7 красавіка 1946 году на тэрыторыі Ўсходняй Прусіі была ўтворана Кёнігсбэрская вобласьць. На той час было ня выключана, што яна стане прыморскай вобласьцю БССР. Беларускія ўлады падрыхтавалі абгрунтаваньне, якое Сталін назваў слушным. Чаму Беларусь, ад якой адрэзалі кавалкі на карысьць Літвы і Польшчы, так і не атрымала выхад да мора, высьветліла Свабода.
257 год Усходняя Прусія была васалам ВКЛ
Больш як 600 год таму Кёнігсбэрг, або Каралявец на беларускі лад, ужо пераходзіў у падпарадкаваньне Вялікага Княства Літоўскага. Пасьля паразы Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдзкай бітве Ўсходняя Прусія перайшла да ВКЛ. Ад 1410 і да 1657 году гэты рэгіён быў у васальнай залежнасьці ад Вялікага Княства, а потым Рэчы Паспалітай.
Так выглядае цэнтар Калінінграда сёньня. Ён жа Кёнігсбэрг і Каралявец
З 1657 і да 1945 году Прусія ўжо была далучана да нямецкіх земляў. Толькі паміж 1758 і 1762 гадамі, у Сямігадовую вайну, яна была захоплена Расейскай імпэрыяй. Рэшту часу яна заставалася ўсходняй часткай Прусіі, а потым — аб’яднанай Нямеччыны.
Пасьля Першай сусьветнай вайны Нямеччына саступіла частку Ўсходняй Прусіі на карысьць Польшчы, якая дзякуючы гэтаму атрымала выйсьце да Балтыйскага мора. Новае Памяранскае ваяводзтва пераразала Ўсходнюю Прусію на дзьве часткі.
Чарговы падзел гэтай тэрыторыі прыпаў на 1945 год, калі рэшту Ўсходняй Прусіі падзялілі паміж Польшчай і СССР. Клайпэдзкі край вярнулі Літве, траціна Ўсходняй Прусіі адышла да РСФСР, а большая частка ўвайшла ў склад Польшчы.
Такім чынам, пасьля распаду Тэўтонскага ордэна ў 1410 годзе Ўсходняя Прусія 257 год уваходзіла ў склад ВКЛ і Рэчы Паспалітай, 284 гады была нямецкай, 4 гады належала Расейскай імпэрыі, і 61 год — РСФСР і сучаснай Расеі.
Панамарэнка хацеў далучыць Калінінградзкую вобласьць
Цэлы год пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны Ўсходняя Прусія ў СССР мела асаблівы статус — Кёнігсбэрская асаблівая ваенная акруга. Пакуль канчаткова не была вызначаная прыналежнасьць новых тэрыторыяў, у Беларусі рыхтавалі абгрунтаваньне, каб уключыць Кёнігсбэрг у склад БССР.
Падрабязна беларуска-калінінградзкія варункі апісаныя ў кнізе «Панцеляймон Панамарэнка: „жалезны“ сталініст». Ейны аўтар — Эмануіл Ёфэ, беларускі гісторык. Ён піша, што ў 1945 годзе кіраўніцтва БССР накіравала Сталіну прапанову далучыць былую Ўсходнюю Прусію да БССР.
«Фактычна, Панамарэнка хацеў на самой справе далучыць Калінінградзкую вобласьць, — расказаў Ёфэ Свабодзе. — Ёсьць дакумэнты, якія гэта пацьвярджаюць».
Быццам бы ініцыятыва паходзіла ад кіраўніка БССР — Панцеляймона Панамарэнкі. Пра падрыхтоўку да далучэньня Калінінградзкай вобласьці да БССР распавядаў Віктар Мікалаеў, былы дарадца Панамарэнкі. Яго ўспаміны апублікаваныя ў кнізе Ўладзімера Даброва «Таемны пераемнік Сталіна».
На загад Панамарэнкі ў Калінінградзкую вобласьць выправіліся дзесяць чалавек — навукоўцы і спэцыялісты розных галінаў. Цягам месяца яны рыхтавалі дакумэнты, каб абгрунтаваць уключэньне былой Усходняй Прусіі ў склад БССР.
«Магчымыя наступствы далучэньня Калінінградзкай вобласьці да Беларусі былі вывучаныя самым належным чынам, — узгадвае Мікалаеў. — У вобласьці быў асаблівы рэжым аховы, але нам дапамагалі выдадзеныя на ўказаньне Панамарэнкі спэцыяльныя пропускі».
Беларусь сапраўды імкнецца атрымаць выхад да Балтыйскага мора
На падставе сабраных у Калінінградзкай вобласьці дакумэнтаў у Беларусі падрыхтавалі запіску з дадаткамі, якую пераслалі Сталіну. Той, у сваю чаргу, вырашыў абмеркаваць прапанову на Палітбюро.
Хрушчоў заўжды меў тэрытарыяльныя пытаньні да Панамарэнкі
Як піша Даброў, на паседжаньні Палітбюро Панамарэнка сказаў, што выказвае адзіную пазыцыю партыйнага і гаспадарчага кіраўніцтва Беларусі.
