Адзін з найдаўнейшых тэкстаў чалавецтва, «Рыгведу», пераклалі на беларускую

Паэт і перакладчык Ігар Кулікоў зьбірае грошы на выданьне першых 100 асобнікаў унікальнага перакладу.

На плятформе «Талака» распачаты збор грошай на выданьне паэтычнага беларускага перакладу першай часткі індыйскай «Рыгведы», старажытнага зборніку рэлігійных гімнаў. Пераклад выканаў беларускі паэт Ігар Кулікоў. На выданьне першых 100 асобнікаў патрэбныя 27 мільёнаў.

Як распавёў Свабодзе Кулікоў, гэты пераклад ня меней важны для беларускай культуры, чым пераклады «Адысэі» і «Іліяды»:

«Рыгведа — гэта галоўны літаратурны помнік індыйскай цывілізацыі і адзін з самых старажытных літаратурных твораў чалавецтва ўвогуле. Дакладная дата яго стварэньня невядомая, бо гэта быў вусны тэкст, які перадаваўся з пакаленьня ў пакаленьне. Але, па лінгвістычных зьвестках і некаторых гістарычных, прыблізная дата стварэньня Рыгведы — 1500 год да нашай эры, а можа і пазьней.

Гэта зборнік гімнаў, прысьвечаных розным ведычным багам, такім, як Аґні — то бок агонь, Індру — бог-грамавержац, Варуна, Мітра і іншыя. У гэтых гімнах паэты зьвярталіся да багоў з просьбай даць ім славы, багацьця, натхненьня да стварэньня новых малітваў і гімнаў, часам сустракаюцца гімны-замовы, дзе аўтар просіць абараніць яго ад розных хваробаў, няўдачаў, ворагаў.

„Рыгведа“ напісаная на санскрыце, клясычнай і сьвятой мове Індыі, адной з самых архаічных індаэўрапейскіх моваў. З таго часу, калі стваралася „Рыгведа“, санскрыт у Індыі не пераставаў вывучацца, дагэтуль людзі вывучаюць ня толькі як другую мову. Па розных ацэнках ёсьць парадку 10 тысяч чалавек, якія карыстаюцца санскрытам як першай роднай мовай.

Далёка ня кожная мова і культура могуць пахваліцца тым, што ў іх ёсьць гэты тэкст. Поўны пераклад Рыгведы існуе толькі на некалькіх мовах — гэта нямецкая, ангельская, расейская, француская і некаторыя індыйскія, паэтычных яшчэ меней.

Мне здаецца, любая культура, якая прэтэндуе на нейкае сур’ёзнае месца, павінна мець нейкі абсяг перакладзеных клясычных твораў, як „Іліяда“ і „Адысэя“ Гамэра. У гэты ж шэраг уваходзіць і „Рыгведа“.

Кніжка будзе ўключаць некалькі дадаткаў. Акрамя саміх гімнаў, там будзе шэраг артыкулаў пра тое, што такое „Рыгведа“, адкуль яна ўзялася, будзе некалькі артыкулаў пра асаблівасьці мовы і стылю „Рыгведы“ і чаму я абраў менавіта такі спосаб яе перакладаць. Пасьля гімнаў будзе шэраг артыкулаў пра ключавыя паняцьці ў „Рыгведзе“, як мантра ці ахвяра, сьпіс заўвагаў да кожнага гімну, каб чытач атрымаў уяўленьне пра тое, як жылі гэтыя людзі і што гэта азначае. Будзе таксама сьпіс рэдкіх беларускіх словаў і наватвораў, якія я ўжываў у перакладзе».


хвалебен 189

песьнятворца – Аґастйа, сын Мітры й Варуны боства – Аґні вершаваны памер – трыштубг

о Аґні вядзі нас пуцінаю краснай вядушчы ўсіх вехаў о божа да скарбу адпрэч ад нас грэх што зьбівае з дарогі учцім найвялікшым цябе шанаслоўем /1/

о Аґні ізноў перапраў нас шчасьліва на той бераг бед праз усе перашкоды шырокаю ёмкай прасторнай цьвярдыняй будзь нам і нашчадкам на спор і здароўе /2/ о Аґні адпрэч ад нас хіры-хваробы хай хіраць плямёны бяз Аґні-апекі ізнову зрабі ты Зямлю урадлівай каб многаручыла о божа з багамі /3/

баронь нас Аґні абаронай нястомнай на любым пасадзе успыхнуўшы ярка хай страх славаслоўцу твайго о найюны ні сёньня ня знойдзе ні потым о дужы /4/

ня кідай нас Аґні ліхім на патолю ікластым ворагам о божа няшчасьцю ня кідай жадлівым жарлівым жыгучым о сільны ня здраджвай ты нас верадліўцам /5/

такі ж бо як ты о народжаны ладам апеты дарыцьме для цела затулу ад шкоды усякай ад што-нагавору ты стораж о божа ад подступаў злосных /6/

учцівых няўчцівых разрозьніўшы лёгка прыходзіш о Аґні да людзей на ежу слухмяным за ежаю будзь чалавеку бы конь націраны рупліўцамі рупна /7/

прамовілі мы дзеля бога прамовы сын Манаў даверныя дужаму Аґні здабудзьма з рушамі скарб тысячакротны хай будзе грамада насытнай і шчодрай /8/