ЕС фармальна зацвердзіў рашэнне аб зняцці санкцый з беларускіх чыноўнікаў

Еўрасаюз 25 лютага фармальна зацвердзіў палітычнае рашэнне Рады ЕС аб зняцці санкцый з 170 фізічных і трох юрыдычных асоб Беларусі, паведамляе прэс-служба ЕС.

Паведамляецца, што рашэнне будзе апублікаванае ў Афіцыйным журнале ЕС 27 лютага.

У паведамленні гаворыцца, што рашэнне аб зняцці санкцыі прынятае ў адказ на вызваленне ў Беларусі палітвязняў у жніўні 2015 года, у кантэксце паляпшэння адносін паміж Беларуссю і ЕС, а таксама правядзення прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка 2015 года «ў атмасферы, свабоднай ад гвалту».

Нагадаем, у кастрычніку 2015 года Рада ЕС прыняла рашэнне працягнуць і адначасова замарозіць санкцыі ў дачыненні да 170 фізічных і 10 юрыдычных асобаў Беларусі. Тэрмін дзеяння гэтага рашэння мінае 29 лютага 2016 года. Санкцыі былі прыпыненыя у тым ліку ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і яго старэйшых сыноў Віктара і Дзмітрыя, кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка і яго папярэдніка Сцяпана Сухарэнкі. У спісе прадпрыемстваў значацца «Белтэхэкспарт», «Белтэх Холдынг», «Спецпрыборсервіс», «Трайпл», «Ракаўскі бровар», футбольны клуб «Дынама», «Прастор-Трэйд», «АкваТрайпл», «КварцМелПрам», Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў.

15 лютага на пасяджэнні ў Бруселі Рада міністраў замежных спраў ЕС прыняла рашэнне не працягваць санкцыі ў дачыненні да 170 чалавек і трох кампаній з Беларусі.

Пры гэтым на 12 месяцаў прадоўжанае эмбарга на пастаўку ўзбраенняў у Беларусь і абмежавальныя меры ў дачыненні да чатырох чалавек, якіх ЕС лічыць датычнымі да знікнення ў 1999—2000 гадах апазіцыйных палітыкаў і журналіста. Гаворка ідзе пра Уладзіміра Навумава (былы міністр унутраных спраў), Віктара Шэймана (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрыя Сівакова (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрыя Паўлічэнку (камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС).