Крыж Эўфрасіньні Полацкай знаходзіцца пад Масквой?

Гісторык Сяргей Тарасаў лічыць, што Крыж Эўфрасіньні Полацкай цэлы і знаходзіцца ў падмаскоўным Сергіевым Пасадзе, у Троіца-Сергіевай лаўры: «Мае дасьледаваньні і лёгіка падзеяў прыводзяць менавіта туды».

75 гадоў таму з прыфрантавога Магілёва зьнік Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Ужо за часы незалежнасьці яго спрабавалі шукаць у амэрыканскіх фундацыях, у сховішчах Ватыкана, у расейскіх музэях. Станоўчых вынікаў тыя пошукі не далі. Дзе сёньня знаходзіцца нацыянальная сьвятыня беларусаў? На гэтае пытаньне паспрабаваў адказаць гісторык Сяргей Тарасаў.

Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Мастак Лазар Богша. 1161 г
 

— Спадар Сяргей, нядаўна ў Мастацкім музэі Магілёва мне ўдалося пабачыць копію Крыжа Эўфрасіньні Полацкай (галяграму). Як калісьці і арыгінал, яна экспануецца ў пакоі-сэйфе за таўшчэзнымі мэталёвымі дзьвярамі. Уражаньне ўзмацняецца і тым, што менавіта з гэтага будынку крыж зьнік у 1941 годзе. Куды зьнік — вэрсій некалькі. Падзяліцеся сваёй.

— Я выкажу сваю вэрсію пазьней. Спачатку хачу нагадаць ранейшыя вэрсіі. Самая папулярная ў савецкі час — Крыж быў зьвезены немцамі. Яшчэ выказвалася гіпотэза, што ў 1920-я гады, калі рэквізаваліся царкоўныя каштоўнасьці, Крыж маглі прадаць на адным з аўкцыёнаў, пасьля чаго ён мог трапіць за акіян — у ЗША (а ў Магілёве знаходзілася копія). Гаварылася і пра тое, што машыны, на якіх везьлі каштоўнасьці з Магілёўскага музэя разам з архівам ЦК КПБ, недзе па дарозе трапілі пад бамбёжку, і Крыж быў зьнішчаны ці трапіў кудысьці ў Расею. Калі прыняць на веру «нямецкую» вэрсію, то і тут магло быць рознае разьвіцьцё падзей. Скажам, падчас рэстытуцыі, калі нарабаваныя нацыстамі каштоўнасьці вярталіся назад зь Нямеччыны, іх маглі павезьці далей, у Расею. Прычына тут простая — немцы складалі свае вопісы, давалі свае назвы, і савецкія спэцыялісты пасьля маглі не разабрацца, што куды трэба вяртаць. Нарабаванае ў Магілёве, маглі завезьці, умоўна кажучы, у Яраслаўль. Я, дарэчы, спачатку схіляўся да гэтай вэрсіі. Але пасьля таго, як у піцерскім Эрмітажы выявілася кража розных каштоўных рэчаў, у Расейскай Фэдэрацыі прайшла суцэльная праверка фондаў абсалютна ва ўсіх музэях. Калі б Крыж быў у нейкім музэі, ён абавязкова ўсплыў бы. Проста так хаваць і нікому не паказваць, а тым больш не ўносіць у фондавыя сьпісы, яго не маглі. Але тут цікавая акалічнасьць: вывезены разам з Крыжам архіў ЦК КПБ, па сьведчаньнях маіх калегаў-архівістаў, захаваўся цалкам.

— Значыць, па дарозе не разбамбілі. Тут можна дадаць, што ў 2003 годзе нечакана знайшлося і Слуцкае Эвангельле, якое таксама разам з Крыжам зьнікла ў 1941 г. з Магілёва. Прычым царква нічога не тлумачыць, спасылаючыся на таямніцу споведзі. Проста дзіва нейкае.

