Ляўрэатамі «Залатога апострафа — 2015» сталі Валерыя Данілевіч, Віталь Рыжкоў і Ўладзімер Арлоў

24 лютага ў кнігарні «Галіяфы» адбыліся адразу дзьве імпрэзы — уганараваньне найлепшых беларускіх паэтаў і празаікаў прэміяй «Залаты апостраф», заснаванай часопісам «Дзеяслоў», і прэзэнтацыя невядомага твору Васіля Быкава — апавяданьня «Ў тую вясну…».

У намінацыі «Проза» прэмію атрымаў Уладзімер Арлоў, у намінацыі «Паэзія» — Віталь Рыжкоў, у намінацыі «Дэбют» — Валерыя Данілевіч.

«Залаты апостраф» сёлета ўручаўся ў 13-ты раз. Урачыстую цырымонію адкрыў старшыня Беларускага саюзу пісьменьнікаў Барыс Пятровіч. Ён прадставіў першы нумар часопіса «Дзеяслоў», які выйшаў у 2003 годзе. Гэты ўнікальны асобнік пазьней быў разыграны ў віктарыне.

«Зараз выходзіць ужо 80-ты нумар з трывалай пэрыядычнасьцю. У першым нумары — творы Ўладзімера Някляева, Уладзімера Арлова, Сьвятланы Алексіевіч, цяперашняй Нобэлеўскай ляўрэаткі. На жаль, у першым нумары не было твораў Васіля Быкава, які ў той час жыў за мяжой. Затое ёсьць новы невядомы твор Быкава ў 80-м нумары — апавяданьне «У тую вясну…», — распавёў Барыс Пятровіч.

80-ты нумар «Дзеяслова»

Напачатку цырымоніі ўручаецца прэмія за значны ўнёсак у літаратуру. Узнагароду заснаваў выдавец, мэцэнат Алесь Усеня. Сёмым яе ляўрэатам стаў Уладзімер Някляеў.

Алесь Усеня

Алесь Усеня ўручае прэмію Ўладзімеру Някляеву

«Падмурак нашай дзяржавы — гэта літаратура. Літаратары і сфармавалі ідэю беларускай дзяржаўнасьці. А тэксты, якія друкуюцца ў „Дзеяслове“, зьяўляюцца паказальнікам нашай літаратуры. Я чытаю ўсе літаратурныя часопісы: і „Полымя“, і „Дзеяслоў“, і „Маладосьць“. У „Дзеяслове“ тэксты вельмі высокага ўзроўню. А прэмію гэту я хацеў бы расьпіць з двума аўтарамі 80-га нумара часопіса, творамі якіх я вельмі ўражаны, — Уладзімерам Арловым і Вінцэсем Мудровым. Жыве беларуская літаратура, жыве Беларусь!», — прамовіў Уладзімер Някляеў.

Уладзімер Някляеў

Стыль-рэдактар «Дзеяслова» абвясьціў пераможцу ў намінацыі «Дэбют»: Ёй стала Валерыя Данілевіч за нізку вершаў «Бойка чорнага зь белым».

Валерыя Данілевіч

У шорт-лісьце прэміі ў намінацыі «Дэбют» разам з Валерыяй Данілевіч былі:

  • Павел Дарохін. Мая Ітака. Вершы
  • Яўген Іхонкін. Новы дзень, прывітаньне! Вершы
  • Яўгенія Пракапчук. Вышыванка. Вершы
  • Надзея Тачыцкая. Заслона неўміручасьці. Абразок
 
У намінацыі «Паэзія» пераможцу назваў «дзеясловавец» Алесь Пашкевіч: Віталь Рыжкоў за нізку вершаў «Удары ў хвіліну». Дарэчы, з гэтага году зьмяніліся ўмовы атрыманьня прэміі — яе можна атрымаць двойчы. Якраз Віталь Рыжкоў ўзнагароду атрымаў другі раз.
 
 
Алесь Пашкевіч
 

Віталь Рыжкоў

Паэтка Валянціна Аксак, якая стала ляўрэаткай «Залатога апострафа» у 2008 годзе, узгадала, што тады ў шорт-лісьце прэміі разам зь ёй быў Рыгор Барадулін, дзень народзінаў якога адзначаецца менавіта сёньня. Спадарыня Валянціна шчыра прызналася, што дагэтуль адчувае віну за тую перамогу перад народным паэтам… І прачытала свой верш «Іншага раю не будзе».

Валянціна Аксак

А ў шорт-лісьце ў намінацыі «Паэзія» разам зь Віталём Рыжковым былі:

  • Анатоль Брусевіч. Вяртаньне ў адсутнасьць
  • Вольга Гронская. Мора ўнутры мяне
  • Аксана Спрынчан. Сьнежнае «рэ»
  • Андрэй Сьцепанюк. Бельскае маўчаньне

У намінацыі «Проза» «Залаты апостраф» атрымаў Уладзімер Арлоў — за аповесьць «Танцы над горадам».

Уладзімер Арлоў

Спадар Арлоў пажартаваў, што ягонае прозьвішча вельмі добра рыфмуецца з назовам часопіса «Дзеяслоў». І выказаў надзею да сотага нумара, а яшчэ лепш да двухсотага атрымаць яшчэ адзін «Залаты апостраф».

Акрамя Ўладзміера Арлова, у шорт-лісьце у намінацыі «Проза» былі:

  • Алена Брава. Мёд Чорнага Месяца. Апавяданьне
  • Уладзімір Някляеў. На ўсякім сьвеце. Прыпавесьць
  • Франц Сіўко. Цымант. Аповесьць
  • Уладзімір Сьцяпан. Задача. Тры навэлы

На вечарыне выступілі музыкі з гурту «Гарадзкі вал» Раман Абрамчук (сьпевы, гітара) і Аляксандар Карабань (кантрабас).

Гурт «Гарадзкі вал»

Ляўрэатамі «Залатога апострафа» ў розныя гады былі і аўтары Свабоды: паэтка Валянціна Аксак (2008 год), эсэіст Вінцэсь Мудроў, «дэбютант» Франак Вячорка (2010 год), празаік Сяргей Дубавец (2014 год).