10 помнікаў і шыльдаў у гонар Францішка Багушэвіча

21 сакавіка – чарговыя ўгодкі з дня нараджэння Францішка Багушэвіча. Беларускае Радыё Рацыя вырашыла прыгадаць мясціны, помнікі і шыльды, у якіх ушанаваны адзін з заснавальнікаў нашай літаратуры.

1. Свіраны (сёньня Літва). На месцы хаты, дзе нарадзіўся паэт, стаіць зараз іншы дом, дзе жывуць людзі. У 2002-ім годзе светлай памяці віленскі руплівец ТБМ Юры Гіль усталяваў на хаце памятную шыльду. Нядаўна актывісты віленскага Таварыства Беларускай Культуры абнавілі яе, пафарбаваўшы літары.

2. Кушляны (Смаргонскі раён). Шыльда на Доме-музеі паэта. Музей заснаваны ў 1990-ым годзе.

3. Камень Багушэвіча. Знаходзіцца ва ўрочышчы Лысая гара, што непадалёк ад вёскі Кушляны (Смаргонскі раён). Паводле легенды ля валуна Багушэвіч сустракаўся з сябрамі, хаваў пад ім рукапісы і забароненыя публікацыі. На бакавой грані каменя сябрамі паэта быў высечаны напіс «PAMIECI MACIEJA BURACZKA 1900 R».

4. Жупраны (Ашмянскі раён). Помнікі на магіле паэта і ў памяць яго блізкіх – бацькі Казіміра Багушэвіча, брата Уладзіміра, жонкі Габрыэлі і сына Тамаша.

5. Жупраны (Ашмянскі раён). У 1901 годзе ў інтэр’еры мясцовага касцёлу ўсталявана белая мармуровая пліта, зробленая віленскім скульптарам Я. Арасімовічам, з напісам «FRANCISZKOWI BOGUSZEWICZOWI 1840—1900 PRZYJACIELE».

6. Жупраны (Ашмянскі раён). У 1958 годзе ў цэнтры мястэчка быў усталяваны бюст-помнік паэта, аўтарам скульптуры ёсць Заір Азгур.

7. Смаргонь. Помнік паэту з бронзы, усталяваны 6 верасня 2009 году ў Дзень беларускага пісьменства ў гарадскім парку. Аўтары скульптуры – Леў і Сяргей Гумілеўскія.

8. Смаргонь. Пано ў гонар Багушэвіча на адным з дамоў у цэнтры гораду.

9. Вільня. У верасні 2010-га году на будынку па вуліцы Arklių, 18 (Конскай), які стаіць на месцы былога дома, дзе з 1884 па 1898 гады жыў Францішак Багушэвіч, адбылося адкрыццё мемарыяльнай шыльды.

10. Савічуны (цяпер Літва). На будынку размешчанай на вуліцы Багушэвіча (з 1997 году) бібліятэкі, якая з 2001 году таксама носіць імя Францішака Багушэвіча, усталявана памятная шыльда.