«Я ў шоку, наколькі складана перакласьці дакумэнты на родную мову»

Толькі 12 чалавек з 387 натарыяльных перакладчыкаў у Менску прапануюць пераклад на беларускую мову. Гэта тры адсоткі.

Чытачка Свабоды распавяла, наколькі складана ёй было знайсьці перакладчыка з украінскай на беларускую, а потым яшчэ натарыюса, які б засьведчыў афіцыйны пераклад.

Пераклад на беларускую даражэйшы, чым на расейскую

«Абсалютна нечакана сутыкнулася з наступнай праблемай. Мне трэба было перакласьці пасьведчаньне аб шлюбе з украінскай на беларускую мову з натарыяльным засьведчаньнем. Пераклад патрэбны для ЗАГСу, каб я магла памяняць дзявочае прозьвішча на мужава.

Па-першае, выявілася, што абсалютная большасьць перакладчыцкіх бюро адмаўляецца перакладаць на беларускую ўвогуле.

Некаторыя як варыянт прапануюць выканаць спачатку пераклад на расейскую, а ўжо з расейскай на беларускую! Пасьля доўгіх пошукаў я нарэшце знайшла кантору, дзе пагадзіліся перакласьці адразу на беларускую, хоць гэта ў іх і каштуе ў некалькі разоў даражэй, чым на расейскую.

Але празь некалькі дзён мне патэлефанавалі адтуль і паведамілі, што яны зрабілі пераклад, але ўжо тры натарыюсы адмовіліся засьведчыць беларускі пераклад! Паколькі паслуга не была аказаная ў поўным аб’ёме, мне вярнулі грошы. Але патрэба ў перакладзе засталася.

Адмова ў перакладзе на беларускую мову — законная

Мне ўдалося знайсьці прычыну, па якой супрацоўнікі дзяржаўнай натарыяльнай канторы адмаўляюцца засьведчыць подпіс перакладчыка на беларускім перакладзе. Замест гэтага яны прапануюць засьведчыць паасобку пераклад з украінскай на расейскую і з расейскай на беларускую.

Паводле працэдуры натарыюс засьведчвае не пераклад на пэўную мову, а толькі сапраўднасьць подпісу перакладчыка, які зарэгістраваны ў Адзіным рэестры перакладчыкаў натарыяльных кантор і натарыяльных бюро Менску.

На сайце Натарыяльнай палаты я знайшла гэты сьпіс па стане на 24.08.2015. Пры яго вывучэньні выявілася, што ў графе «Иностранный язык перевода» (!) у 12 перакладчыкаў значыцца беларуская мова! Дарэчы, ніводзін з унесеных у рэестар перакладчыкаў ня мае ў гэтай графе адначасова і ўкраінскую, і беларускую мовы. Такім чынам, натарыюсы, працуючы на падставе гэтага дакумэнту, быццам бы на законных падставах адмаўляюцца засьведчваць подпіс перакладчыка на патрэбным мне дакумэнце.

Не чакала, што беларуская мова выкліча такія праблемы

У мяне ўзьніклі вялікія пытаньні да складальнікаў Адзінага рэестра перакладчыкаў. А гэта быццам Першая менская гарадзкая дзяржаўная натарыяльная кантора.

Якім чынам дзяржаўная беларуская мова раптам трапіла ў графу «Иностранный язык перевода»?

Другое пытаньне датычыць крытэраў унясеньня беларускай мовы ў якасьці мовы перакладу. Дапускаю, што з 400 перакладчыкаў толькі згаданыя 12 чалавек палічылі неабходным пазначыць, што яны перакладаюць на беларускую. Але ці не дае дыплём перакладчыка беларускай ВНУ падставу перакладаць тэксты на беларускую мову? Ці дзеля гэтага патрэбны асобны дыплём? Беларускую мову вывучаюць ня толькі філёлягі-лінгвісты. Яе вывучаюць і ў тэхнічных ВНУ. Дык што, іхнія дыплёмы дазваляюць ім працаваць толькі па-расейску?

