1 сакавіка 80-гадовы юбілей адзначыла вядомая літаратуразнаўца, крытык і пісьменьніца Лідзія Савік, якая вярнула беларускай літаратуры шэраг імёнаў літаратурнага замежжа.
У інтэрвію Свабодзе Лідзія Савік расказала пра знаёмства зь беларусамі ў ЗША, сяброўства з Барысам Кітом і заявіла, што лічыць сябе чалавекам, які вярнуў Беларусі літаратуру беларускага замежжа.
— Лідзія Сымонаўна, як сталася, што вы прысьвяцілі вялікую частку свайго жыцьця дасьледаваньню літаратуры беларускага замежжа?
— Я доўгі час працавала старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук. Калі мы пачалі вяртаць спадчыну рэпрэсаваных пісьменьнікаў, нас, дасьледчыкаў літаратуры і гісторыкаў, пусьцілі да архіваў КДБ. Там знаходзіліся факты, біяграфіі і зьвесткі пра апошнія гады жыцьця многіх беларускіх пісьменьнікаў, бо іх у 1937 годзе было рэпрэсавана больш за 300 чалавек і больш за 100 расстраляна. І мы знаходзілі ўсе гэтыя факты, вярталі многія творы і ўводзілі іх ва ўжытак нашай сучаснай літаратуры — у энцыкляпэдычныя выданьні, у гісторыю новай беларускай літаратуры. Тады ў архівах мы знайшлі імёны тых пісьменьнікаў, якія сталі эмігрантамі. Многія зь іх былі рэпрэсаваныя, але з розных прычын апынуліся ў замежжы. Дзякуй Богу, што ім удалося эміграваць, інакш бы яны ўсе загінулі. Я кажу пра Масея Сяднёва, Натальлю Арсеньневу, Антона Адамовіча і шэраг іншых. Мяне тады вельмі зацікавіла, што ж гэта за пісьменьнікі, якія апынуліся ў далёкім замежжы. У 90-я гады Беларусь атрымала незалежнасьць, пачалося вяртаньне да беларускай мовы і культуры, мы пачалі ўводзіць у літаратурны абыход ня толькі рэпрэсаваных пісьменьнікаў, але і пісьменьнікаў, якія былі вымушаныя зьехаць.
— Вялікім штуршком у вашай дзейнасьці стала паездка ў ЗША, дзе вы пазнаёміліся з Масеем Сяднёвым, Барысам Кітом і шэрагам іншых беларусаў. Распавядзіце пра яе, калі ласка.
— Так атрымалася, што мяне як дасьледчыка літаратуры камандзіравалі ў ЗША, дзе я апынулася ў асяродку беларускай дыяспары і некалькі месяцаў жыла ў Масея Сяднёва, першая ў нашай прэсе пісала пра яго жыцьцё і творчасьць, вяртала яго спадчыну, літаральна перапісвала яго творы. У ЗША я пабывала ў многіх беларускіх пісьменьнікаў, размаўляла з Натальляй Арсеньневай. Тыя пісьменьнікі, каго я сустракала, расказвалі пра сваіх спадарожнікаў па ГУЛАГаўскіх этапах. У выніку мне ўдалося сабраць вельмі шмат матэрыялаў пра пісьменьнікаў замежжа.
Вярнуўшыся дадому, я пачала больш глыбока дасьледаваць іх творчасьць. Мне давялося пабываць у Скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане, за што дзякую айцу Аляксандру Надсану. Там я шукала зьвесткі пра пісьменьнікаў, якія мяне цікавілі. Гэта былі паэты Натальля Арсеньнева, Уладзімер Дудзіцкі, Хведар Ільяшэвіч, Янка Золак, Міхась Кавыль, Уладзімер Клішэвіч, Рыгор Крушына, Алесь Салавей. Масей Сяднёў, празаікі Антон Адамовіч, Юрка Віцьбіч і іншыя. У выніку ўзьнікла задума, якая ўвасобілася ў кнігу «Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа», якая выйшла ў 2001 годзе. Мне давялося быць першай, хто знаёміў нашу грамадзкасьць з творчасьцю пісьменьнікаў замежжа.
— Вы шмат займаліся і творчасьцю беларускіх пісьменьнікаў, якія жылі і пісалі на радзіме. Якім чынам іх творчасьць адрозьніваецца ад літаратуры замежжа?
— Пісьменьнікі замежжа адкрылі шмат цікавых тэм у параўнаньні зь літаратурай, якая разьвівалася пад мэтадам сацрэалізму. Пісьменьнікаў замежжа найперш цікавіла беларуская гісторыя, мова, культура. Яны пісалі пра тое, пра што не маглі гаварыць літаратары ў Беларусі. Таму беларуская літаратура замежжа шмат у чым дапоўніла нашу айчынную літаратуру. Цяпер мы маем адзіную літаратуру і лічым пісьменьнікаў замежжа сапраўднымі беларускімі пісьменьнікамі. Вяртаньне спадчыны рэпрэсаваных пісьменьнікаў і тых пісьменьнікаў, якія былі вымушаныя зьехаць, я лічу сваёй заслугай. У сэрыі «Беларускі кнігазбор» мне ўдалося выдаць восем аўтараў, у тым ліку Масея Сяднёва, Вольгу Іпатаву, Лідзію Арабей, Сяргея Грахоўскага, Аляксандра Надсана, а таксама кнігу, якая называецца «Расстраляная літаратура». Цяпер у нас існуе агульная літаратура, куды таленавітым і залатым патокам улілася літаратура беларускага замежжа.
— Барысу Кіту хутка 106 год. Распавядзіце пра яго, вы ж прысьвяцілі яму некалькі кніг, хоць ён і не пісьменьнік.
— Мне давялося вяртаць беларусам імя Барыса Кіта. Зь ім я сустрэлася ў той жа камандзіроўцы ў ЗША. Ён тады працаваў у амэрыканскіх касьмічных дасьледаваньнях. Я тады ўпершыню даведалася, што такі славуты вучоны — гэта наш беларус, які выдатна гаворыць па-беларуску. Дарэчы, усе беларусы ў замежжы паміж сабой заўсёды гаварылі па-беларуску, нягледзячы на тое, што выдатна ведалі і іншыя мовы — ангельскую, нямецкую, францускую мовы. Барыс Кіт у час вайны працаваў у навучальных установах. Яму давялося эміграваць, бо па савецкіх законах ён лічыўся калябарантам, хоць насамрэч проста вучыў дзяцей. Трапіўшы ў ЗША, Кіт стаў адным з заснавальнікаў суполак беларускай дыяспары і дапамагаў беларусам, якія былі вымушаныя зьехаць з радзімы. Будучы фізыкам і матэматыкам, Барыс Кіт стаў адным з вынаходнікаў касьмічнага паліва. Я вельмі захапілася яго жыцьцяпісам, напісала пра яго кнігу «Космас беларуса. Жыцьцяпіс Барыса Ўладзіміравіча Кіта, асьветніка, вучонага, патрыёта», а пасьля да 90-годзьдзя — кнігу «Грамадзянін сьвету», у якой сабраныя ўспаміны пра Барыса Кіта многіх сусьветна вядомых вучоных.
— Пісьменьнікі, пра каго вы пісалі, чые кнігі выдавалі, вымушаныя былі зьехаць, каб мець магчымасьць жыць і гаварыць тое, у што яны верылі. Як вы лічыце, ці сёньняшнія беларусы вартыя тых ахвяраў, на якія яны ішлі?
— Я вельмі шмат часу займалася сучаснай беларускай літаратурай — пісала, чытала лекцыі. Але, на вялікі жаль, цягам апошніх гадоў адбываецца нешта нялюдзкае. З такой непавагай улады ставяцца да беларускай мовы, гісторыі і культуры, і гэтым адвучваюць нашых беларусаў ад свайго. Я цалкам згодная зь Нілам Гілевічам, які зь вялікім болем гаворыць пра тое, што беларусы могуць страціць сваю нацыянальную годнасьць, калі ня вернуцца да роднай мовы і культуры, калі ня будуць паважаць і чытаць сваіх клясыкаў, ня будуць цікавіцца сваёй гісторыяй. Мы не павінны зьнікнуць, бо мы старажытная, вельмі таленавітая нацыя і не павінны гэта згубіць. Я памятаю, як быў расчараваны і абражаны той жа Масей Сяднёў, калі прыехаўшы ў Менск, пабачыў, што тут ніхто не гаворыць па-беларуску... Але я веру, што мы захаваемся і вернемся да сваіх вытокаў.