У пачатковай школе стане больш урокаў беларускай мовы - Мінадукацыі

З новага навучальнага года ў пачатковай школе павялічыцца колькасць гадзін вывучэння беларускай мовы, паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Ірына Булаўкіна ў чацвер на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«Добрая навіна: з наступнага года ў пачатковай школе, пачынаючы з 2 класа, на вывучэнне рускай і беларускай моў незалежна ад мовы навучання ва ўстанове будзе выдзелена аднолькавая колькасць гадзін», — адзначыла спецыяліст.

Паводле яе слоў, цяпер у 2 класе на вывучэнне беларускай мовы адводзіцца 2 гадзіны, у той час як рускую мову ў раскладзе другакласнікаў значыцца 3 разы на тыдзень.

«Пачнем з другіх класаў, праз год гэта будуць другія і трэція, потым другія-трэція-чацвёртыя, і паступова мы пяройдзем на аднолькавую колькасць гадзін вывучэння беларускай і рускай моў, як гэта робіцца ў старэйшых класах», — удакладніла прадстаўнік міністэрства адукацыі.

«У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, і мы вырашылі, што яны павінны быць у роўных умовах», — патлумачыла яна.

Акрамя таго, з гэтага года арганізавана вывучэнне беларускай мовы і літаратуры на павышаным узроўні ва ўсіх установах адукацыі, распавяла спецыяліст. Пры гэтым улічваюцца пажаданні вучняў, іх бацькоў і наяўнасць сфармаваных класаў, дадала яна.

«У кожнай установе адукацыі могуць быць такія класы па жаданні вучняў. Гэта тычыцца не толькі беларускай мовы і літаратуры, але і іншых прадметаў: з 10 класа вучні могуць вывучаць прадметы як на базавым, так і на паглыбленым узроўні, і для гэтага не абавязкова ісці ў гімназію», — падкрэсліла І.Булаўкіна.