Памёр пісьменнік Алесь Савіцкі

Пра смерць напісаў у сваім фэйсбуку Віктар Шніп.

«Мінулай ноччу на 91-м годзе жыцця памёр пісьменнік Алесь Савіцкі, — напісаў ён. — Ганаровы грамадзянін горада Полацка. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Нарадзіўся Алесь Ануфрыевіч 8 студзеня 1924 года. Гэта па пашпарту. А па сапраўднасці— 8 студзеня 1925. У час вайны ён паправіў сабе дакумент, каб узялі ў партызаны. З 1942 года— партызан атрада «Смерць фашызму», з 1943— камандзір падрыўной групы атрада «Бальшавік» брыгады імя Варашылава на Віцебшчыне. У 1944— 45 гг. удзельнічаў у вызваленні Літвы, Польшчы, у баях за ўзяцце Берліна. Быў тройчы паранены. Пачаў пісаць вершы яшчэ ў партызанскім атрадзе ў 1943 годзе.

Першае апавяданне «Рыбацкае шчасце» надрукаваў у 1948 годзе ў полацкай абласной газеце. Алесем Савіцкім напісана шмат цікавых твораў. Асаблівай папулярнасцю ў юных чытачоў карыстаецца аповесць-казка «Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка».

Разоў дзесяць мне давялося выступаць разам з Алесем Ануфрыевічам. Памятаецца, як гадоў дваццаць таму мы з ім ўдзельнічалі ў вялікім пасяджэнні ў АНБ Беларусі, дзе ішла размова пра сучасную літаратуру. Выступаючы, Алесь Савіцкі не толькі называў імёны тагачасных маладых творцаў, а натхнёна па памяці цытаваў вершы. Тады ён прысутных добра ўразіў, калі прачытаў верш Анатоля Сыса, бо раней усе думалі, што Савіцкі ведае творы толькі тых пісьменнікаў, якія займаюць пасады і працуюць у рэдакцыях.

З Алесем Ануфрыевічам было добра пагаварыць пра цяперашняе жыццё, паўспамінаць пісьменнікаў, якія адыйшлі ў лепшы свет. З ім не адчувалася розніца ў гадах. Ён быў маладым сэрцам і душой».