«Беларусь сапраўды імкнецца атрымаць выхад да Балтыйскага мора, паколькі гэта дасьць ейнаму эканамічнаму разьвіцьцю дадатковыя стымулы, — перадае Добраў словы Панамарэнкі. — І беларусы, якія больш за ўсіх пацярпелі ў вайне, маюць права на гэта ня менш, чым Літва, якая атрымала істотную прыбаўку тэрыторыі, хоць ейны ўнёсак у перамогу непараўнальны зь беларускім. Беларусь, у адрозьненьне ад сваіх прыбалтыйскіх суседзяў і Польшчы, у выніку вайны нічога ня выйграла, што наўрад ці справядліва».
Таксама Панамарэнка адзначаў той факт, што Калінінградзкая вобласьць была населеная пераважна жыхарамі Расеі, Украіны і Беларусі. Такім чынам, утвараецца разрыў адзінай славянскай прасторы, што можа абярнуцца нэгатыўнымі палітычнымі наступствамі. Каб вобласьць не была эксклявам, плянавалася ўтварыць калідор да яе за кошт тэрыторыі Літвы і Польшчы.
У той жа час Нямеччына, на думку Панамарэнкі, будзе мець спакусу адсекчы, а потым і вярнуць былую Ўсходнюю Прусію ў капіталістычны сьвет. Каб пазьбегнуць такога разьвіцьця падзей, ён прапаноўваў далучыць Калінінградзкую вобласьць да Беларусі.
Пытаньне правільнае, але вернемся да яго іншым разам
Супраць беларускага варыянту Калінінградзкай вобласьці выказаліся прысутныя на Палітбюро Малянкоў, Берыя, Молатаў і Хрушчоў. Малянкоў, напрыклад, назваў прапанову Панамарэнкі «завоблачным глупствам», заняцца якім можна толькі адарваўшыся ад рэчаіснасьці.
Сталін абяцаў вярнуцца да пытаньня беларускай Калінінградзкай вобласьці
У той жа час Сталін назваў пярэчаньні сяброў Палітбюро «непераканаўчымі». Наадварот, довады на карысьць Калінінградзкай вобласьці ў складзе БССР ён назваў правільнымі.
«Панамарэнка правільна паставіў пытаньне, — падае Даброў словы Сталіна. — Няма нічога дрэннага ў тым, што мы свайго вернага сябра Беларусь узмоцнім за кошт ня вельмі надзейнай Літвы. Тут Панамарэнка мае рацыю».
Спаслаўшыся на складанае міжнароднае становішча, Сталін, аднак, прапанаваў пачакаць больш спрыяльных умоў для перадачы Калінінграда Беларусі.
«Але хай таварыш Панамарэнка не крыўдуе, — сказаў Сталін. — Абавязкова папросім яго вярнуцца да гэтага пытаньня іншым разам, крыху пазьней».
З 1948 году сам Панамарэнка зьехаў зь Беларусі. У Маскве ён займаў пасаду сакратара ЦК партыі. Больш калінінградзкае пытаньне ў часы Савецкага Саюзу не ўздымалася.
Аддайце нам Калінінградзкую вобласьць, мы там зробім зь яе квітнеючы край
Чарговым разам беларуска-калінінградзкую тэму ў 2013 годзе закрануў Аляксандар Лукашэнка. На прэс-канфэрэнцыі ён распавёў пра свае віды на расейскі экскляў.
«Я кажу часта — аддайце нам Калінінградзкую вобласьць, — заявіў тады Лукашэнка. — Мы кожны гектар, кожную сотку зямлі там узаром і зробім зь яе квітнеючы край… У савецкі час Калінінград фактычна быў беларускім».
Па словах Лукашэнкі, ён меў гутарку з Уладзімерам Пуціным падчас палёту над Калінінградзкай вобласьцю. Беларускі прэзыдэнт зьвярнуў увагу на тое, што там неўзараныя землі.
«Я Ўладзімеру Ўладзімеравічу: слухай, аддай гэтыя і гэтыя землі… Згодны. Я кажу: ня трэба нам ва ўласнасьць перадаваць, мы проста будзем там займацца сельскагаспадарчым бізнэсам. Мы даручым Гарадзенскай вобласьці, гарадзенцы маюць добрыя магчымасьці ў гэтым пляне. Гэта моцная вобласьць, яны разаруць і засеюць, і нават пабудуем у вас комплексы малочнатаварныя і будзем прадаваць малако. Так, такая размова была, і Пуцін мяне падтрымаў у гэтым пляне».
Праўда, праз год Аляксандар Лукашэнка ўдакладніў свае словы. На сустрэчы з губэрнатарам Калінінградзкай вобласьці ён сказаў, што плянаў далучаць расейскі экскляў у яго няма. Маўляў, з савецкіх часоў Беларусь падстаўляла плячо Калінінградзкай вобласьці, і тут яе ніколі не лічылі чужой.
«А ў якім складзе і ў якой дзяржаве будзе Калінінградзкая вобласьць пры такіх падыходах, напэўна, ня так важна», — неадназначна рэзюмаваў Лукашэнка.