Названае журы Прэміі Гедройца

Сёлета ў журы Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца ўвайшлі: Ігар Бабкоў — беларускі празаік і філосаф, лаўрэат Прэміі Гедройца 2014; Анджэй Бжэзецкі — польскі журналіст, аўтар кніг пра Беларусь, галоўны рэдактар часопіса “Nowa Europa Wschodnia”; Сяргей Дубавец — беларускі пісьменнік, журналіст; Малгажата Ноцунь — польская журналістка, аўтарка кніг пра Беларусь, намесніца рэдактара часопіса “Nowa Europa Wschodnia”; Людміла Рублеўская — беларуская пісьменніца, літаратурны крытык; Ганна Янкута — беларуская перакладчыца, літаратурны крытык.

У адпаведнасці са статутам Прэміі Гедройца, журы абіраецца камітэтам, у які ўваходзяць старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, а таксама асоба, якую яны выбралі з сябраў журы мінулых гадоў. Сёлетні камітэт: Андрэй Хадановіч, Барыс Пятровіч і Уладзімір Арлоў. Поўны спіс твораў будзе абвешчаны ў канцы сакавіка. Уручэнне прэміі адбудзецца ў верасні. Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года. Папярэднія пераможцы: Павал Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў з кнігай “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько з кнігай “Час збіраць косці” (2015).