Удзячнасць БІНіМа — Ганне Запартыка

6 кастрычніка 2015 г. на ХІІІ Архіўных чытаннях, што адбываліся ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, трэці раз была публічна абвешчаная ўдзячнасць ад Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Створаны ў 1951 г. эмігрантамі-інтэлектуаламі на Захадзе Беларускі інстытут навукі і мастацтва сёння намагаецца падтрымліваць тых, хто спрыяе даследаванню і папулярызацыі тэмы беларускай эміграцыі ў грамадстве Беларусі. Дзеля гэтага ў 2013 г. была заснаваная практыка штогадовага выказвання публічнай удзячнасці асобам, якія зрабілі заўважны ўнёсак у публікацыю і папулярызацыю эміграцыйнай спадчыны. Гэткую ўдзячнасць ад БІНіМа ўжо атрымалі гісторык Алесь Пашкевіч і мовазнаўца Зміцер Саўка.

Сёлета ўдзячнасць ад БІНіМа была выказаная чалавеку, які цягам некалькіх дзесяцігоддзяў спрыяў захаванню эміграцыйнай дакументальнай спадчыны, вяртанню яе ў Беларусь, пры падтрымцы якога была заснаваная навукова-творчая ініцыятыва “Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа”, — дырэктару Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганне Вячаславаўне Запартыка.

Удзячнасць, што складаецца з сімвалічнай (талеркі з выявай эмблемы БІНіМа) і матэрыяльнай часткі, уручыла Ганне Запартыка прадстаўніца БІНіМа ў Беларусі гісторык Наталля Гардзіенка.