Толькі пасля таго, як скончыць працы памяці Яўгена Куліка, Пётры Сергіевіча і Фердынанда Рушчыца, вядомы беларускі мастак і грамадскі дзеяч Мікола Купава вырашыў адзначыць сваё 70-годдзе.
А для чытачоў НЧ спадар Купава распавядае пра людзей і падзеі, што найбольш паўплывалі на яго сталенне, пра творчыя набыткі і бліжэйшыя планы.
Яны мяне натхнялі
Ёсць рэчы, якія моцна паўплывалі на фармаванне маёй нацыянальнай свядомасці і патрыятычных пачуццяў. Дзесьці ў 1968 годзе я чыста выпадкова прыдбаў невялікую кніжачку пра Францішка Скарыну. І калі даведаўся, што наш слынны продак ужо ў 1517 годзе пачаў выдаваць першыя кнігі на старабеларускай мове, дык гэтае фантастычнае адкрыццё вельмі ўзрушыла мяне. Менавіта з гэтага моманту пачалася сур’ёзная ўнутраная праца над сабою і я пачаў глыбей цікавіцца нацыянальнай культурнай спадчынай. Затым, канешне, прыйшоў Янка Купала з яго магутнай паэзіяй, за ім Якуб Колас, Максім Багдановіч і Уладзімір Караткевіч. Яго я шмат чаго прычытаў, знайшоў, мы з ім пазнаёміліся і Уладзімір Сямёнавіч стаў дарыць мне свае новыя кнігі. Таму на маё сталенне, як беларуса, безумоўна паўплывалі і адносіны з Уладзімірам Караткевічам.
Мікола ў дзяцінстве з маці Лёксай, сястрой Верай і бацькам Міколам (Ворша. 30 ліпеня 1952 года)
Вялікі ўплыў на мяне зрабіла творчасць народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча — бліскучага інтэрпрэтатара купалавай паэзіі ў нацыянальным выяўленчым мастацтве, які зрабіў пераварот у ілюстраванні і заклаў новую школу сучаснай айчыннай кніжнай графікі. Паўплывала і творчасць народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. які тонка, пранізліва і ўзнёсла праілюстраваў коласаву «Новую зямлю». Дарэчы, Васіль Пятровіч быў маім настаўнікам ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, які я закончыў у 1976 годзе. Спадчына Кашкурэвіча і Шаранговіча была мною ўспрынятая і стала своеасаблівым узорам.
Падчас абароны дыплома ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (Мінск, 27 чэрвеня 1976 года)
Напрыканцы 1950-х гадоў я быў сведкам, як у маім родным горадзе бурылі адну з хрысціянскіх святыняў — саборную мураваную царкву Раства Маці Божай канца XVII стагоддзя. Раней гэты велічны храм я замаляваў алоўкам у сваім альбоме, як параіў першы настаўнік малявання Сцяпан Сямёнавіч Дзерваед, што і зараз жыве ў Гомелі. Разбурэнне царквы было першым ўрокам мужнасці і памяці.
Другі адбыўся праз дзесяцігоддзе, калі на маіх вачах у цэнтры Воршы была знішчаная гарадская дамінанта — цудоўная трохнефавая крыжова-купальная двухвежавая базіліка касцёлу Апёкі Маткі Боскай. Пра гэты помнік віленскага барока, узведзены з цэглы як частка комплексу базыяльянскага кляштару на правым беразе ракі Аршыца ў 1758-1774 гадах, нагадвае захаваўшыся фрагмент фасаду святыні і двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак жылога корпусу кляштару з вальмавым дахам…Да сёння памятаю жудасную карціну, калі бабай нішчылі гэтую пярліну беларускай архітэктуры. Убачанае варварства, якое я дэталёва зафатаграфаваў, вельмі ўразіла мяне і падштурхнула на змаганне з гэтым дзікунствам. Цягам часу я зразумеў вартасць і каштоўнасць магутнага нацыянальнага дойлідства з яго адметнымі эстэтыкай, стылем і рысамі.
Вось чаму адна з маіх турботаў — аднавіць жылы корпус кляштара, які разбураецца, бо дзесяць гадоў стаіць без даху, а таксама гмах касцёлу Апекі Маткі Боскай. А прыклады такога аднаўлення ёсць ў многіх старажытных гарадах Беларусі, у тым ліку ў Магілёве, Віцебску і Воршы…
Ад Цёткі і Каліноўскага да Караткевіча і Драздовіча
Па маладосці я быў у палоне паэзіі і біяграфіі жыцця знакамітай і найпрыгажэйшай беларускай паэткі Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і паралельна рабіў дыпломную працу, прысвечаную нацыянальна-вызвольнаму паўстанню 1863-1864 гадоў супраць расійскага самаўладдзя пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Узяў за аснову сваю настольную кнігу «Сейбіты вечнага» Генадзя Кісялёва і па яе матэрыялах зрабіў серыю з дзевяці лінарытаў, у якіх увасобіў ролю ў паўстанні яго кіраўніка, аўтара «Мужыцкай праўды» «Яські-гаспадара з-пад Вільні», які навечна застаўся маладым, паплечнікаў Каліноўскага — Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і яго дачкі Камілы, Францішка Багушэвіча і Антона Трусава.
Па замове выдавецтва «Мастацкая літаратура» да канца 1975 году аздобіў зборнік твораў Цёткі, а затым завяршыў дыпломную працу па паўстанні Каліноўскага, якую летам 1976 году абараніў на выдатна.
