Анатоль Тарас прадставіў першыя 50 кніг з серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры»

Гісторык і выдавец Анатоль Тарас прадставіў першыя 50 кніг з серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры».

Як з’явілася ідэя гэтай серыі, па якім крытэрыі адбіраліся героі і што было самым складаным, заснавальнік, каардынатар і рэдактар расказаў падчас прэзентацыі.

— Калісьці ў нашых кіёсках прадавалася серыя “100 выдатных дзеячаў Расіі”. І падумалася: а чаму няма серыі пра беларускіх дзеячаў? Мы пачалі абмяркоўваць гэтае пытанне і зразумелі, што калі мы хочам мець нешта такое, то трэба самім узяць і зрабіць, — так патлумачыў Анатоль Тарас ідэю з’яўлення гэтай серыі.

У 2012 годзе выйшлі з друку першыя брашуры. Так, за 40 месяцаў ўдалося выдаць аж 50 кніг —больш за адну кнігу ў месяц.

— Для мяне было вельмі важна расказаць не пра палітыкаў, службоўцаў ці герояў вайны, а менавіта пра людзей, якія зрабілі сапраўдны ўклад у нашу беларускую гісторыю і культуру. Гэта мастакі, пісьменнікі, гісторыкі-краязнаўцы, філосафы, музыкі… З асобамі праблем не было, праблемай стала адшукаць аўтараў, — адзначае Анатоль Тарас, якому таксама належыць аўтараства многіх з гэтых брашур.

Сярод іншых аўтараў — а іх усяго 22 чалавекі — былі не толькі прафесійныя даследчыкі, а таксама родныя і сябры тых славутых асоб, якім прысвечана серыя.

Так, унучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч узялася напісаць пра свайго вядомага дзеда.

— Падаць Коласа на 64-х старонках – гэта я вам скажу задача! — адзначыла Вера Міцкевіч. — Ніхто не хоча пісаць пра класікаў. А я вось узялася. І пастаралася ў сваёй кнізе даць нейкія цікавыя невядомыя факты, расказаць, адкуль Колас узяў свой псеўданім, як яму жылося і працавалася ў цяжкія 20-30-я гады.

А вось дачка вядомага рэжысёра Віктара Турава Алена нават прызналася, што сама шмат пра што даведалася, калі пачала пісаць кнігу пра свайго бацьку.

— Гэта вельмі цяжкая задача – напісаць не проста пра тату, а пра аднаго з найвыдатнейшых кінарэжысёраў — творцу, якога ЮНЭСКА уключыла ў лік рэжысёраў 100 найбольш значных фільмаў свету, чалавека, дзякуючы якому ў Беларусі з’явіўся факультэт кінематаграфістаў (да гэтага атрымаць такую спецыяльнасць можна было толькі ў маскоўскім ВГИКе), — адзначыла Алена Турава, рэжысёр анімацыйнага і гульнёвага кіно “Беларусьфільма”. — Калі я пісала пра яго лёс, пра яго барацьбу за сваю творчасць, я зразумела, як мала я ведала пра свайго бацьку.

Расказаць пра свайго выбітнага родзіча прыйшла і дачка народнага артыста Генадзя Цітовіча — балерына Святлана Цітовіч. Яна распавяла, што абрала свой шлях менавіта з яго лёгкай рукі бацькі.

Праўда, кнігу пра Генадзя Цітовіча напісаў іншы чалавек — яго сябар рэжысёр Уладзімір Арлоў. Дарэчы, з-пад яго пяра выйшлі яшчэ 6 брашур гэтай серыі.

— Серыя прайшла праз экватар і, спадзяюся, пад канец 2018 года ўсе 100 кніг будуць выдадзены. Працы наперадзе яшчэ вельмі шмат, — падсумаваў Анатоль Тарас.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение