з магчымасцю выбару свайго кіраўніцтва, тады, канешне, ужыванне мовы будзе пашырацца.
Cёння для беларускай мовы ўвогуле не самая горшая сітуацыя, лічыць журналіст і выкладчык курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка.
– Беларускую культуру і мову ўвогуле большую частку гісторыі трымалі ўмоўна «трыста спартанцаў». А прамежкі нацыянальнага адраджэння заўжды былі кароткімі, хоць іх энерцыі і хапала надоўга, — гаворыць ён.
Глеб Лабадзенка. журналіст і выкладчык курсаў «Мова нанова». Фота: Будзьма
Пры гэтым сучасныя тэндэнцыі надаюць аптымізму, як лічыць эксперт. Па-першае, цікавасць да курсаў «Мова нанова» толькі ўзрастае. Па-другое, мова становіцца папулярнай сярод моладзі. Але найбольш журналіста «цешыць» ужыванне мовы ў сферы бізнесу.
– Мы бачым ўсё больш рэкламы на беларускай мове, а значыць сфера ў якой ёсць грошы паважае мову і не баіцца яе, а гэта вельмі добры знак, – упэўнены эксперт.