Да 500-годдзя беларускай Бібліі: новы пераклад Новага Запавету і Прыпавесцяў

Напярэдадні адзначэння 500-годдзя беларускай Бібліі у Мінску пабачыў свет новы пераклад Новага Запавету і Кнігі Прыпавесцяў на беларускую мову. Пераклад быў зроблены пастарам Антоніем Бокунам. Пачынаецца выданне ўрыўкам з прадмовы Францішка Скарыны да Бібліі 1517 г. і кароткай гісторыяй перакладаў Бібліі на беларускую мову.

“Над гэтым перакладам праца вялася з 2011 года, Новы Запавет быў перакладзены са старажытнагрэцкай мовы, а Кніга Прыповесцяў – са старажытнагебрайскай, – кажа пастар Царквы хрысціян веры евангельскай “Ян Прадвеснік” Антоні Бокун. – Гэтае выданне з’яўляецца адказам на патрэбу царквы мець даступны тэкст Святога Пісання. Важна, каб напярэдадні святкаваньня 500-годдзя беларускай Бібліі беларускі пераклад Кнігі кніг не быў бібліяграфічнай рэдкасцю”.

Надрукавала Новы Запавет і Прыпавесці накладам у 10 000 асобнікаў выдавецтва “Пазітыў-цэнтр”.

У 1517 г. Францыск Скарына пачаў друкаваць у Празе кнігі Старога Запавету на беларускай мове. Першы сучасны пераклад Новага Запавету на беларускую мову быў здзейснены Л. Дзекуць-Малеем і А. Луцкевічам у 1931 г. На сённяшні дзень на беларускую мову зроблена 3 пераклады ўсёй Бібліі і 7 перакладаў Новага Запавету, не лічачы перакладаў паасобных кніг Бібліі.

Фота пастара Бокуна — svaboda.org