Затым была праца над юбілейным энцыклапедычным выданнем «Францыск Скарына і яго час» , прысвечаным 500-годдзю беларускага першадрукара, за якое быў ушанаваны дыпломам і медалём Францішка Скарыны.
Усяго аздобіў 35 кніг, адзначаных шматлікі дыпломамі і іншымі ўзнагародамі. Сярод ілюстраваных выданняў — зборнік казак класіка беларускай гістарычнай прозы, майго слыннага земляка Уладзіміра Караткевіча «Лебядзіны скіт», кніга абразкоў і апавяданняў вядомага археолага і пісьменніка Сяргея Тарасава «Фрэскі» і альбом-прысвячэнне заснавальніку нацыянальнага гістарычнага выяўленчага мастацтва Язэпу Драздовічу з серыі «Мастакі Беларусі».
Разам з тым, на маю думку, беларускія графікі, жывапісцы і скульптары зрабілі толькі першыя крокі ў засваенні і адлюстраванні гераічнага мінулага Бацькаўшчыны. Гаворка ідзе, у тым ліку, пра такія вялікія падзеі айчыннай ваеннай гісторыі, як перамогі ў бітвах на Сіняй вадзе восенню 1362 года, пад Воршай 8 верасня 1514 года і пад Хоцінам восенню 1621 года, якія здабылі нашыя продкі на чале, адпаведна, з Альгердам, Канстанцінам Астрожскім і Янам Каралём Хадкевічам. А некаторыя гістарычныя падзеі, у тым ліку параза Вітаўта ад татараў у бітве на рацэ Ворскла 12 жніўня 1399 года, увогуле пакуль не асэнсаваныя і не адлюстраваныя нашымі творцамі. Прычым, самае цяжкае — не даследаванае і не увасобленае ў нацыянальным выяўленчым мастацтве вайсковая паўсядзённасць сярэднявечча і новага часу: сцэны з армейскага жыцця і ваенны абоз, асобныя постаці, вайсковыя строі і парады, узоры ўзбраенняў і армейскі рыштунак.
Гэтая тэматыка мае вялікае значэнне для фармавання нацыянальнай свядомасці беларусаў, бо ў сваіх батальных працах мастакі ствараюць візуальныя вобразы гераічнага айчыннага мінулага, якія сваім прыкладам нахняюць моладзь.
У гонар класікаў і сімвалаў нацыі
Зараз працую над альбомам з серыі «Мастакі Беларусі», прысвечаным творчасці майго сябры Яўгена Куліка. У планах — працяг серыі, у якую ўвойдуць альбомы-прысвячэнні класікам беларускага выяўленчага мастацтва Фердынанду Рушчыцу і Пётру Сергіевічу.
Творчасць гэтых асобаў таксама натхняла мяне па жыцці. Апроч таго, рыхтую да выдання сваё даследаванне па гісторыі стварэння карціны «Бітва пад Воршай» невядомага мастака — сведкі тых слаўных падзей.
Мяркую да канца году завяршыць аздабленне шэрагу выданняў, ілюстрацыі да якіх і складуць выставу да майго 70-годдзя.
Дарэчы, мне давялося стаць аўтарам першай выявы старадаўняга беларускага гербу «Пагоня» на савецкім паштовым канверце, надрукаваным у Расіі на Пермскай фабрыцы Дзяржзнака 17 снежня 1990 года.
Паштовы канверт СССР з выявай «Пагоні» аўтарства Міколы Купавы (17 снежня 1990 года)
На фоне мапы рассялення беларускага этнасу, што склаў знакаміты беларускі даследчык, прафесар Варшаўскага і Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэтаў, акадэмік Яўхім Карскі, я прадставіў гістарычны сімвал беларускай дзяржаўнасці яшчэ за год да абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Прычым, адбылося гэта зусім нечакана, калі адпаведная прапанова нашага вядомага геральдыста Анатоля Цітова была падтрыманая спачатку ў Міністэрстве сувязі і інфарматыкі БССР, а затым зацверджаная гэткім жа саюзным міністэрствам.
А калі нашая краіна стала незалежнай, у 1992 годзе я зрабіў малюнкі для першых паштовых марак Рэспублікі Беларусь з выявай яе дзяржаўных сімвалаў — бел-чырвона-белага сцягу і гербу «Пагоня».
Мікола Купава нарадзіўся ў Оршы 31 студзеня 1946 года, пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай мастацкай адукацыі выкладаў, даследаваў айчынную культуру, у тым ліку гісторыю выяўленчага мастацтва, абарончае і сакральнае дойлідства, зрабіў важкі ўнёсак у скарбніцу нацыянальнай кніжнай і станковай графікі, акварэлі і экслібрысу, у зберажэнне помнікаў беларускай архітэктуры, у распаўсюд ведаў пра слаўнае мінулае Бацькаўшчыны. Разам з сябрамі па суполцы «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў стаяў ля вытокаў апошняй хвалі беларускага нацыянальнага адраджэння. Разам з Яўгенам Куліком і Віктарам Сташчанюком Мікола Купава ўвасобіў батальнае мінулае Вялікага Княства Літоўскага, пачаў грунтоўна распрацоўваць гэтую складаную тэму, якая патрабуе добрага ведання гісторыі айчыннай вайсковай думкі. За дасягненні ў галіне мастацтва кнігі адзначаны дыпломам і медалём імя Францішка Скарыны, прэміяй фонду імя Тадэвуша Касцюшкі.