У хатнім архіве Васіля Быкава знойдзеная аўдыёкасэта з раней невядомым ягоным творам, прычым вершаваным — калядкай. Запіс перадала ў рэдакцыю Свабоды ўдава народнага пісьменьніка Ірына Міхайлаўна.
Архіў Васіля Быкава час ад часу зьдзіўляе абсалютнымі нечаканкамі. Хіба ня дзіва вось такі хатні запіс?!
«Шчодры вечар, шчасьлівы вечар, багаты вечар, шаноўны пан. Гарыць на куце паўтузін сьвечак, Хрыстос нам сьвеціць і гоніць зман. Хрыстосу слава і славай слава, Цярпліўцам моцы ў цярпеньні дам, Галодным хлеба, убогім веры, Жыцьця і шчасьця ўсім людзям».Запіс зроблены жонкай народнага пісьменьніка Ірынай Міхайлаўнай. Яна прыгадала, што так Васіль Уладзімеравіч вырашыў павіншаваць з Калядамі свайго сябра Ўладзімера Караткевіча. І адмыслова для яго склаў гэтую калядку.
«Ён сам напісаў, ён жа там і гаворыць, што вось буду зарабляць так. Менавіта ў калядны вечар тады было».
А было гэта, па словах Ірыны Міхайлаўны, напачатку 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, калі і прыдуманая форма віншаваньня, і калядка, і тэлефонныя жарты з гэтай нагоды былі яшчэ даволі рызыкоўныя ў бязбожнай краіне. Але касэта захавала ўпэўнены голас і бадзёры сьвяточны настрой Быкава.
«Так што, калі ня будуць выдаваць, то магу пайсьці з торбай калядоўнічаць і пражыву як-небудзь, праўда?», — кажа Быкаў Караткевічу.
Далей на гэтай жа касэце мы чуем, як Васіль Уладзімеравіч чытае знакаміты кулінарны разьдзел з раману Ніла Гілевіча «Родныя дзеці».
«Што наша закусь у пашане У знатакоў застольных страў — Аб гэтым хораша ў Варшаве Адзін наш сябра напісаў. Цытую сьцісла па газэце: «Як журналіст і дыплямат Я пабадзяўся шмат па сьвеце І ўсякіх кухань знаю шмат. Але якую б вы закуску Мне ні даўмеліся назваць — За „парася па-беларуску“ Аддам любую без разваг!»Цікава, што Васіль Быкаў чытае кулінарнае адступленьне з «Родных дзяцей» у прысутнасьці аўтара. Сам Ніл Сымонавіч чамусьці адмаўляецца гэта рабіць, як ні ўгаворвае яго Ірына Міхайлаўна, што і чуваць на касэце.
Быкава: «Ніл Сымонавіч, можа вы пачытаеце? Другі кавалачак, той, што ў „Беларусі“ быў надрукаваны?»
Гілевіч: «Не, Ірына Міхайлаўна, я сёньня не ў настроі».
Мы спыталіся ў народнага паэта пра той вечар у Васіля Быкава. Ніл Сымонавіч сказаў, што бываў у гасьцях у Васіля Ўладзімеравіча ня раз, але менавіта пра гэты вечар ня памятае:
«На жаль, ніякіх удакладненьняў не зраблю, бо я ў Быкава бываў многа разоў. Гаварылі і на Каляды, і да Каляд, і пасьля Каляд. На жаль, што вось гэты дзень, калі Быкаў чытае ў маёй прысутнасьці кавалак з гэтага раману, я прыгадаць не магу».
Але тое, што знойдзены запіс гэтага чытаньня і яго могуць пачуць нашы слухачы, Гілевіча парадавала:
«Ну ведаеце, няхай слухачы трошку ўспомняць нашу кухню, пачуўшы гэтую вот застольную там гаворку. Што елі там і як было. Я вам буду ўдзячны, канечне, як я заўсёды ўдзячны ўсім, хто хоць трошку нейкім чынам падае маім сябрам, чытачам маё слова».
