Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ атрымала дазволы Мінскага гарадскога і Мінскага абласнога выканаўчых камітэтаў на правядзенне 1 лістапада вулічнай акцыі, прымеркаванай да дня памяці продкаў Дзяды.
Аб гэтым паведаміў намеснік старшыні партыі Юрый Беленькі 27 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Паводле яго слоў, улады дазволілі правядзенне акцыі ў тым фармаце, які прапанавалі заяўнікі.
Збор удзельнікаў акцыі будзе праходзіць з 11.00 да 11.30 на пляцоўцы перад будынкам ТАА «Мінскі гадзіннікавы завод». З 11.30 да 14.30 адбудзецца дэманстрацыя па тратуары па маршруце: пр. Незалежнасці — вул. Каліноўскага — вул. Сядых — вул. Карбышава — вул. Гамарніка — вул. Мірашнічэнкі — Мінская кальцавая аўтамабільная дарога (падземны пераход пад МКАД да ўрочышча Курапаты). З 14.30 да 17.00 на тэрыторыі ўрочышча, дзе праходзілі масавыя пахаванні ахвяр сталінскіх рэпрэсій, запланавана правядзенне мітынгу. Заяўленая колькасць удзельнікаў акцыі — да пяці тысяч чалавек.
Беленькі паведаміў, што ў распараджэнні, падпісаным старшынёй Мінаблвыканкама Сямёнам Шапірам, утрымліваецца патрабаванне падчас мітынгу «гарантаваць ахову грамадскага парадку, медыцынскае абслугоўванне, супрацьпажарную бяспеку, належны санітарны стан месца правядзення мерапрыемства», заключыўшы адпаведныя дагаворы. Беленькі лічыць гэта патрабаванне неправамерным як з заканадаўчага, так і з маральнага пункту гледжання. е абласных улад падпадае пад артыкул 426 КК (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў), бо рашэнне пра неабходнасць аплаты паслуг павінна было прымацца калегіяльным органам, а не зацвярджацца распараджэннем старшыні.
Беленькі адзначыў, што заяўнікі акцыі звернуцца ў аблвыканкам, каб іх вызвалілі ад аплаты паслуг дзяржаўных службаў. Калі гэтага не адбудзецца, палітык мае намер звярнуцца ў пракуратуру.