Пералічаныя пытаньні, а таксама прапанову наконт зьменаў у афармленьні Адзінага рэестру перакладчыкаў пляную адрасаваць у Натарыяльную палату й у Міністэрства юстыцыі. Было б правільна ці зусім прыбраць беларускую мову з графы «Иностранный язык перевода», ці перайменаваць яе ў «Язык перевода» ды дадаць сюды расейскую мову. Яе, дарэчы, у сьпісе моў зусім няма.

Па выніку мая эпапэя зь перакладам пасьведчаньня аб шлюбе з украінскай на беларускую мову з натарыяльным засьведчаньнем усё ж такі пасьпяхова завяршылася, хоць і цягнулася два тыдні. Пасьля доўгіх пошукаў я зьвярнулася ў іншую перакладчыцкую кантору. Як выявілася, яна карыстаецца паслугамі прыватнага натарыюса, які, на маё шчасьце, ня быў вельмі ўважлівы да мовы перакладу й засьведчыў подпіс перакладчыка на дакумэнце акурат на Новы год — 31 сьнежня.

Я проста ў шоку, ніколі ня думала, што выбар беларускай мовы можа цягнуць за сабой столькі праблем«.

Гэта ўнутраны дакумэнт, мы ня кажам, што беларуская мова — замежная

Беларуская мова ў графу «замежная» трапіла чыста тэхнічна, патлумачыў Свабодзе складальнік рэестру перакладчыкаў Сяргей Аляксееў, натарыюс Першай менскай гарадзкой натарыяльнай канторы.

«Гэта ня значыць, што мы кажам, што беларуская мова для нас замежная», — сказаў Аляксееў. — Але дзякуй, што зьвярнулі на гэта ўвагу. Назву гэтай графы мы зьменім на «Мова перакладу».

Па словах натарыюса, Адзіны рэестар перакладчыкаў — гэта не афіцыйны, а ўнутраны працоўны дакумэнт. Беларускую мову ў ім паставілі ў «замежныя», каб ня ўводзіць асобную графу для адной мовы.

Таксама ён распавёў, што ад грамадзянаў Беларусі, якія займаюцца перакладамі, не патрабуюць, каб яны дакумэнтальна пацьвярджалі сваё валоданьне расейскай ці беларускай мовай. І каб перакладаць на беларускую мову і зь яе, дастаткова пазначыць гэта ў сваёй заяве.

«Лічыцца, што беларускай мовай яны валодаюць па змаўчаньні», — сказаў Аляксееў.

Колькасьць беларускіх перакладаў расьце, але чынавенства ня думае пра беларускамоўных

У перакладах на беларускую мову ці зь беларускай мовы часта можна заўважыць непасьлядоўнасьці, пацьвердзіў Свабодзе Аляксей Нарэйка, дырэктар кампаніі «Праўны пераклад». Кампанія спэцыялізуецца на беларускіх перакладах і разьвіцьці беларускае мовы.

«Вялікай колькасьці людзей у галаву не прыходзіць, што зь беларускай мовы можна перакладаць на замежную наўпрост, — сказаў Нарэйка Свабодзе. — Яны нават не заўважаюць, што прыцягваюць расейскую штучна, нават калі яна зусім недарэчы».

Прыкладам, шараговыя перакладчыкі часта не задумваюцца, што зьявы беларускага паходжаньня — назвы гарадоў, геаграфічных аб’ектаў, імёны й прозьвішчы грамадзянаў Беларусі — належыць перакладаць з мовы, адкуль яны паходзяць. То бок зь беларускай, а не з расейскай.

Напрыклад, зь беларускай мовы паходзіць слова «Гародня», а таму назву горада трэба перакладаць на замежныя мовы менавіта зь беларускай. Тады на ангельскай гэта будзе правільна перададзеная назва «Harodnia» ці хаця б «Hrodna». Але ж часта за аснову бяруць расейкі варыянт «Гродно» ці літоўскі «Gardinas».

«Мы ўсё-ткі твар сваёй краіны. Нашы назвы і прозьвішчы гучаць асабліва і пішуцца на замежных мовах асабліва, ня так, як пішуцца расейскія ці балцкія назвы: Bahdanovič, Siarhiej, Mahilioŭskaja voblasć, vulica Usсhodniaja».