4 лютага народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну споўніўся б 81 год. Увосень 2015 году на ягонай магіле ва Ўшачах усталявалі помнік — валун. А вось вуліца Барадуліна так і не зьявілася ні ў Віцебску, ні ва Ўшачах, вушацкай сярэдняй школе імя Барадуліна не надалі, хаця было адмысловае рашэньне Віцебскага аблвыканкама.
У дзень народзінаў паэта ў Вушачах, на ягонай радзіме, і ў Менску адбудзецца некалькі імпрэзаў.
У Белдзяржфілярмоніі адбудзецца вечарына «Песьні матчыны з Вушаччыны». Праграма канцэрта складаецца з народных песьняў Вушаччыны — тых самых, якія ўсё жыцьцё натхнялі дзядзьку Рыгора. У канцэрце возьмуць удзел этна-гурт «Vuraj», «Harmonic style project», «Re1ikt», фальклёрны гурт «Варган» з Полацку, дуэт Ірэна Катвіцкая і Вера Саламонік.
Вершы Рыгора Барадуліна прачытае паэт Міxась Скобла. Вядоўца і аўтар праекту — саліст Белдзяржфілярмоніі Сяргей Доўгушаў.
Моладзевае крыло кампаніі «Гавары праўду» ў дзень народзінаў паэта будзе раздаваць у цэнтры сталіцы ўлёткі зь вершамі Рыгора Барадуліна.
Адмысловая імпрэза, прысьвечаная слыннаму земляку, адбудзецца і ў Вушацкай сярэдняй школе. Школьнікі будуць чытаць вершы. У школьным музэі ёсьць адмысловы стэнд, прысьвечаны народнаму паэту.
А вось сваё абяцаньне назваць у Вушачах вуліцу і сярэднюю школу імем Рыгора Барадуліна ўлады так і ня выканалі.
Адразу пасьля сьмерці слыннага паэта, увесну 2014 году, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, «Арт Сядзіба» ды іншыя зьвярнуліся з прапановай вуліцу Школьную, дзе дзядзька Рыгор правёў сваё дзяцінства, і школу ў гарадзкім пасёлку Вушачы назваць імем Рыгора Барадуліна. Пра гэта пісалі многія СМІ. Пра гэта паведамляў у ліпені 2014 году нават афіцыйны сайт Віцебскага аблвыканкама:
«Віцебскі аблвыканкам разгледзеў звароты, накіраваныя ў Савет міністраў Рэспублікі Беларусь, аб увекавечаньні памяці Рыгора Барадуліна і ў рамках кампэтэнцыі, — адзначаецца ў адказе кіраўніцтва Віцебскай вобласьці. — Вушацкім райвыканкамам і райсаветам ажыцьцяўляецца праца па перайменаваньні вуліцы Школьная ў гарадзкім пасёлку Вушачы ў вуліцу імя Рыгора Барадуліна. Накіраваны ліст у тапанімічную камісію пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь аб магчымасьці ўжываньня трансьлітарацыі пры перакладзе плянаванай назвы на расейскую мову».
У афіцыйным адказе таксама паведамлялася, што на сходзе працоўнага калектыву Вушацкай сярэдняй школы было прынятае рашэньне аб прысваеньні гэтай установе імя Рыгора Барадуліна, і цяпер «рыхтуюцца адпаведныя дакумэнты».
Дакумэнты, мабыць, рыхтуюцца дагэтуль.
Помнік Рыгору Барадуліну на Бутаўскіх могілках ва Ўшачах
Старшыня Вушацкага райвыканкаму Віктар Родзіч адразу ж накіраваў карэспандэнта Свабоды ў Віцебскі аблвыканкам: маўляў, райвыканкам такога рашэньня не прымаў. Што да вушацкіх уладаў, яны шмат што зрабілі і робяць, каб уганараваць памяць Барадуліна:
«Мы даглядаем дом Рыгора Барадуліна, што стаіць на вуліцы Школьнай па просьбе ўдавы паэта Валянціны Міхайлаўны. Актыўна дапамагалі ва ўсталяваньні помніка, агароджы — гэта дастаткова дарагія работы. Даглядаем за ягонай магілай. У школьным музэі ёсьць стэнд, прысьвечаны паэту. Праводзяцца „Дні Барадуліна“. З Вушаччыны паходзілі, акрамя Рыгора Барадуліна, Васіль Быкаў, Пятрусь Броўка і Еўдакія Лось. У нас ёсьць яшчэ ідэі, як уганараваць памяць нашых славутых землякоў, спадзяюся, зь цягам часу зьявіцца і вуліца Барадуліна».
Дарэчы, у Вушачах вуліцы Петруся Броўкі і Еўдакіі Лось ёсьць. Праўда, мастакі, якія штогод арганізуюць каля Вушачаў плэнэры, на доме, дзе жыў Барадулін (але не на фасадзе, а з таго боку, што ідзе ў гарод) прымацавалі шыльдачку «вуліца Рыгора Барадуліна» і пасадзілі ўздоўж маладыя дубы.
Шыльда «Вуліца Рыгора Барадуліна» на доме паэта
А вось ва ўпраўленьні ідэалягічнай работы Віцебскага аблвыканкаму карэспандэнту Свабоды так і не адказалі, чаму ня выкананае рашэньне аблвыканкаму і дагэтуль няма вуліцы Барадуліна ў Вушачах.
Намесьнік начальніка ідэалягічнага ўпраўленьня Пётар Гнутэнка прачытаў верш Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часьцей», на добрай беларускай мове запэўніў, што рух ідзе, але марудна. Ён паабяцаў, што 24 лютага пасьля абеду зьявіцца супрацоўнік, якога ў аўторак не было на месцы, і які курыруе гэты справу (дарэчы, кандыдат гістарычных навук).
Не зьявілася вуліца Барадуліна і ў Віцебску, хаця адпаведнае рашэньне 25 сакавіка 2015 году прыняў Віцебскі гарадзкі савет дэпутатаў.
Няма і мэмарыяльнай шыльды на доме па вуліцы Івана Мележа ў Менску, дзе жыў народны паэт.
Свабода будзе далей сачыць за разьвіцьцём падзей.