Вечар памяці легендарнага археолага Міхася Чарняўскага адбудзецца ў Мінску

10 сакавіка кампанія “Будзьма беларусамі!” запрашае ў 18.00 у Мінскую абласную бібліятэку імя А.С. Пушкіна на вечар памяці легендарнага навукоўца, археолага, вялікага беларуса Міхася Чарняўскага.

7 сакавіка Міхасю Чарняўскаму споўнілася б 78 гадоў.

У бібліятэцы збяруцца яго блізкія, сябры, калегі і вучні. Падчас мерапрыемства будзе прэзентаваны зборнік навуковых артыкулаў “Супольнасці каменнага і бронзавага вякоў міжрэчча Віслы і Дняпра”.

Зборнік, які будзе прэзентаваны 10 сакавіка, складаецца з дзвюх частак, – кажа археолаг, сын Міхася Міхайлавіча Максім Чарняўскі. – Першая частка – гэта ўспаміны калегаў, вучняў і сяброў пра бацьку. Другая складаецца з артыкулаў канферэнцыі, што ладзілася да яго 70-годдзя. І ў якой ён, на жаль, не паспеў узяць удзел”.

Мікалай Плавінскі, які, па словах Максіма Чарняўскага, быў “галоўным ініцыятарам і сапраўдным энэрджайзерам выдання”, распавядае: “Прэзентацыю сапраўды варта называць вечарынай памяці Міхася Міхайлавіча. Бо мы, натуральна, не будзем размаўляць пра археалогію. Сваімі ўспамінамі пра Міхася Чарняўскага падзеляцца Уладзімір Арлоў, Сяргей Тарасаў, Зміцер Санько ды іншыя госці”.

Зборнік пабачыў свет у выдавецтве гістарычнай кнігі “Янушкевіч”.

Прадмова да выдання выйшла асобным артыкулам на сайце budzma.by:

Калумб каменнага веку

Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна (вул. Гікалы, 4). 18.00. Уваход вольны.

Запрашаем!

Мерапрыемства адбудзецца ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.