Музеі Вітаўта

27 студзеня гэтага года сябры беларускага таварыства “Уздым”  (Латвія) Людміла Сінякова, Вольга Паўловіч, Мікола Паўловіч, Юлія Хмяльніцкая і Станіслаў Валодзька наведалі горад Міёры Віцебскай вобласці.

Падчас творчай сустрэчы Станіслава Валодзькі з жыхарамі Міёр наша дэлегацыя наведала знакамітыя музеі 3 СШ г.Міёры.

Заснавальнікам музеяў і кіраўніком з’яўляецца настаўнік гісторыі Вітаўт Ермалёнак. “Цікавасць да гісторыі Беларусі, роднага краю, станаўленне нацыянальнай самасвядомасці і гістарычнай свядомасці стала фарміравацца пад уплывам расповедаў бацькі пра лёс роднага краю, праз знаёмства з міжваеннай беларускай і польскай літаратурай (забароненай у савецкі час). Пад час вучобы ва ўніверсітэце займаўся ў гісторыка-краязнаўчым гуртку пад кіраўніцтвам прафесара Я.Н.Мараша.  Другой зацікаўленасцю стала педагогіка. Займаўся ею, як і краязнаўствам, вельмі сур’ёзна.” (Мікалай Півавар “Краязнаўцы Віцебшчыны”, 2010г).

Вітаўт на працягу ўсяго жыцця збірае артыфакты аб роднай Міёршчыне і Браслаўшчыне. Гэтыя зборы ляглі ў аснову чатырох музеяй пры школе.

Першы, краязнаўча-гістарычны музей, быў адчынены больш 30 гадоў назад. Новыя знаходкі дазволілі адчыніць музеі кнігі і адукацыі, этнаграфічны музей.

Пра свае музеі і знаходкі Вітаўт можа расказваць бясконца. Кожны новы аповед , цікавейшы за папярэдні. Слухаючы яго, не перастаеш здзіўляцца  яго ведам і адчуваеш сябе ўдзельнікам тых далёкіх падзей.

Цікава, што ў такім невялікім паселішчы па мерках Беларусі, настаўнікам і яго пашуковым клубам “Арганаўты мінулага” знойдзены сотні цікавых экспанатаў, якія маглі б упрыгожыць вядомыя музеі свету.

На Міёршчыне была знойдзена вялікая колькасць старадаўніх выданняў розных часоў больш чым на дзесятку еўрапейскіх моваў. Відаць, што ў тыя часы людзі вучыліся і цікавіліся рознымі навукамі.

Зацікаўлены сам гісторыяй, Вітаўт прывівае любоў да навукі сваім вучням. Непасрэдна шмат урокаў па гісторыі праходзяць у школьных музеях. Сёлета студэнт, былы вучань школы, Кандратовіч М. дапамагае свайму настаўніку.

Сям’я таксама падтрымлівае Вітаўта ў яго працы. Жонка Марыя Георгіеўна і сын Антон – настаўнікі гісторыі гэтай школы, разам з ім актыўна працуюць у музеях.

Зараз музеі наведваюць шмат гасцей з розных краін свету, нават была дэлегацыя з Афрыкі.

Першае маё спатканне з Вітаўтам адбылося 2 гады назад, падчас удзелу ў навуковай канферэнцыі разам з Міколам Паўловічам (краязнаўца і гісторык беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”)  у Германавічах. На канферэнцыі мы і пазнаёміліся. Вітаўт шчыра запрасіў у госці, прапанаваў  пазнаёміцца з яго дзейнасцю. Я – настаўніца, таму мне было цікава паглядзець, як працуюць беларускія школы.  Пакуль мы ехалі, я пачула шмат аповедаў пра наваколле, кожны куточак меў сваю гісторыю.  Але тое, што я убачыла ў школьным музеі…. Мяне здзівіла яшчэ больш.

Калі будзеце на Міёршчыне, завітайце ў госці да Вітаўта. Будзе цікава!

Мы жадаем Вітаўту поспехаў і натхнення ў працы.

Людміла Сінякова, старшыня таварыства “Уздым”