ТБМ запрашае на Агульнанацыянальную дыктоўку

ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” запрашае ўсіх ахвотных прыняць удзел у ІХ Агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы, першы тур якой адбудзецца 21 лютага ў сядзібе ТБМ.

Пачатак у 11.00 гадзін. Кожны ўдзельнік атрымае падарунак.

21 лютага міжнародная супольнасць штогод адзначае дзень Роднай мовы. Мы звяртаемся да ўсіх грамадзян Беларусі, а таксама прыхільнікаў беларушчыны за мяжой з просьбай  выказаць у гэты дзень сваю падтрымку жывому беларускаму слову.

Давайце ў гэты дзень публічна праявім сваё шанаванне да старажытнай, тысячагадовай беларускай мовы, дзяржаўнай мовы Вялікага Княства Літоўскага, мовы трох Статутаў ВКЛ, мовы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава.

Мы заклікаем Вас прыняць удзел у ІХ Агульнанацыянальнай дыктоўцы, якую мы прапануем пісаць па творах Янкі Сіпакова, Максіма Багдановіча і Макара Краўцова .

Узоры дыктовак чытайце ў газеце “Наша слова”, а таксама на нашым партале: tbm-mova.by

Любіце родную мову –  яна  дасканалая і прыгожая!