Беларускі гурт сабраў 29 890 даляраў у межах кампаніі ў падтрымку альбому сярэднявечных кавэраў, але мае намер найперш прадставіць сваю ўласную творчасьць.
Вялікі посьпех напаткаў гурт «Стары Ольса», які зьбіраў на сусьветна вядомай краўндфандынгавай плятформе Kickstarter сродкі на выданьне альбому сусьветных гітоў, сыграных на сярэднявечны манер. Неабходную суму ў 7000 даляраў музыкі сабралі ўсяго за тыдзень, а за азначаны для збору месяц агульная сума ахвяраваньняў дасягнула 29 890 даляраў. У топ-5 краінаў, якія спрычынілся да новага альбому беларусаў, на першым месцы ЗША, потым ідуць Вялікабрытанія, Беларусь, Аўстралія і Канада. Сабраныя грошы музыкі плянуюць выдаткаваць на запіс абяцанага альбому з бонусамі, а таксама на тур па Амэрыцы, які пройдзе ў жніўні-верасьні. Ужо пацьверджаныя выступы ў Лос-Анджэлесе, Чыкага, Атаве, Дэнвэры ды іншых гарадах Амэрыкі. Музыкаў ужо запрасілі на інтэрвію на буйнейшае радыё ЗША National Public Radio.
«Краўндфандынг – гэта мазалі на пальцах і бяссонныя ночы! Страшна цікава! За кожным спонсарам стаіць неімаверная праца. Мару цяпер выспацца, бо жыву гэты месяц па амэрыканскім часе. Вялікае захапленьне і ўзрушэньне бачыць падтрымку з усяго сьвету, некаторыя водгукі расчульваюць да сьлёз. А яшчэ адчуваеш сябе, як на арэлях, бо спонсары могуць павышаць свае ахвяраваньні, зьніжаць і ануляваць», – сказала ў камэнтары для Tuzin.fm удзельніца гурту Марыя Шарый.
Пытаньне аўтарскіх правоў на песьні, якія запісвае «Стары Ольса» узялася ўрэгуляваць амэрыканская кампанія «24 Hour Distribution». Дыск пад назвай «Medieval Classic Rock» таксама будзе выдадзены ў Амэрыцы першапачатковым накладам у 1000 асобнікаў. Ён выйдзе да восені 2016 году, а да траўня 2017 музыкі плянуюць разаслаць падарункі усім, хто спрычыніўся да яго выданьня.
А 15 красавіка гурт прэзэнтуе ў Менску свой новы канцэртны альбом «Кола рыцэрска».