4 снежня ладзіцца міжнародны дзень чытання паэмы Якуба Коласа "Сымон-музыка".
У гэты дзень у музеі класіка беларускай літаратуры ў Мінску адбудзецца адмысловая імпрэза. Яе пачатак прызначаны на 16-ю гадзіну.
Акрамя таго, паэма Якуба Коласа прагучыць на шасці мовах у эфіры міжнароднага радыё "Беларусь", перадае БЕЛТА. На працягу дня будуць гучаць урыўкі вядомага твору не толькі па-беларуску, але і ў перакладах — па-руску, па-ўкраінску, па-казахску, па-англійску і па-іспанску. Чытаць урыўкі з паэмы будуць як журналісты радыё "Беларусь", так і прадстаўнікі нацыянальна-культурных супольнасцяў краіны.
Дарэчы, акцыю па чытанні "Сымона-музыкі" падтрымалі за мяжой. Свой удзел у сацыяльна-культурнай акцыі пацвердзілі музеі Расіі, Літвы і Украіны, цэнтральная бібліятэка горада Валгаграда і таварыства беларускай культуры "Спадчына" з літоўскіх Друскенікаў.
Сёлета адзначаецца 90 гадоў з часу, калі "Сымон-музыка" выйшаў асобным выданнем.
Фота: fotominsk.by