У Мінску на Дзяды прайшло традыцыйнае шэсце ў Курапаты

1 лістапада ў Мінску прайшла акцыя, прымеркаваная да дня памяці продкаў «Дзяды». Прыкладна 300-400 чалавек узялі ўдзел у шэсці ад Мінскага гадзіннікавага завода да ўрочышча Курапаты - месца масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
 
Наперадзе калоны неслі тры крыжы, а таксама расцяжкі з надпісамі «Дзяды», «Курапаты - наш народны мемарыял», «Беларуская салідарнасць - наш супраціў расійскай акупацыі». Лунала шмат бел-чырвона-белых сцягоў.
 
Сярод удзельнікаў акцыі былі апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Віталь Рымашэўскі, Павел Севярынец, Юрась Губарэвіч, Юрась Беленькі, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык.
 
У Курапатах адбыўся жалобны мітынг.  Яго адкрыў сакратар управы КХП-БНФ Валерый Буйвал. Ён зачытаў зварот лідара партыі Зянона Пазьняка, які жыве ў эміграцыі. Мітынг у Курапатах завяршыўся выкананнем гімна "Магутны Божа", пасля чаго ўдзельнікі акцыі ўстанавілі тры крыжы, якія неслі падчас шэсця.