27 студзеня гэтага года сябры беларускага таварыства “Уздым” Людміла Сінякова, Вольга Паўловіч, Мікола Паўловіч, Юлія Хмяльніцкая і Станіслаў Валодзька наведалі горад Міёры Віцебскай вобласці. Там, арганізаваная супрацоўнікамі Міёрскай біліятэкі, у актавай зале школы мастацтваў адбылася сяброўская сустрэча. Прысутныя зацікаўлена слухалі расповяд Людмілы Сіняковай і Вольгі Паўловіч аб жыцці беларускай дыяспары ў Даўгаўпілсе, аб рабоце таварыства “Уздым”.
Затым адбыўся невялікі канцэрт, у якім прагучалі песні на словы Станіслава Валодзькі кампазітараў Міколы Яцкова і Альберта Белуся ў выкананні міёрскіх спявачак Святланы Атопкінай і Дар’і Шук – “Калыханка для сына” і салісткі музычна-вакальнага ансабля “Пралескі” Цэнтра беларускай культуры Даўгаўпілса Юліі Хмяльніцкай – “Беларусы свету”, “Наш масток”, “Песенка вясёлкі”. Юлія Хмяльніцкая праспявала таксама латышскую народную песню “Vai ta mana vaina bija...” на латышскай мове і ў перакладзе на беларускую мову Станіслава Валодзькі. Слухачы адзначалі высокі прафесійны ўзровень спявачак.
С. Валодзька прачытаў некалькі сваіх вершаў адрасаваных дарослым і дзецям. Яго вершы чыталі вучні 3 сярэдняй школы Міёр, выхаванцы філолага Ларысы Лапкоўскай. А пяцікласнікі гэтай школы прачыталі ўласныя вершы.
Галоўны спецыяліст Аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Міёрскага райвыканкама Ірына Кубарка падзякавала суайчыннікам за выступленне і ўручыла ім падарункі мясцовых майстроў. Сябры “Уздыма” таксама паднеслі гаспадарам свае падарункі, у тым ліку кнігі і беларускія газеты, выдадзеныя ў Латвіі, якія з удзячнасцю прымала дырэктар бібліятэкі Ала Скавародка.
Цёпла, узрушана вяла імпрэзу таленавітая паэтка, сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, журналістка газеты “Міёрскія навіны” Алена Басікірская, якая атрымала запрашэнне прыехаць у Даўгаўпілс на ўласную творчую сустрэчу.
На развітанне за кубачкам кавы вялася размова аб далейшым супрацоўніцтве.
Перад ад’ездам даўгаўпілская дэлегацыя наведала музеі, створаныя Вітаўтам Ермалёнкам, гісторыкам і краязнаўцам, улюблёным у сваю справу.
Людміла Сінякова, старшыня беларускага таварыства “Уздым”