Пячатка сьвятой Эўфрасіньні, знойдзеная Сяргеем Тарасавым у Полацку

— Сапраўды, адбылося дзіва. У 2003 годзе Мітрапаліт Філарэт на Эпархіяльных чытаньнях прадставіў Слуцкае Эвангельле 1582 году. Па вэрсіі царквы, нейкая прыхаджанка перадала яго аднаму са сьвятароў. Ні прозьвішчаў, ні адрасу тае прыхаджанкі — ніякіх дадзеных абсалютна няма. Але чамусьці сьцьвярджаецца, што ўвесь час, пачынаючы з 1941 году, тое Эвангельле не пакідала межаў Беларусі. Гэта проста фантастыка. Такога ў прынцыпе быць не магло. Ня будзем забываць, што Эвангельле і Крыж — не адзіныя рэчы, якія зьберагаліся перад вайной у Магілёве. Там было шмат царкоўнага начыньня, старажытная зброя, дасьпехі, шмат чаго іншага. Але сам факт зьяўленьня арыгіналу Эвангельля паказвае, што ёсьць і арыгінал Крыжа. Калі ў другой палове 90-х берасьцейскі мастак Мікола Кузьміч рабіў копію Крыжа, рэжысэр Віктар Шавялевіч зьняў пра гэта дакумэнтальны фільм. І ў тым фільме ёсьць адзін вельмі цікавы эпізод. Уладыка Філарэт, знаходзячыся ў сябе ў эпархіі, у дамовай царкве, апавядае пра тое, як удалося знайсьці сьвятыні-рэліквіі, якія былі закладзеныя ў Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Там была часьцінка Крыжа Гасподня, фрагмэнты сьвятых мошчаў. І вось уладыка гаворыць у кадры, што зь цягам часу ўдалося знайсьці ўсё, адзінае, чаго не ўдавалася, — гэта часьцінка крыві Ісуса Хрыста. І вось аднойчы, калі ён быў у сябе на радзіме ў Сергіевым Пасадзе, у Троіца-Сергіевай лаўры, у рызьніцы ён убачыў на нейкай «дошчачцы» маленькую кропельку і надпіс над ёй (скарочана): «Кроў Хрыстова». Тады ўладыка Філарэт папрасіў дазволу ў захавальніка рызьніцы адшчыкнуць часьцінку рэліквіі, каб перанесьці яе на крыж, які зрабіў майстар Кузьміч. Што і было зроблена. І тут паўстае толькі адно пытаньне: што гэта за «дошчачка» з кроўю Хрыста ў рызьніцы ў Сергіевым Пасадзе? На маю думку, гаворка можа ісьці толькі пра Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Другой рэліквіі з крывёй Ісуса Хрыста там папросту не магло быць.

— Дапусьцім, што Крыж знаходзіцца ў Сергіевым Пасадзе. І што, за ўвесь гэты час яго ніхто, апрача ўладыкі Філарэта, ня бачыў?

— Па маіх зьвестках, Крыж адносна нядаўна бачылі, у тым ліку людзі зь Беларусі. У той час, калі ў нас пачалася кампанія, умоўна кажучы, «слуцкія паясы», калі іх паўсюль шукалі, каб наладзіць вытворчасьць у Беларусі. На жаль, я не магу назваць імёны, магу толькі сказаць, што гэта — афіцыйныя асобы. Разумееце, Троіца-Сергіева лаўра — вельмі значная для Расейскай праваслаўнай царквы. Туды адкрытага доступу няма. Крыж ляжыць у такім месцы, куды звычайнаму чалавеку трапіць немагчыма.

— Слухайце, Крыж Эўфрасіньні Полацкай знаходзіцца ў афіцыйным вышуку, яго, між іншым, шукае Інтэрпол. Ёсьць людзі, якія яго нядаўна бачылі, а значыць, — сьведкі. Можа, пасьля нашай гутаркі справай зоймецца Сьледчы камітэт ці КДБ?

— Сьведкі павінны быць. Калі Крыж сапраўды там ляжыць, яго бачылі многія. Сьвятары, якія туды прыяжджаюць, проста не маглі яго не заўважыць. Аднак, я ня думаю, што пасьля нашай з вамі размовы нейкія спэцслужбы зоймуцца пошукамі Крыжа. Наша размова — не падстава для таго, каб абшукваць усю Сергіеву лаўру. Гэта ўсё ж інстытут царкоўны, а ня сьвецкі. Паўтаруся, месца як бы навідавоку, але ў той жа час недаступнае.

Сергіева лаўра з вышыні птушынага палёту, фота ©Shutterstock

— Але якім чынам Крыж мог трапіць у тую лаўру?

— Давайце прыгадаем: да 1941 году ў Савецкім саюзе нідзе ня ўзгадваліся ні Аляксандар Неўскі, ні Мінін з Пажарскім, ні Ўшакоў, ні Нахімаў, а тут, калі пачалася вайна, яны раптам былі абвешчаныя героямі, іх выявы неўзабаве зьявіліся на ардэнах, пра іх масавымі накладамі выдаюцца брашуры, якія разыходзіліся ў тым ліку і па кішэнях салдатаў на перадавой. Сталін дазваляе царкоўныя службы, дае царкве карт-блянш — і царква ідзе насустрач дзяржаве, моліцца за перамогу савецкай зброі. Гэта быў такі своеасаблівы «баш на баш». І за гэты «баш» дзяржава мусіла нечым заплаціць. А чым? Усё, што было канфіскавана ў царквы, было занесена ў «госхраны» альбо ў фонды музэяў. А адтуль дастаць і вярнуць царкве было немагчыма. Заставалася аддаць тое, што не было ўлічана. А такім няўлічаным маглі стацца каштоўнасьці, у тым ліку і з Магілёўскага музэя, у тым ліку і Крыж Эўфрасіньні Полацкай.

— Калі Крыж — сьвятыня для праваслаўнай царквы, то і стаўленьне да яго мусіць быць адпаведнае. А між тым, на Крыжы напісана: «Калі ж хто вынесе крыж з манастыра (маецца на ўвазе манастыр у Полацку), хай ён будзе пракляты сьвятой Троіцай і сьвятымі айцамі». Калі Крыж хаваецца царквой, то атрымліваецца, што яна не выконвае свае ж пастуляты? Супярэчнасьць нейкая.

— Безумоўна, супярэчнасьць тут ёсьць. І першым яе заўважыў, як ні дзіўна, Іван Жахлівы. Да 1563 году Крыж са Смаленску трапіў у Маскву. Калі Іван Жахлівы пасьля ўзяцьця Смаленску ішоў на Полацак, то ідэалягічнай падставай для гэтага быў намер вярнуць Крыж Эўфрасіньні на радзіму. І ён гэта зрабіў. Ён вёз Крыж побач з сабой, відаць, сапраўды, пабаяўшыся таго закляцьця. Такім чынам у ХVІ стагодзьдзі Крыж вярнуўся ў Полацак. І з таго часу ён Беларусі не пакідаў. Тое закляцьце, відаць, усё ж мела сілу. На Крыжы, дарэчы, яшчэ напісана, што рабаўнік будзе пракляты ўсімі сьвятымі айцамі і сямю сьвятымі саборамі. А сем сабораў царквы — гэта тыя саборы, на якіх былі прынятыя асноўныя сымбалі веры. Гэта сур’ёзныя рэчы. І тое закляцьце, безумоўна, распаўсюджваецца і на тых, хто ўтрымлівае Крыж сёньня.

Троіца-Сергіева лаўра ў Сергіевым Пасадзе, фота ©Shutterstock

— Ці можна дапусьціць, што Крыж Эўфрасіньні Полацкай, як згаданае Слуцкае Эвангельле, у пэўны момант можа ўзьнікнуць невядома адкуль?

— Хацелася б, каб такі цуд адбыўся. Праўда, я ня надта ў гэта веру. У нашай гісторыі ня так шмат каштоўных сьвятыняў, зьвязаных з канкрэтнымі людзьмі — у нашым выпадку зь імёнамі майстра Лазара Богшы і сьвятой Эўфрасіньні, патронкі Беларусі, нашай нябеснай заступніцы. Ёсьць яшчэ крыж Аўраамія Смаленскага, які быў зроблены па ўзоры Эўфрасіньнеўскага крыжа. Пальцаў адной рукі хопіць, каб гэтыя сьвятыні пералічыць. Таму наш Крыж зьяўляецца надзвычай каштоўным — і ў духоўным сэнсе, і ў матэрыяльным. Яго краналіся рукі самой Эўфрасіньні, ён рэч — сакральная. Мы ж сёньня яшчэ не ўсьведамляем да канца, кім для нас ёсьць Эўфрасіньня Полацкая. Усе народы ганарацца, калі знаходзяць нашчадкаў сваіх вялікіх папярэднікаў — Чынгіс-хана, Напалеона, Рурыкавічаў і г.д. А мы маглі б знайсьці нашчадкаў нашых Рагвалодавічаў і Ўсяславічаў! Адзіныя парэшткі, косткі чалавека з гэтага роду — гэта мошчы Эўфрасіньні, і яны ў нас ёсьць. Што да Крыжа, то нежаданьне перадаць яго Беларусі можа быць патлумачана як заўгодна. Скажам, у Расеі даўно прыняты закон аб рэстытуцыі, які забараняе вываз каштоўнасьцяў. З другога боку, адмова можа гучаць і ў тым сэнсе, што копія Крыжа ў вас ёсьць, хопіць вам і яе... Так што наўрад ці Крыж будзе вернуты. У адным я абсалютна ўпэўнены — ён цэлы.

— Крыж Эўфрасіньні Полацкай цэлы і знаходзіцца ў падмаскоўным Сергіевым Пасадзе, у Троіца-Сергіевай лаўры?

— На мой погляд — так. Мае дасьледаваньні і лёгіка падзеяў прыводзяць менавіта туды.