Выстава ва ўкраінскім пасольстве прайшла ў незвычайнай атмасферы. І справа нават не ў тым, што праект такога роду вырашылі ўпершыню паказаць у Мінску. Ужо на ўваходзе ў фае амбасады на Старавіленскай вуліцы быў адчувальны яе асаблівы фармат з нотай трагізму. Наведвальнікаў сустракалі песняй, якая стала рэквіемам Рэвалюцыі Годнасці, — «Пливе кача па Тисині».
Свае творчыя работы прадставілі мастакі, якія пабывалі ў зоне АТА і рызыкавалі ўласным жыццём. «З Украінай у сэрцы» — такім стаў сумесны праект украінскіх і беларускіх жывапісцаў і фатографаў. Гэтыя людзі на свае вочы ўбачылі адваротны бок жыцця. Такое ніколі не знікае ні з сэрца, ні з памяці.
Экспазіцыю, прысвечаную трагедыі на паўднёвым усходзе Украіны, адкрываў часовы павераны Украіны ў Беларусі Валерый Джыгун. Ён прымеркаваў адкрыццё выставы да гадавіны падпісання Мінскіх дамоўленасцей, нагадаўшы, што Беларусь стала не толькі пляцоўкай для мірных перамоваў, але і блізкім сябрам і партнёрам Украіны.
Часовы павераны Украіны ў Беларусі Валерый Джыгун. Фота: Іна Кардаш.
«Беларусь — нашы сябры і партнёры. І для таго, каб настаў ва Украіне мір, мы аб'яднаем усе нашы намаганні», — пракаментаваў Джыгун.
Валерый Джыгун прызнаў, што ва Украіне з цяплом ставяцца да беларусаў. Па выніках сацыялагічнага апытання «Рэйтынг», менавіта за беларускім прэзідэнтам украінцы прызналі найбольш сімпатычнага ім палітыка. Другое і трэцяе месца падзялілі канцлер Германіі і кіраўніка Польшчы і Літвы.
— Гэта адлюстраванне ўкраінскіх сімпатый кажа пра тое, хто на самай справе з'яўляецца нашымі сябрамі ў свеце. Беларускі народ займае першае месца, таму што гэта наш брат, наш сусед і адзін з самых блізкіх сяброў», — дадаў часовы павераны.
На працягу паўгадзіны прысутныя маглі праглядзець дзве кароткаметражныя кінастужкі, у сюжэт якіх былі пакладзены трагічныя падзеі на паўднёвым усходзе Украіны. Вялікая ўвага таксама была нададзена гібелі беларуса Міхаіла Жызнеўскага ў гушчы падзей украінскай Рэвалюцыі Годнасці. У асяроддзі мастакоў адзначылі, што малады чалавек «загінуў з-за расейскай зброі». Сярод гледачоў быў заўважаны і амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус.
Пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус. Фота: Іна Кардаш.
Ні адзін з шасцярых мастакоў, што творча пераасэнсавалі падзеі на Данбасе, не застаўся па-за ўвагай. Дарэчы, выставу яны арганізавалі за ўласныя сродкі. Тарас Носар, Генадзь Драздоў, Алесь Цыркуноў, Алесь Суша, Андрусь Такінданг, Алесь Пушкін прэзентавалі каля 30 сваіх карцін.
Выстава мастакоў з зоны АТА. Фота: Кардаш Іна.
Акрамя карцін прафесійных мастакоў, арганізатары ўключылі ў экспазіцыю і некалькі дзіцячых малюнкаў, а таксама фотаработы.
Малюнкі мінскіх школьнікаў на выставе работ мастакоў АТА. Фота: Кардаш Іна.
Беларускі мастак і ўдзельнік выставы Генадзь Драздоў распавёў пра мэты правядзення экспазіцыі па ваенных матывах ва Украіне.
«Наша выстава — гэта першы крок да таго, каб паспрабаваць мастацкімі сродкамі выказаць трагедыю і данесці яе да гледача. Такім чынам мы хочам ўнесці ўклад у прымірэнне двух бакоў», — заявіў беларускі мастак Генадзь Драздоў.
Беларускі мастак Генадзь Драздоў. Фота: Іна Кардаш.
Пасля выступу ўкраінца мастака Тараса Носара зала пляскала ў далоні. Хвалюючая ўкраінская гаворка чалавека, які не па чутках ведае, што такое чалавечае гора, не пакінула нікога абыякавым. На выставе Тарас быў адзіным прадстаўніком мастакоў ад украінскай дыяспары. Як выказаўся сам Носар, яму было «і радасна, і адначасова — сумна» прадстаўляць Украіну толькі ад адной асобы — сваёй уласнай.
Украінскі мастак Тарас Носар. Фота: Іна Кардаш.
— «Мышы і сабакі — гэта ўсе, хто ёсць у Пясках. Больш там нікога няма. Але моцна не хочацца, каб наша зямля, якая калі-небудзь, думаю, будзе адзінай, і таксама думаю, што там не будзе гэтых мышэй і сабак», — выказаў надзею Тарас Носар.
Яго беларускі калега, Аляксандр Цыркуноў, заклікаў прысутных украінцаў звярнуцца ў Міністэрства культуры з просьбай адкрыць у Беларусі бібліятэку імя Тараса Шаўчэнкі. І нагадаў, што 2016 год у Беларусі — гэта год культуры.
— Мне як беларусу крыху сорамна, што мы маем столькі розных бібліятэк, у тым ліку расійскіх вельмі шмат, а ўкраінскай няма ніводнай. Ёсць бульвар Шаўчэнкі, ёсць сквер Шаўчэнкі, а бібліятэкі няма, — прызнаўся Цыркуноў, згадаўшы таксама пра год культуры ў Беларусь.
Такія словы вялікаму ўкраінскаму паэту Тарасу Шаўчэнка былі б як бальзам на душу. Ён быццам бы няўзнак назіраў за тым, што адбываецца ў зале.
Партрэт Тараса Шаўчэнкі. Фота: Іна Кардаш
Наведвальнікі выставы маглі не толькі ўбачыць працы мастакоў дзвюх краін, але і паслухаць жывую музыку ў бардаўскім выкананні.
Выставу наведаў і першы беларускі ўладальнік літаратурнай прэміі «Воін Святла» Анатоль Бароўскі за кнігу «Воляй абраны». Саму прэмію заснавалі Нацыянальны саюз пісьменнікаў Украіны і Саюз беларускіх пісьменнікаў летам 2015 года. Такой прэміяй адзначаюць найлепшую беларускую або ўкраінскую прозу, — выкрыццё барацьбу за справядлівасць і свабоду.
Побач з карцінамі мастакоў змясціўся інфармацыйны стэнд з інфармацыяй пра ўкраінскую лётчыцу Надзею Саўчанка, што ўтрымліваецца пад арыштам у Расіі.
Інфармацыйны стэнд з Надзеяй Саўчанка. Фота: Іна Кардаш
Аднадзённая выстава ўкраінскіх і беларускіх мастакоў прайшла 11 лютага ў пасольстве Украіны ў Беларусі.