Выбух прагрымеў у 17 гадзін 55 хвілінаў 50 секундаў на станцыі метро «Кастрычніцкая». Загінулі і памерлі ад ран 15 чалавек. Каля 200 атрымалі траўмы.
Фота Юліі Дарашкевіч, 11 красавіка 2011 г.
Выбух адбыўся на станцыі метро «Кастрычніцкая» каля другога вагона ў цягніку, які мусіў рухацца на станцыю «Інстытут Культуры». Імаверна выбуховае прыстасаванне было закладзена пад лаўку. Магутнасць выбуховага прыстасавання склала ад 5 да 7 кг у тратылавым эквіваленце і было начыненая металічнымі элементамі, каб павялічыць паражальнае ўздзеянне і выклікаць шматлікія аскепкавыя раненні.
За арганізацыю выбуху былі затрыманыя Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. На судзе Кавалёў адчайна даказваў сваю невінаватасць, а Канавалаў быў інертным.
30 лістапада 2011 года іх прызналі вінаватымі і прыгаварылі да найвышэйшай меры пакарання — расстрэлу. У сакавіку 2012 г. Канавалаў і Кавалёў былі расстраляныя.
Штогод, 11 красавіка, мінчукі ў дзень тэракту прыносяць да мемарыяльнага знаку на станцыі метро «Кастрычніцкая» кветкі, каб ушанаваць памяць загінулых.