Гэткім чынам ўрывак пра каляднае смакоцьце Ніла Гілевіча гучыць з вуснаў Васіля Быкава.
«О, млечны дзюдзік на талерцы! Цалком засмажаны ў духу! Ягоны вобраз будзе ў сэрцы, Пакуль не стлею на труху! О, як ляжыць ён маляўніча На падагнутых капытках, Задзёршы ўгору пекны лычык З пахучай траўкай у зубах! Як той анёлачак — румяны, Са скуркай крухкаю, ядкой, І грэцкай кашаю напханы — Не абы-як — абы-якой! У кашы — яблынак мядовы Ці ўпрэлы пахкі баравік! Самлець нядоўга там, панове, Калі к раскошы не прывык! Я на прыёмах, у застольлях, Прызнацца вам, і састарэў, — А для душы сваёй раздольля Нідзе такога не сустрэў. Калі б я мог, то ў школах нашых — Каб падхапіла Польшча ўся — Прадмет увёў бы: „Як засмажыць Па-беларуску парася“!..» Што ж, знаць прыемна і ня лішне, Чым слаўны ў сьвеце родны край. Ды ты, зямляча, не за іншым, А за сабой паназірай. Вось ты ў гасьцях — і нават слоўца Табе сказаць няма калі: Вяндлінку з водарам ядлоўца Мяцеш — зараз па два скрылі! А побач — зірк! — як цуд, як казка — З каляндрай, зь перцам, з часнаком — Ляжыць вясковая каўбаска, Таксама ўвітая дымком! К таму ж падсохла на гарышчы — Дык толькі плеўка шапаціць! Умэнт кальцо з паўмэтра зьнішчыў — Адно разьятрыў апэтыт! Калі ж дапаў да вантрабянкі — Цягаць стамілася рука! Глядзіш — а ўжо кіндзюк крывяню На блюда выклалі з гаршчка! О, гэны зьверху і сысподу Наскрозь усмажаны каўбух! За чатырох змалоў — уходаў! (Хоць сам ты лічыш, што за двух.) Пасьпеў адчуць, што ўжо ня слабка І ў паясьніцы, — а на стол Тым часам едзе ў місе бабка І парай дыхае пад столь: З бакоў запечаная ў меру, У бульбе скварачкі тырчаць... — І так жа ўсьлед пайшла на зьмену — Хоць замычы — каб не маўчаць! «Усё! — сказаў. — На гэтым дзякуй!» А на абрус — нясуць бліны І к ім — мачанку-верашчаку З наборам рэбрачак сьвіных! Хвіліну выстагнаў ты моўчкі: «Дзе месца ўзяць? Патоўпіць дзе?» І неўпрыкмет на два-тры вочкі Паслабіў пас на жываце... Ужо ня здыхацца! Падпёрла - Няйначай крушня камянёў!.. А перад носам... ставяць цёрла Гарачых, тлустых калдуноў! Калдун!.. Духмяны, самавіты, У масьле ўсьмяглы, а паўзьверх — Сьмятанкай сьвежаю паліты!.. Ну, што? Ізноў глядзіш, як зьвер? І адчуваеш, адчуваеш: Няхай хоць згэтуль у труну — А не зганьбуеш, не стрываеш — Дасі прытул і калдуну! Дасі!.. І добра зробіш, браце! І не ўпікай дарма сябе! Ты за ядой — як і на працы: На малацьбе ці на касьбе! Калі на сьвеце нехта дзесьці Умее добра працаваць, — То ўмее ён і смачна зьесьці І — адпаведна — згатаваць! Таму — дастойна, без эфэкту Прымай падзяку-пахвалу — І беларускаму палетку, І беларускаму сталу! І цмокні ў ручку гаспадыні, Каб сонцам пырснула яна, І ўскінь яшчэ — а то астыне! — Ускінь на сэрца... калдуна!..»