У Беларусі 5 і 6 лістапада ўпершыню пройдзе маштабная канферэнцыя па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.
Упершыню на такім маштабным навуковым форуме з'явіцца магчымасць разгледзець усе аспекты гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Палітыка, эканоміка, культура — тры асноўныя вектары даследаванняў, пра якія плануецца весці гаворку. Удзел возьме больш як 140 навукоўцаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі. Толькі замежных даследчыкаў будзе больш як 40.
Адзін з арганізатараў канферэнцыі, доктар гістарычных навук, загадчык аддзела гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валянцін Голубеў сказаў "Свабодзе", што ў актуалізацыі тэмы ВКЛ на дзяржаўным узроўні няма палітычнай замовы, але вывучэнне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага сёння адпавядае дзяржаўнай ідэалогіі.
— Спадар Валянцін, чаму толькі цяпер гісторыкі збіраюцца, каб абмеркаваць ВКЛ як дзяржаву, дзе жылі беларусы? Якія былі перашкоды зрабіць гэта раней?
— Сапраўды, у Беларусі канферэнцыя па гісторыі ВКЛ ладзіцца ўпершыню. За гады незалежнасці быў толькі круглы стол па гістарыяграфіі ВКЛ — у Гародні ў 2003 годзе. За часы савецкай улады гісторыя ВКЛ, па сутнасці, не вывучалася. Калі нават і закраналіся тэмы, звязаныя з ВКЛ, то яны называліся як «Беларусь у такі і такі перыяд», але сама дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае — не называлася. Цяпер на афіцыйным узроўні мы вяртаемся да прызнання таго, што Вялікае Княства Літоўскае ёсць беларускай дзяржавай. Спробы праводзіць навуковыя мерапрыемствы па гісторыі ВКЛ у Савецкім Саюзе спыняліся, не дазвалялася гэта рабіць з ідэалагічных прычынаў.
— Ці сведчыць той факт, што дзяржаўная ўстанова, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, падымае тэму ВКЛ, пра жаданне актуалізаваць тэму ВКЛ і атаясамліваць Беларусь з гэтым дзяржаўным утварэннем, а не з усходнім суседам?
— Я б не ставіў пытанне пра тое, што калі дзяржаўная ўстанова займаецца Вялікім Княствам Літоўскім, то гэта абавязкова мае палітычны падтэкст. Інстытут гісторыі абавязаны займацца ўсімі аспектамі гісторыі Беларусі і беларускага народу. Гісторыя ВКЛ — гэта вельмі важны і самы працяглы этап нашай гісторыі. І калі мы звярнуліся да яе, то гэта значыць, што сёння ёсць такая патрэба гістарычнай навукі. Па вялікім рахунку, пра сваю ролю ў Вялікім Княстве Літоўскім ужо даўно выказаліся і літоўцы, і палякі, і расійцы. І толькі беларусы заставаліся збоку, неяк абстрагавана глядзелі на гэтае дзяржаўнае ўтварэнне. Тут былі, вядома, і ідэалагічныя прычыны для гэтага. Але мы спадзяёмся, што сёння ідэалогія на навуку не паўплывае.
— І ўсё ж ці ёсць тут сацыяльная замова? Чаму менавіта цяпер ладзіцца такая канферэнцыя?
— Вывучэнне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ўпісваецца ў схему беларускай дзяржаўнай ідэалогіі. ВКЛ было той дзяржавай, дзе беларусы ажыццяўлялі сваю дзяржаўнасць. Мы гэтага не адмаўляем. І калі канферэнцыя гэта яшчэ раз пацвердзіць, гэта будзе на карысць і ўладам, і людзям, і дзяржаве. Гэта не сацыяльная замова і не палітычная замова. Гэта акадэмічнае мерапрыемства, вынікі якога могуць быць выкарыстаныя ў тым ліку ва ўнутранай і знешняй палітыцы Беларусі.
— На канфэрэнцыі будуць замежныя навукоўцы. У якіх краінах займаюцца вывучэннем ВКЛ?
— Найбольш замежных навукоўцаў прыедзе з Польшчы. Таксама будуць з Літвы, Украіны, Расіі, Малдовы, Чэхіі. Беларускія дасьледчыкі, якіх будзе, зразумела, найбольш, — гэта супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Магілёўскага дзяржаўнага ўніерсітэта, Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
— Якая асноўная мэта канферэнцыі? Ці варта чакаць нейкіх адкрыццяў?
— Асноўная задача гэтай канферэнцыі — паглядзець на Вялікае Княства Літоўскае як на дзяржаву: у палітычным, эканамічным, сацыяльным, культурным аспекце. Мы адыходзім ад фармулёўкі пытання «беларускія землі ў часы Вялікага Княства Літоўскага» ў бок «Вялікае Княства Літоўскае як дзяржава, і якім чынам рэалізоўваліся этнасы, якія ў яе ўваходзілі».
Пленарнае пасяджэнне распачнецца 5 лістапада а 10.00 у вялікай залі Прэзідыюма Нацыянальнай акадэміі навук.
Апошнім выступоўцам у першай частцы канферэнцыі стане лідар гурту «Стары Ольса», даследчык старажытнай музыкі Зміцер Сасноўскі. Тэма ягонага дакладу — «Творчае пераасэнсаванне еўрапейскіх музычных уплываў у магнацкім і гарадскім асяроддзі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтае паведамленне будзе адбывацца ў суправаджэнні музыкі гурта.